Вы тут

Лясгасы Брэстчыны працягваюць нарыхтоўку гаючага напою


Бярозавы капеж становіцца першым сапраўдным званочкам прыроды аб тым, што наступіла вясна. Яшчэ ні травінкі, ні першай кветачкі на лясной глебе, а дрэвы ўжо прачнуліся ад зімовага сну, сок спяшаецца напаіць галіны і будучыя лісточкі, якія вельмі хутка распусцяцца. Сёлета зіма на Брэстчыне не вызначылася ні снегам, ні марозам, не напаіла як след зямлю вільгаццю, адзначаюць спецыялісты. Таму бярозы не надта многа соку змогуць аддаць.


На лясной дзялянцы Вулькаўскага лясніцтва Лунінецкага раёна шчыруе брыгада нарыхтоўшчыкаў. Мужчыны хутка зліваюць сок, які накапаў у мяхі за ноч. Анатоль Богдан тут за брыгадзіра. Анатоль Міхайлавіч і яго таварышы прыходзяць вясной у лясніцтва ў якасці сезонных работнікаў. Так і цяпер, наняліся на працу тыдзень таму, за дзень звычайна збіраюць да шасці тон бярозавіку.

Валерый ГРУШЭЎСКІ, ляснічы Вулькаўскага лясніцтва, гаворыць, што нарыхтоўваць сок выгадна. Гэта добры даход у бюджэт арганізацыі. А для насельніцтва ёсць магчымасць купіць карысны напой. Для гэтага можна выпісаць і аплаціць патрэбную колькасць літраў у лясніцтве, затым прыехаць на дзялянку, і спажыўцу сок нальюць проста з-пад бярозы.

Можна таксама аформіць білет і нарыхтоўваць самастойна на тых участках, якія пакажуць леснікі. Але апошняе не карыстаецца попытам у насельніцтва, бо дзялянкі тут знаходзяцца даволі далёка ад населеных пунктаў.

— У іншых лясніцтвах нарыхтоўваюць і самі людзі, — гаворыць Алена МЁРЗЛАЯ, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Лунінецкага лясгаса. — Сёлета толькі адзін выпадак парушэння зафіксавала камера назірання ў лесе. Грамадзянін, які нарыхтоўваў самавольна, аштрафаваны. Але ў цэлым людзі праяўляюць разуменне. Вядома, лепш купіць бярозавік па 15 капеек за літр і не парушаць закон.

— Вядзём нарыхтоўку крыху больш за тыдзень, — працягвае Людміла Уладзіміраўна, — ужо сабралі 380 тон. Спяшаемся, бо бярозы сёлета капрызныя, крыху сонейка больш засвеціць, і яны перастануць аддаваць сок. У мінулыя гады і соку больш было, і быў ён саладзейшы за цяперашні. Але ж год на год не прыходзіцца. Летась мы нарыхтавалі і прадалі, у тым ліку на экспарт, 650 тон. Як будзе цяпер, прагназаваць пакуль не бяруся. Асобныя лясніцтвы за дзень нарыхтоўваюць каля 20 тон.

У Брэсцкім вытворчым лесагаспадарчым аб'яднанні расказалі пра планы атрымаць 4,5 тысячы тон гаючага напою. Вядучы інжынер Уладзімір ІЛЬЮКЕВІЧ паведаміў, што прадукцыя накіроўваецца на ААТ «Савушкін прадукт», на Ляхавіцкі і Пружанскі кансервавыя заводы, Маларыцкі агароднінасушыльны камбінат, Гарынскі агракамбінат, гродзенскае прадпрыемства «АВС». Летась з Лунінца, Ганцавічаў, Пінска, Івацэвічаў 250 тон прадалі ў Літву. Сёлета пастаўкі ў ЕС таксама вядуцца. Прыкладна 600—700 тон мяркуецца рэалізаваць насельніцтву.

Гадоў восем таму давялося пісаць пра сямейныя брыгады нарыхтоўшчыкаў з Жабінкаўскага раёна. Тады Людміла і Мікалай Козічы працавалі з яшчэ адной сямейнай парай. Цяпер Козічы стварылі ўласную брыгаду, да іх далучыліся сын з пляменнікам. На асноўнай рабоце яны бяруць водпуск і перасяляюцца ў лес.

Жывуць тры-чатыры тыдні ў вагончыках, якія загадзя сюды пераганяюць. У кожным з такіх пакояў на колах стаяць ложкі, ёсць усё неабходнае для паходных гігіены і харчавання. Побач абсталяваны стол і месца для вогнішча.

— Устанеш у шэсць раніцы, — расказвае Людміла Мікалаеўна, — вакол лясная цішыня, якую перарываюць першыя птушыныя галасы. Паветра чыстае, гаючы бярозавік, змена гарадской абстаноўкі на прыроднае асяроддзе. Іншыя за экалагічны турызм такія грошы плацяць, а тут мы яшчэ зарабляем. Ну, вядома, праца не лёгкая, але ж не засумуеш.

На гэтую дзялянку прыязджаюць брастаўчане купляць сок. Кожную вясну Козічы робяць шмат здымкаў, вядуць гісторыю сваіх нарыхтоўчых кампаній, і гэтай хроніцы засталося не многа да дваццаці гадоў. Тады мы з Людмілай гаварылі, што ў альбом так просяцца радкі Язэпа Пушчы: «У вяснушках вясна сок бярозавы п'е за здароўе тваё і каханне маё...» Цяпер яны там ёсць.

І яшчэ. Людміла даўно развеяла міф, увасоблены ў «Новай зямлі», што нельга варыць клёцкі на бярозавым соку. Яна гатуе на соку ўсе стравы, яны нават не бяруць у лагер пітную ваду. Нарыхтоўшчыкі ўсім рэкамендуюць пакаштаваць чай і каву на бярозавым соку, а таксама як мага больш ужываць сок свежым.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Лунінецкі, Жабінкаўскі раёны.

Загаловак у газеце: «У вяснушках вясна сок бярозавы п'е»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Фішынг, вішынг — два кіты кіберзлачыннасці

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.