Вы тут

Сваякі брэсцкіх дэсантнікаў пазнаёміліся з побытам сваіх вайскоўцаў


На палігоне «Брэсцкі» прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй для сваякоў асабовага складу змешанага артылерыйскага дывізіёна 38-й асобнай дэсантнай штурмавой брыгады. На КП вайсковай часці сваякоў сустракаў намеснік камандзіра дывізіёна па ідэалагічнай рабоце гвардыі капітан Дзмітрый БЯЛЕЦКІ. Ахвотных пазнаёміцца з побытам салдат аказалася больш за сто чалавек. Яны дружна селі ў аўтобусы і накіраваліся на палігон.


Там гасцей чакалі не стрэльбы і вучэнні, а... канцэрт. Так вайскоўцы задалі пазітыўны настрой удзельнікам мерапрыемства, а заадно далі магчымасць сустрэцца і паболей пагаварыць. Сустрэчы і сапраўды былі цёплыя і радасныя. Мамы, таты, бабулі змаглі ўбачыцца са сваімі роднымі абаронцамі, распытаць, як іх кормяць, як ідзе служба, якія цяжкасці даводзіцца пераадольваць.

Потым удзельнікі імпрэзы ўбачылі заняткі па баявой падрыхтоўцы. Артылерысты трымалі справаздачу перад роднымі, паказвалі, чаму яны навучыліся. Гледачам прадэманстравалі баявы эпізод, былі таксама паказальныя выступленні вайскоўцаў.

Адным з важных момантаў Дня адкрытых дзвярэй, несумненна, стала сустрэча гасцей з камандзірам змешанага артылерыйскага дывізіёна. Гвардыі падпалкоўнік Вадзім РУДЗЬ адказаў на ўсе пытанні сваякоў. Найбольш іх цікавілі ўмовы пражывання, харчавання, ну і, вядома, маральна-псіхалагічная абстаноўка ў армейскім калектыве. Камандзір дывізіёна запэўніў бацькоў, што іх сыны вернуцца з арміі здаровымі, узмужнелымі, больш сур'ёзнымі і адказнымі людзьмі. Менавіта гэтаму вучыць маладога чалавека армейскае жыццё.

У другой палове дня ўсе разам елі салдацкую кашу, вельмі смачную, прыгатаваную ў палявых умовах. Было шмат усмешак, добрых слоў, цікавых сустрэч. Маці салдата тэрміновай службы Таццяна Дзмітрук сказала, што яна з'язджала з палігона са спакойнай душой:

— На пачатку службы Рамана розныя былі думкі, сумненні, асабліва пасля сумна вядомых падзей у Печах. Але нам пашанцавала. Мой сын за паўтара года сваёй службы ні разу не паскардзіўся ні на побыт, ні на адносіны ў калектыве. А тут мы самі ўпэўніліся, што нашы дзеці нармальна жывуць, як трэба навучаюцца ваеннай справе. Гэтым разам мы наведалі не стацыянарную казарму, а ваенна-палявы лагер, дзе ім даводзіцца жыць падчас армейскіх заняткаў, тут створаны даволі нармальныя ўмовы.

— У мяне падрастае яшчэ адзін сынок, — прадоўжыла Таццяна Яўгенаўна. — Калі прыйдзе час яму служыць у войску, я не буду сумнявацца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: «Усё нармальна, мама!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Люты — ад лацінскага «фебруарыс», што азначае «ачышчэнне». 

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.