Вы тут

Чаму надышоў «час паладыю»?


Апошнім часам кошт паладыю рэгулярна абнаўляе рэкорды. Гэты метал даражэйшы за золата на спотавым і ф'ючарсным рынках. Днямі падчас таргоў на Лонданскай біржы металаў расцэнкі на паладый перавысілі 1600 долараў за тройскую унцыю, паведаміла Mеtаls Dаіlу. Варта мець на ўвазе, што дзесяць гадоў таму яго «вага» была меншая за 200 долараў. Як сцвярджае шэраг аналітыкаў, паладый працягне ўнушальнае цэнавае «ралі» і надалей. Прынамсі, у найбліжэйшай перспектыве. Чаму надышоў «час паладыю»?


Грамы на футбольным полі

Паладый (Рd) — адзін з найбольш рэдкіх элементаў у зямной кары. Ён адносіцца да металаў плацінавай групы і знайшоў сваё прымяненне ў вытворчасці ваеннай, аэракасмічнай тэхнікі і апаратуры грамадзянскага прызначэння. У апошнія гады ўсё часцей выкарыстоўваецца ў медыцыне. Метал і яго сплавы запатрабаваны ў вытворчасці дэталяў розных медыцынскіх прыбораў і інструментаў. Самым простым прыкладам прымянення паладыю ў названай галіне з'яўляецца вытворчасць кардыястымулятараў, асобныя дэталі якіх робяцца менавіта з гэтага каштоўнага металу.

Ювеліры выкарыстоўваюць паладый як самастойны каштоўны метал, а таксама як кампанент іншых сплаваў. Ён з'яўляецца «ўдзельнікам» лігатуры проб плаціны, а таксама практычна заўсёды прысутнічае ў якасці элемента залатых сплаваў 585-й і 750-й проб. Усім вядомае і досыць папулярнае на сённяшні дзень белае золата абавязана сваім адценнем дабаўленню менавіта гэтага хімічнага элемента.

Аднак усё ж галоўная сфера прымянення паладыю — аўтапрамысловасць. Па ўласцівасцях гэты метал вельмі блізкі плаціне і таксама ўжываецца ў каталітычных нейтралізатарах. Гэтыя прылады (у прастамоўі каталізатары) ператвараюць шкодныя для чалавека кампаненты выхлапных газаў аўто (сярод якіх — вуглевадароды, вокіс азоту, чадны газ) у параўнальна бясшкодны вуглякіслы газ і вадзяную пару. У корпусе каталізатара размяшчаецца мноства металічных або керамічных сотаў, пакрытых вельмі тонкім пластом плаціны або паладыю. Такая канструкцыя забяспечвае вялікую плошчу кантакту з выхлапнымі газамі: каталітычным пластом (плацінавым або паладыевым) на сотах можна пакрыць футбольнае поле. Пры гэтым маса каштоўнага металу ў адным вырабе не перавышае некалькіх грамаў.

На хвалях дызельгейту

Да нядаўняга часу паладый стабільна быў таннейшы за плаціну (не кажучы ўжо пра золата). Справа ў тым, што плаціна выкарыстоўваецца ў каталізатарах аўтамабіляў з дызелем, а паладый — у машынах з бензінавым рухавіком. З канца ХХ стагоддзя ў Еўропе попыт стабільна ссоўваўся з бензінавых аўтамабіляў на дызельныя: калі ў 1990 годзе на «дызелі» прыпадала 13 працэнтаў продажаў, то ў 2005-м — больш за палову. Адпаведна, плацінавыя аўтакаталізатары станавіліся больш запатрабаванымі, чым паладыевыя, і гэта адбівалася на рынкавай цане абодвух металаў. У немалой ступені папулярнасць дызельных рухавікоў, якая паступальна расла, была звязана з усеагульнай перакананасцю, што яны больш экалагічныя, чым бензінавыя.

Сітуацыя радыкальна змянілася пасля таго, як у Еўропе разгарнуўся так званы дызельгейт. У верасні 2015 года высветлілася, што кампанія Vоlkswаgеn абсталёўвае свае дызельныя аўтамабілі спецыяльнай сістэмай, якая ў дзясяткі разоў зніжала колькасць шкодных рэчываў у выхлапных газах. Прынцып быў просты: падчас правядзення тэстаў «на выхлап» у машыне ўключаліся дадатковыя нейтралізатары газаў, якія ў іншы час заставаліся неактыўнымі. Такім чынам аказалася, што ўсе расказы аўтавытворцаў пра павышаную экалагічнасць дызельных рухавікоў былі проста хлуснёй.

Урады неадкладна пачалі згортваць праграмы падтрымкі дызеляў, а аўтааматары — масава пераходзіць на бензінавыя рухавікі. У мінулым годзе ў Германіі ўпершыню з 1999 года бензінавых аўтамабіляў прадалі больш, чым дызельных, а аб'ёмы рэалізацыі дызельнага паліва ў Еўропе зрушыліся амаль на 20 працэнтаў. Адпаведна, рэзка вырас попыт на паладыевыя аўтакаталізатары, да чаго вытворцы металу былі зусім не гатовыя. У выйгрышы ад гэтага ў першую чаргу акажацца Расія. Дакладней, «Нарыльскі нікель» — найбуйнейшы вытворца паладыю ў свеце.

Барацьба за унцыю

Летась з 14 асноўных інвестыцыйных інструментаў толькі дзевяць прынеслі прыбытак. Самым правальным у 2018 годзе аказаўся біткойн, а самым прыбытковым — паладый. Пры гэтым інвестары, якія ўклаліся ў іншыя металы, засталіся ў мінусе: страты на серабры склалі 15,3 працэнта, на плаціне — 15,1, золаце — амаль 6 працэнтаў.

«Змена цэн і даступнасць фізічнага металу маюць сваёй прадумовай тое, што рынак паладыю знаходзіцца ў структурным дэфіцыце, — канстатуюць аналітыкі Jоhnsоn Mаtthеу. — Доўгатэрміновая неадпаведнасць паміж здабычай першаснага металу і прамысловым спажываннем захоўваецца». Прамысловы попыт з'яўляецца толькі адным з аспектаў, якія вызначаюць дынаміку паладыю. Уолтэр Пехавіч, выканаўчы віцэ-прэзідэнт Dіllоn Gаgе Mеtаls, адзначыў, што спекуляцыйная актыўнасць мацней, чым што-небудзь яшчэ, рухае каціроўкамі паладыю, «паколькі ўсё большая колькасць інвестараў уваходзіць у гэты тонкі і адносна невялікі рынак».

Кансалтынгавая кампанія Mеtаls Fосus заявіла, што, у той час як пастаўкі гэтага стратэгічнага каштоўнага металу з боку асноўных вытворцаў, уключаючы Расію і Паўднёвую Афрыку, не выраслі, сусветны попыт летась склаў рэкордныя 8,5 млн унцый. «Людзі змагаюцца за кожную даступную унцыю металу», — заўважыў кіраўнік аддзела гандлёвых аперацый з металамі ў BMО Саріtаl Mаrkеts Тай Вонг.

Хоць плаціна, якая з'яўляецца больш даступнай, і разглядаецца часта як магчымая замена паладыю. Спатрэбяцца дадатковыя тэхналагічныя распрацоўкі, перш чым яна зможа забяспечыць эфектыўнасць, супастаўную з каталітычнымі нейтралізатарамі на аснове паладыю, адзначыла Jоhnsоn Mаtthеу. Родый — яшчэ адна магчымая замена, але яго пастаўкі яшчэ меншыя, чым паладыю, паколькі гэты метал не таргуецца на адкрытых рынках.

Асобныя эксперты кажуць, што значны прырост паладыю — гэта інвестыцыйная «бурбалка», якая можа неўзабаве лопнуць з-за перабольшанага перавышэння попыту над прапанаваннем праз забастоўкі на шахтах і іншыя перабоі ў вытворчасці. Яны таксама сцвярджаюць, што золата можа вярнуць страчаныя пазіцыі, калі глабальная напружанасць падштурхне інвестараў да актываў-прытулку. Аднак шэраг аналітыкаў робіць стаўку на тое, што выбуховае ралі паладыю працягнецца. У аглядзе металаў плацінавай групы, апублікаваным Jоhnsоn Mаtthеу, адзначалася, што «дэфіцыт на рынку паладыю рэзка павялічыцца ў 2019 годзе, паколькі прагназуецца ўзмацненне жорсткасці заканадаўства аб выкідах, што будзе стымуляваць рост попыту двухзначнымі тэмпамі з боку еўрапейскіх і кітайскіх аўтавытворцаў». У выніку, як лічаць аналітыкі Bаnk оf Аmеrіса, сёлета кошт тройскай унцыі можа перавысіць 2 тысячы долараў, а ў сярэднім за год складзе $1800.

«Каталітычныя» зладзеі

Дэфіцыт паладыю прывёў да росквіту бізнесу па перапрацоўцы старых аўтамабільных каталізатараў. Піянерамі выступілі японцы, якія яшчэ ў нулявыя пабудавалі фабрыку па выманні платыноідаў са старых аўтакампанентаў. Іх прыклад аказаўся заразлівым: у інтэрнэце цяпер мноства аб'яў аб куплі старых каталізатараў. Ёсць у сеціве і інструкцыі аб тым, як здабываць плаціну і паладый з аўтакампанентаў у хатніх умовах. Праўда, далёка не заўсёды паведамляецца, што пры саматужных аб'ёмах гэты бізнес абсалютна нерэнтабельны — хімікаты абыходзяцца даражэй, чым атрыманыя каштоўныя металы.

Затое стабільнасць «сыравіннай базы» абяцае перапрацоўшчыкам значныя прыбыткі. Гэта, у прыватнасці, прывяло да таго, што ў заходніх краінах з'явіліся цэлыя банды, якія спецыялізуюцца на крадзяжах аўтамабільных каталізатараў. Як паведамляе Thе Wаll Strееt Jоurnаl, асабліва гэтая праблема абвастрылася ў Чыкага — у горадзе дзейнічае некалькі груп злачынцаў, якія па начах пад'язджаюць да прыпаркаваных на вуліцах аўтамабіляў і адпілоўваюць каталізатары поршневай пілой. З верасня мінулага года колькасць такіх выпадкаў лавінападобна расце і ў Лондане. Паліцыя адзначае, што знайсці «каталітычных» зладзеяў вельмі складана, паколькі яны здаюць здабычу на металалом у тых пунктах прыёму, дзе не патрабуюць прад'явіць дакументы. За адзін каталізатар там даюць 150—200 долараў.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Навыперадкі з «жоўтым д'яблам»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.