Вы тут

Рэктар БДПУ: Усё пачынаецца з настаўніка


Рэктар БДПУ пра важнасць правільнага выбару, прафесіяналізм і гатоўнасць вучыцца ў дзяцей.

«Раніцай вы вырышылі выпіць кубачак кавы. Адпілі ад яго адну шостую частку і далілі малако. Затым вы выпілі адну трэцюю частку кавы ўжо з малаком і зноў яго далілі. Выпілі палову кубачка і далілі малако. А затым выпілі ўвесь кубачак цалкам. А цяпер падумайце, чаго вы выпілі больш: кавы ці малака?» — запытаўся ў сваіх гасцей рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр ЖУК. Днямі ў вядучай педагагічнай ВНУ краіны адбылася сустрэча яе кіраўніка з выпускнікамі профільных педагагічных класаў. У апошніх была ўнікальная магчымасць атрымаць адказы на самыя актуальныя для сябе пытанні, так бы мовіць, з першых рук.

Мерапрыемства такога фармату прайшло ў БДПУ ўпершыню. З ініцыятывай правядзення адкрытай размовы з рэктарам выступілі самі навучэнцы. Свае пытанні яны адпраўлялі на сайт «Педагагічныя класы», а на сустрэчу ва ўніверсітэт былі запрошаны 30 аўтараў самых цікавых з іх — прадстаўнікі школ і гімназій з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска. Задавалі рэктару і пытанні асабістага плану...


Матэматыкам усё пад сілу

«Вы скончылі БДУ па спецыяльнасці «матэматыка». Як жыццё звязала вас з педагогікай і адукацыяй? Стаць рэктарам было вашай марай ці мэтай?» — цікавіліся госці.

— На механіка-матэматычным факультэце былі два патокі — навукова-вытворчы і навукова-педагагічны. Я абраў апошні. Некаторы час працаваў у БДУ выкладчыкам, потым паступіў у аспірантуру педінстытута, пісаў кандыдацкую дысертацыю па методыцы выкладання матэматыкі. Затым вярнуўся ў альма-матар. Ствараў Ліцэй БДУ, які сёлета адзначыць ужо сваё 30-годдзе. Гэта быў вельмі цікавы час, калі ўсё рабілася з нуля. Не было будынка для ліцэя, настаўнікаў, навучэнцаў... Мы пачыналі з фізіка-матэматычнага профілю. Але затым, калі ўбачылі, што ў нас пераважаюць сярод навучэнцаў хлопцы, сталі развіваць і гуманітарныя профілі. І сёння ліцэй — шматпрофільная паспяховая навучальная ўстанова, вядомая на ўсю краіну. Потым я сем гадоў быў рэктарам Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (цяпер — Акадэмія паслядыпломнай адукацыі). Абараніў доктарскую. 13 гадоў працаваў першым намеснікам міністра адукацыі. І вось ужо амаль пяць гадоў узначальваю БДПУ. Думаю, складана ў школьныя гады марыць стаць рэктарам ці намеснікам міністра, але я ўпэўнены, што любыя мэты дасягальныя, — падкрэслівае Аляксандр Жук. — Трэба толькі працаваць якасна і адказна. І сёння, і заўтра будуць цаніцца прафесіяналізм, таму, чым бы вы ні займаліся, рабіце ўсё так, каб вам не было сорамна. А калі чалавек слаба падрыхтаваны, то на рабочым месцы гэта вельмі хутка становіцца зразумелым.

Аляксандр Жук расказаў, што «Пріорбанк» выдзяляе дзесяць імянных стыпендый студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ. Іх выбіраюць на аснове адкрытага конкурсу. Сярод крытэрыяў — высокая паспяховасць, валоданне англійскай мовай і актыўны ўдзел у навукова-даследчай рабоце.

Чаму пашчасціла менавіта будучым матэматыкам і фізікам? Старшыня праўлення «Пріорбанка» Сяргей Касцючэнка, лічыць, што героем нашага часу павінен быць не банкір, журналіст ці міліцыянер, а педагог. Прычым настаўнікі матэматыкі і фізікі ў найбольшай ступені фарміруюць будучую эліту грамадства.

«Я сам матэматык і ведаю, што менавіта гэта дысцыпліна развівае мысленне, — дзеліцца думкамі Аляксандр Жук. — Той, хто мае добрую матэматычную падрыхтоўку, справіцца з любой задачай у любой сферы. Будучыня краіны вызначаецца чалавечым патэнцыялам. У Беларусі шмат робіцца для таго, каб настаўнікамі станавіліся матываваныя хлопцы і дзяўчаты. Футуролагі кажуць, што ў сярэдзіне ХХІ стагоддзя застануцца тры асноўныя прафесіі — настаўнік, урач і айцішнік. Але на першым месцы ўсё роўна стаіць настаўнік, усё з яго пачынаецца... Нездарма перад уваходам у галоўны корпус мы ўстанавілі да 100-годдзя ўніверсітэта скульптуру, прысвечаную першай настаўніцы.

Госці пацікавіліся: а чаму ў нас не рыхтуюць педагогаў адразу ў некалькіх адукацыйных абласцях, як гэта адбываецца ў замежных краінах, дзе адзін настаўнік можа выкладаць і музыку, і гісторыю, і фізічную культуру, і нават матэматыку?

— А вы лічыце, што матэматыка і фізкультура — дысцыпліны, якія добра спалучаюцца? — пытаннем на пытанне адказаў рэктар. — На мой погляд, з матэматыка зрабіць выкладчыка фізкультуры можна, а вось наадварот — не заўсёды. У нас ва ўніверсітэце ёсць падвоеныя спецыяльнасці «матэматыка, інфарматыка», «фізіка, інфарматыка», «хімія, біялогія», «біялогія, геаграфія», «беларуская і замежная мова» і іншыя. Але яны роднасныя. Думаю, што за чатыры гады навучання дасканала асвоіць больш чым дзве прадметныя вобласці будзе праблематычна. Але студэнты, якія добра навучаюцца, пасля другога курса могуць атрымліваць паралельна яшчэ адну спецыяльнасць.

«Лічбавыя вучні»

«А чым адрозніваецца сённяшні студэнт-першакурснік ад студэнтаў дзесяцігадовай даўнасці?» — працягвалі цікавіцца госці.

— Сваім пагружэннем у лічбавы свет. Мы адчуваемі і пазітыўны, і негатыўны ўплыў інтэрнэту на моладзь. Тэмпы развіцця інфармацыйных тэхналогій моцна змяняюць наша жыццё. Хто з прысутных ведае, што такое пэйджар? — запытаўся Аляксандр Жук. — Вы ўжо не паспелі ім скарыстацца, таму што мабільнікі вельмі хутка выціснулі пэйджары. У апошнія гады з'явіліся такія паняцці, як «лічбавае дзіця», «лічбавы вучань». Як з імі працаваць? Мы ставім для сябе мэтай падрыхтоўку «лічбавага настаўніка», які б валодаў усімі тэхналогіямі не горш за сваіх вучняў: не толькі выкарыстоўваў электронныя сродкі навучання, але і быў здольны сам іх распрацоўваць, абнаўляць, удасканальваць... Думаю, трэба арганізаваць навуковую тэму на ўзроўні краіны — даследаваць пакаленне «лічбавых дзяцей». Бо калі мы іх не разумеем, то як можам вучыць? Мы маем справу з пакаленнем, якое думае па-іншаму і па-іншаму ўспрымае інфармацыю.

Прадстаўнікі лічбавага пакалення тут жа пацікавіліся ў рэктара вядучай педагагічнай ВНУ краіны, ці адкрыты ён для новых ідэй? Ці плануецца ва ўніверсітэце адкрыць навучанне па новых педагагічных прафесіях накшталт куратара анлайн-платформы, распрацоўшчыка адукацыйных траекторый, цьютара, медыятара?

Аляксандр Жук расказаў, што ў канцы 2017 года на фізіка-матэматычным факультэце адкрыўся Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі. Ён будзе часткай «Педагагічнага STЕM-парка», які ствараецца ва ўніверсітэце. Да таго ж асновы візуальнага праграмавання і адукацыйнай робататэхнікі цяпер будуць вывучаць не толькі на фізіка-матэматычным факультэце БДПУ. Адпаведны курс сталі праходзіць і студэнты факультэтаў пачатковай і дашкольнай адукацыі. Таксама распрацоўваецца магістарская праграма па спецыяльнасці «адукацыйная робататэхніка».

Партфоліа — у дапамогу

І ўсё ж такі большасць пытанняў, якія паступілі, былі звязаны з выбарам будучай спецыяльнасці, нюансамі прыёмнай кампаніі і перспектывамі прафесійнай самарэалізацыі.

— Летась мы змаглі задаволіць на размеркаванні толькі палову заявак ад работадаўцаў, — паведаміў Аляксандр Жук. — Наймальнікі змагаюцца за нашых выпускнікоў, асабіста прыязджаюць на размеркаванне (мы іх называем «купцамі»), спрабуюць завабіць будучых педагогаў выдзяленнем жылля, льготамі на праезд у грамадскім транспарце, льготнымі крэдытамі... Паказчык замацавання маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы складае зараз 80 працэнтаў, а ў некаторых рэгіёнах ён дасягае нават 100 працэнтаў. Настаўнікі будуць запатрабаваныя заўсёды. Гэта прафесія са стабільным заробкам, гарантаваным двухмесячным летнім адпачынкам і важнай сацыяльнай місіяй.

Пра тое, як праходзіць сумоўе з выкарыстаннем партфоліа, спытаў Аляксандр Вялічка, навучэнец Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна.

— Так, у нас ужо была магчымасць пазнаёміцца са створанымі партфоліа, і мы пераканаліся ў тым, што работа над імі дапамагае адрэфлексаваць сваю педагагічную дзейнасць, правесці самадыягностыку ўласных педагагічных здольнасцяў і зрабіць усвядомлены выбар прафесіі, — канстатуе Аляксандр Жук. — Раю ўсім нашым абітурыентам не саромецца дэманстраваць свае дасягненні! Баяцца гутаркі таксама не варта. Але трэба быць гатовым растлумачыць, чаму вы выбіраеце педагагічную спецыяльнасць, прадэманстраваць валоданне паняццямі, засвоенымі на факультатыўных занятках па ўводзінах у педагагічную прафесію, і падмацаваць усё ўласнымі педагагічнымі спробамі. Партфоліа дапамагае адчуваць сябе падчас праходжання гутаркі значна больш упэўнена.

Між іншым, 30 сакавіка пройдзе дзень адкрытых дзвярэй у БДПУ. Спецыялісты факультэтаў, інстытутаў будуць адказваць на канкрэтныя пытанні па канкрэтных спецыяльнасцях, раскажуць пра паслядоўнасць дзеянняў у перыяд прыёмнай кампаніі, аб распаўсюджаных памылках абітурыентаў, дадуць канкрэтныя парады і рэкамендацыі кожнаму.

Рэктару БДПУ задавалі пытанні і ў анлайне.

Без выпадковых людзей

Сёлетніх выпускнікоў педкласаў цікавіла, а які выбар зрабілі іх папярэднікі? Ці многія вырашылі звязаць сваю будучыню з педагогікай?

У 2018 годзе адбыўся ўжо другі іх выпуск. У БДПУ прайшлі гутарку 176 выпускнікоў педкласаў, а паступіў без здачы экзаменаў на першы курс з іх 161 чалавек. Астатнія 15 — не прайшлі па конкурсе, таму што на некаторых спецыяльнасцях колькасць планавых месцаў не дазваляла прыняць усіх выпускнікоў педагагічных класаў, якія прэтэндавалі на паступленне.

Яшчэ 62 выхаванцы педкласаў не скарысталіся льготай і паступалі па выніках здачы ЦТ: 47 чалавек з іх на бюджэтныя месцы і 15 — на платныя. Такім чынам, на першым курсе ў БДПУ зараз навучаюцца 223 студэнты, якія прайшлі праз профільную падрыхтоўку яшчэ ў школе. Бал атэстата выпускнікоў педкласаў вагаецца ў межах ад 8,5 да 9,9 бала, 11 з іх узнагароджаны залатым (сярэбраным) медалём.

Калі паглядзець сітуацыю па краіне, то з 2210 выпускнікоў профільных педагагічных класаў на педспецыяльнасці пайшлі каля 30 працэнтаў ад агульнай колькасці.

— Я лічу, што гэта нядрэнная лічба. Быць настаўнікам — адна з найскладанейшых задач, і добра, калі ў старшакласнікаў яшчэ ў школе ёсць магчымасць праверыць правільнасць свайго выбару, — разважае Аляксандр Жук. — Не канстатаваць на трэцім-чацвёртым курсе, што ты памыліўся, а пераканацца ў сваіх здольнасцях і схільнасцях яшчэ падчас першых педагагічных спробаў, здзейсненых у школе. У педагогіцы не патрэбныя выпадковыя людзі... Сутнасць нашай прафесіі не проста ў трансляцыі ведаў. Гэта высокая місія і гатоўнасць вучыцца ўсё жыццё разам з дзецьмі і ў дзяцей. Гэта не праца на канвееры, а штодзённая работа з людзьмі. Матывацыя да прафесіі — гэта, напэўна, самае важнае. І педагагічныя класы — наш падмурак.

Між іншым, студэнты БДПУ сфармулявалі 50 прычын, чаму яны любяць сваю ВНУ. Сярод іх былі, напрыклад, такія: «Ва ўніверсітэце выдатная сталовая са смачнай ежай і дружалюбным касірам», «Студэнты БДПУ жывуць у найлепшых інтэрнатах Мінска», «У нас сучасны басейн», «Свая сучасная трэнажорная зала», «Выпускнікі БДПУ становяцца вядомымі, як, напрыклад, Алесь Мухін», «У ВНУ бясплатны WіFі», «У БДПУ студэнты адчуваюць сябе шчаслівымі»...

Напрыканцы адкрытай размовы Марыя Бяздольная, вучаніца сталічнай сярэдняй школы № 54 задала рэктару пытанне: «Я вучуся ў 11-м класе. У школе ў мяне заўсёды добры настрой. А з якім настроем прыходзіце на работу вы?»

— Для педагога вельмі важна, з якім настроем ён ідзе да сваіх выхаванцаў, — падкрэсліў Аляксадр Жук. — І бадзёры настрой кіраўніка абавязкова перадаецца яго камандзе, а гэта ўжо палова поспеху справы. Я сваю работу вельмі люблю, таму і настрой у мяне заўсёды добры. Да таго ж кожны дзень распачынаю з плавання: а сёмай гадзіне раніцы — я ва ўніверсітэцкім басейне, а ў восем гадзін — ужо на сваім рабочым месцы. Паверце, што заровы лад жыцця і сістэматычныя заняткі спортам акрыляюць. Нездарма ва ўніверсітэце вельмі шмат увагі надаецца гэтай тэме: сумесныя велапрабегі, заплывы, марафоны, у якіх удзельнічаюць і выкладчыкі, і студэнты, і вучні педкласаў (тры пакаленні), сталі ўжо нашай добрай традыцыяй...

Будзь у курсе!

Права паступаць на педагагічныя спецыяльнасці ёсць толькі ў тых выпускнікоў педагагічных класаў, хто мае па ўсіх прадметах у атэстаце адзнакі ад 7 да 10 балаў, а па профільных прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, — не менш як 8 балаў. Да таго ж вучні павінны атрымаць разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі для паступлення.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».