Вы тут

У Музеі гісторыі горада Мінска стартаваў праект «Арт-кава»


Днямі ў Музеі гісторыі горада Мінска стартаваў культурна-адукацыйны выставачны праект «Арт-кава». У яго рамках былі прэзентаваны адметныя рэпрадукцыі карцін беларускіх мастакоў, выкананыя ў тэхніцы «кава-арт». І месца для экспанавання гэтых карцін таксама выбрана арыгінальнае: да 20 мая іх можна будзе ўбачыць на шасці сталічных запраўках «А-100». Акрамя таго, пакупнікі кавы на любых запраўках гэтай сеткі змогуць даведацца больш пра сучасную творчасць з дапамогай матэрыялаў, даступных па спецыяльным QR-кодзе на новай серыі кававых кубачкаў, выкананых у стылі папулярных кірункаў жывапісу.


Кава як крыніца натхнення і сродак выяўленчага мастацтва — адно з адкрыццяў сучасных мастакоў. Вар'іруючы прапорцыю і канцэнтрацыю зваранай ці растваральнай кавы, аўтары ствараюць «духмяныя» шэдэўры, выкарыстоўваючы напой як альтэрнатыву звыклым акварэлі або алею.

Такім чынам, рэпрадукцыі карцін беларускіх мастакоў былі напісаны ва ўнікальнай тэхніцы «кава-арт», дзе ў якасці фарбы выкарыстоўваецца кава. Выбар арыгінальных палотнаў таксама не выпадковы: кожнае з іх прадстаўляе пэўны кірунак жывапісу — абстракцыянізм, сацрэалізм, супрэматызм, прымітывізм, экспрэсіянізм і сюррэалізм. На аўтазапраўках цяпер можна будзе ўбачыць у кававым выкананні копіі работ такіх мастакоў, як Валянцін Нудноў, Галіна Іванова, Леанід Дударэнка, Андрэй Пяткевіч, Алег Ладзісаў і Станіслаў Гурскі. Арыгіналы карцін былі абраны з прыватных калекцый і калекцыі Музея гісторыі горада Мінска.

— Падтрымка і папулярызацыя беларускага мастацтва заўсёды былі важнымі часткамі нашай дзейнасці, — адзначае дырэктар групы кампаній АЗС «А-100» Ганна Красоўская. — Мінулым летам мы рэалізавалі праект «Арт-запраўка» — выстаўку, дзе ўсе ахвотныя маглі ўбачыць 45 рэпрадукцый карцін 15 сучасных беларускіх мастакоў. Мы ўпэўнены, што праект «Арт-кава» стане незвычайным працягам гэтай цікавай гісторыі, будзе здзіўляць і цешыць нашых наведвальнікаў, збліжаць іх з родным беларускім мастацтвам.

Падчас прэзентацыі работ госці паглыбіліся ў займальную брыф-экскурсію ад экскурсавода-вандроўніка Мікіты Моніча па гісторыі беларускага мастацтва.

«Мэта гэтага праекта — пазнаёміць шырокае кола публікі з творчасцю найбольш прыкметных прадстаўнікоў беларускага жывапісу, — кажа дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава. — Музей гісторыі горада Мінска заўсёды імкнуўся ісці ў нагу з часам. І як выдатна, што дзякуючы сучасным тэхналогіям можна наблізіцца да беларускага мастацтва, проста выпіўшы кубачак кавы. Мы таксама рады, што бізнес актыўна падтрымлівае папулярызацыю культурнай спадчыны Беларусі».

Варвара ГОМАН

Загаловак у газеце: Мастацтва на кубачках кавы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?