Вы тут

Працуй пільна, і тут будуць Мальдывы


Правіла простае. Калі чагосьці вельмі хочацца, гэта трэба зрабіць. Прыйшла аднаму чалавеку ў галаву ідэя стварыць з маленькіх лямпачак гіганцкія каляровыя скульптуры, аб'яднаць іх тэматычна і вазіць па ўсім свеце як вялікі перасоўны парк — у выніку атрымаўся Фестываль гіганцкіх кітайскіх ліхтароў. А іншаму падумалася, што казку ўбачыць варта, хоць і каштуе яна нятанна (адзін квіток 16 рублёў), таму і завітаў у сталічны Цэнтральны батанічны сад, дзе цяпер размешчаны гэты фестываль. У выніку ўсе задаволеныя.


Днямі такі сад я сапраўды наведала ў Мінску — і чарговы раз пераканалася, што ўсё геніяльнае проста. Трэба толькі паверыць у пэўную ідэю і ажыццявіць яе. Фігуры звяроў, птушак, кветак, рыб, прадстаўленых у парку, зроблены са светлавых лямпачак ці чагосьці падобнага. Дададзены сюды хіба што каляровыя тканіны і яркая фарба. І вось як дарослыя з дзецьмі, так і закаханыя парачкі прагульваюцца па такіх рамантычных алеях і радуюцца навакольнай прыгажосці. Яшчэ адно прыемнае дапаўненне — запісы арыгінальных прыродных гукаў. Чуецца, як рыкаюць тыгры, ільвы, як смяюцца гіены, як ракочуць, іначай не скажаш, бегемоты.

Я ж падумала, што ідэі беларускіх брэндаў, якія могуць стаць сусветнымі, таксама дзесьці на паверхні. Нагледзеўшыся на кітайскае хараство ў беларускім садзе, я вырашыла крышку пакрэатывіць і прапанаваць ідэі айчынных цікавінак, якія маглі б стаць маштабнай дзеяй, вядомай у тым ліку прыезджым з розных краін.

Фабрыкі глазураваных сыркоў і згушчонкі

Памятаеце фільм «Чарлі і шакаладная фабрыка» з Джоні Дэпам у галоўнай ролі? У стужцы паказана мара не толькі дзяцей, але і дарослых — велізарнае прадпрыемства па вырабе шакаладу. Яго госці ходзяць ад аднаго канвеера з шакаладам да другога, ад карамелі да глазуры, назіраюць за працэсам вырабу і каштуюць. Вядома, кожны марыць аднойчы трапіць на такую фабрыку. Можа, шакаладам у наш час не надта кагосьці здзівіш. Аднак маецца ў беларусаў тое, чаго няма нідзе. Гэта глазураваныя сыркі і згушчонка. Калі ў вас ёсць замежныя сябры, то вы маглі сутыкацца з іх асаблівай любоўю да гэтых прадуктаў і з просьбамі перадаць ім дзясятак глазураваных сыркоў і скрыначку згушчонкі. Калі яны прыязджаюць сюды, іх набегі на мясцовыя крамы прысвечаны адной галоўнай мэце — набыць і з'есці як мага болей глазураваных сыркоў! Гэта ўжо сапраўдны брэнд.

Прывесці наведвальнікаў у цэхі адпаведных фабрык — такі варыянт магчымы, але ён не надта відовішчны. Але зусім іншую карціну мы б мелі, калі б пабудавалі адну насупраць адной «фабрыкі» згушчонкі і глазураваных сыркоў — напрыклад, на супрацьлеглых берагах адной ракі. І пастарацца зрабіць іх максімальна казачнымі, дэкаратыўнымі — такімі, якімі б яны выглядалі ў фільмах. Кандытараў апрануць у незвычайную, крыху лялечную форму. Пры належнай рэкламе адбою ад наведвальнікаў дакладна не будзе! Беларусь — месца прыцягненне ўсіх ласух свету і сапраўдны салодкі рай. Як вам?

Вясковы кластар

Далёка хадзіць не трэба, каб зразумець, што наш вясковы лад жыцця ў межах сучаснай глабальнай цывілізацыі з'яўляецца даволі ўнікальным. Нездарма так развіты ў нас агратурызм — усё-такі адчуваюць мясцовыя жыхары сваю адметнасць і падладжваюцца да патрэб сучаснасці. Але на гэтым вясковы патэнцыял зусім не вычарпаны.

Думаецца, добра было б стварыць вясковы турыстычны кластар, дзе будзе сабрана тое лепшае, што мы маем у вёсцы. Найперш прыгадваецца лазня па-чорнаму. Насамрэч сама я ў такой лазні ніколі не парылася, аднак хоць бы аднойчы паспрабаваць дакладна хачу. Дым выходзіць не праз комін, а валіць проста праз вокны! Можа, для кагосьці гэта і звыкла. Аднак для іншых будзе самай сапраўднай прыгодай — быццам бы пажар з дымавой заслонай, толькі нічога не згарэла, акрамя дроў, вядома ж. Вясковая ежа дакладна не пакіне абыякавым ніводнага замежніка, гэтаксама як і тутэйшага гараджаніна. На сняданак — дамашні тварог і казіны сыр, гарбата на зёлках, хатні мёд, варэнне; для асабліва галодных — кавалак дамашняга хлеба з паляндвіцай і зялёнай цыбуляй — гэта ідэальна!

Думаецца, што стомленаму разумовай працай гараджаніну і вясковая работа будзе вельмі даспадобы. Летам — перавярнуць граблямі сена ці сабраць яго ў стажок. А яшчэ вылушчыць боб, фасолю. Сплесці цыбулю ў тугую касу! Апрануць касцюм пчаляра і дапамагчы гаспадару дагледзець пчол. Збіць у драўлянай бойцы са смятаны кавалачак масла, а пасля, вядома ж, пакаштаваць яго ці забраць з сабой (незабыўнае ўражанне!). Паспрабаваць сплесці кошык ці лапці — натуральна, тут патрэбен і ўмелец, які пакажа. Маленькія дзеці могуць пакарміць курэй — жарты жартамі, але для маёй маленькай пляменніцы гэта найлюбімейшая справа ў вёсцы.

Абед абавязкова мусіць быць у чыгунку, згатавы ў печы (ніякіх газавых пліт і мультыварак!). Не так істотна, што пакласці ўнутр — кавалачак мяса з бульбай, проста фасолю, боб з цыбуляй, морквай і кропам. Поспех любой страве пры такім прыгатаванні забяспечаны. А невялічкі дамашні пірог стане проста верхам райскай асалоды!

Пасля абеду — прагулка на кані, паездка на роварах у лес, плаванне на лодцы ці проста вольны час для прагулкі па маляўнічых ваколіцах. Госці скажуць, што яны вельмі шчаслівыя! А ўвечары абавязкова раскласці цяпельца. Каб размаўляць каля яго, гледзячы ў зорнае неба. А яшчэ ў вогнішчы трэба спячы бульбу. Так-так — закаціць яе ў вуголле, якое дагарае, і своечасова дастаць. Такі спосаб прыгатавання прызнаюць вельмі незвычайным. Скрылёчкі хлеба і сала, запечаныя на прутках проста над агнём, смажаныя яблыкі і нават зефір — што яшчэ трэба для шчасця? Гэтага дастаткова.

Мосцікі цераз багну

Палессе — край неспазнаны і загадкавы. Хочацца болей даведацца яго таямніцы. І не толькі мне. Пра мосцікі цераз багну я ўжо пісала. Але вобраз гэты, зманлівы і так і не знойдзены, цвёрда засеў у галаве. Багна — гэта таямніца. І робіцца страшна, калі набліжаешся да яе. Чым не прастора для лёгкага жаху? Яго таксама любяць вандроўнікі. Натуральна, запалохваць нікога не хочацца. Але ад вострых адчуванняў і экстрыму мала хто адмовіцца. Стартаваць, напрыклад, з Пінска і плыць на пароме. Потым дабірацца на лодцы. Ну а затым — вандроўка па надзейных сцежках цераз балота — натуральна, з добрымі праваднікамі. У кожнай вандроўкі павінна быць мэта — тое, да чаго трэба ўрэшце дабрацца, адшукаць. Тады ты сапраўдны Рабінзон Круза, Індыяна Джонс, палескі Рабінзон. Чаму б сапраўды не пабудаваць дзесьці вузенькія драўляныя масткі над багнай? Такога пакуль не ўбачыш нідзе! Можа, з тэхнічнага пункту гледжання не так проста зрабіць сістэму такіх масткоў. Але, уклаўшыся ў гэта аднойчы, можна займець сапраўдную перліну айчыннага турызму. І, падаецца, рызыка, што хтосьці патоне, тут невялікая, калі рабіць вандроўкі пад наглядам праваднікоў і з наладжанай сувяззю са знешнім светам.

* * *

Зусім нядаўна думала пра тое, што, калі б мне прапанавалі на выбар умоўныя Мальдывы або паход праз беларускі лес — з леснічоўкай, сплавам на байдарцы, вогнішчам і супам з дзічыны, то розум выбірае Мальдывы, а вось сэрца дакладна больш хіліцца ў бок беларускага лесу.

Проста час нарэшце здацца — і прызнаць, што і ў саміх сябе нам ёсць што любіць, ёсць чым сябе заняць.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».