Вы тут

Не захоўвайце сакрэты навідавоку


У Брэсце ёсць крыху незвычайная скульптура. Правільней сказаць, не скульптура, а кампазіцыя. Герой-палюбоўнік лезе ў акно да каханай. Манекена ў ніжняй бялізне трывала замацавалі на карнізе. Здалёк гэты муляж вельмі нават падобны на чалавека, які ці то лезе ў акно, ці вылазіць адтуль. Гэта такі жартаўліва-маркетынгавы ход аднаго канкрэтнага прадпрыемства пад назвай «Бюро свят».


Фота: virtualbrest.by

Такім чынам супрацоўнікі фірмы па арганізацыі святочных мерапрыемстваў ажывілі гарадскую легенду, паводле якой у гэтым доме вяршылася рамантычная дзея з замужняй прыгажуняй у галоўнай ролі. Думаю, вы здагадаліся: да яе ў акно часта залазіў каханак. Стары раўнівы муж аднойчы высачыў іх і застрэліў маладога чалавека. Несуцешная жанчына атруцілася. Такая вось сумная гісторыя. Але старая як свет. Надзвычай прыгожа ўвекавечаная, напрыклад, Андрэем Вазнясенскім у тэксце да оперы «Юнона і Авось». Памятаеце: «Белый шиповник, страсти виновник, разум отнять готов...»? Фінал, дарэчы, такі ж трагічны, як у брэсцкіх закаханых.

Што зробіш? Ва ўсе вякі людзі, здаралася, употай сустракаліся, хавалі ад навакольных падрабязнасці асабістага жыцця. І хоць розныя буркатлівыя матроны розных эпох любяць паўтараць, што ўсё тайнае становіцца яўным, так бывае ў свеце далёка не заўсёды. Гісторыя сведчыць, што некаторыя ўмудраліся захоўваць сакрэты дзесяцігоддзямі. А каб знайсці хоць нейкія сляды несанкцыянаваных стасункаў, трэба было не спаць начамі, ладзіць засады, падстаўляць вуха пад дзверы, падглядваць у замочную шчыліну. Раней. Цяпер стала намнога лягчэй выведаць чужыя тайны. Бо іх пачалі хаваць... у інтэрнэце.

Калі прадзядулі з прабабулямі амаль бяскрыўдную запіску, складзеную па ўсіх законах канспірацыі, і тую хавалі далей ад цікаўных вачэй, то іх прасунутыя нашчадкі заводзяць старонку ў «сусветнай павуціне» і складваюць там асабістую перапіску, здымкі кампраметуючага або нават інтымнага характару і думаюць, што іх ніхто, ну зусім ніхто лішні не ўбачыць. Мякка кажучы, наіўныя. Не сталічны праграміст, не заакіянскі хакер, зламыснік з палескай глыбінкі, як той казаў, на раз-два ўзламаў старонку аднаго, скажам так, грамадзяніна і прачытаў ўсю яго перапіску з грамадзянкай ды яшчэ «з карцінкамі». А там была рамантычная гісторыя знаёмства, стасункаў, сустрэч. Меліся і здымкі ў розную пару года: вось першыя пралескі ў руках каханай, а там яна ледзь не па пояс у летніх рамонках, потым абое на сцежцы з жоўтай лістотай, праз нейкі час — каля зімовага вогнішча. Ну і перапіска, само сабой. Сухія паведамленні аб месцы чарговай сустрэчы, разважанні аб прачытаным у інтэрнэце, гутарка аб агульных знаёмых з ацэнкамі, абагульненнямі. Нават калі б гэтыя двое былі зусім свабоднымі людзьмі, то інфармацыя, згадзіцеся, зусім не для чужых вачэй. А калі не?

Гэтым разам электронны хуліган не задаволіўся разглядваннем ды перачытваннем чужой ілюстраванай белетрыстыкі. Ён вырашыў на ёй зарабіць. І адправіў аўтару старонкі пісьмо з пагрозай апублікаваць у інтэрнэце ўсе асабістыя матэрыялы, калі той не перакіне на электронны кашалёк круглую суму. Цяжка сказаць, у якую драму магла б выліцца апісаная гісторыя, каб праваахоўнікі не злавілі амаль што за руку палескага гора-хакера.

Але так бывае не заўсёды, наадварот, так бывае вельмі рэдка, пра што варта памятаць аматарам электронных дзённікаў. Начальнік аддзела па выкрыванні разбояў, рабаўніцтва і іншых маёмасных злачынстваў Брэсцкага абласнога УУС Андрэй Хрысцюк сказаў, што з 12 выпадкаў падобных вымаганняў у рэгіёне летась былі раскрытыя толькі два.

Што адбываецца ў іншых выпадках? Часцей за ўсё плацяць прайдзісветам. І часцей за ўсё ніхто ў міліцыю не звяртаецца. Таму сказаць, колькі падобных махінацый дзеецца на прасторах інтэрнэту, не ўяўляецца магчымым.

Я не так даўно пісала, як на прынаду махляроў трапілася жанчына постбальзакаўскага ўзросту, што хацела знайсці сваё позняе шчасце, ды толькі пераводзіла значныя сумы невядома каму, яшчэ пра дзяўчыну, якой паабяцалі бясплатны мабільны за фотаздымак топлес. Напэўна, сённяшнія мае героі пасмяяліся б з тых гераінь. Маўляў, дурніцы, добраахвотна пасылалі грошы і фота ў белы свет. Яны ж разумныя, яны захоўвалі сваю інфармацыю на закрытых старонках. Думалі, што на закрытых. Аказалася, ледзь не навідавоку ва ўсяго свету.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».