Вы тут

Як становяцца вясельным рэгістратарам


У 22 гады Валерыя Крапасная не толькі шчаслівая сама, але і дорыць гэта пачуццё шматлікім парам нашай краіны. Яна — вясельны рэгістратар. Аб тым, як зрабіць уступленне ў шлюб яркім і запамінальным, наша суразмоўніца расказала ў інтэрв'ю.


— Здзіўлюся, калі скажаце, што стаць вясельным рэгістратарам было марай...

— Такое жаданне з'явілася толькі ў 20 гадоў. У гэтым узросце я выходзіла замуж, і падчас планавання і арганізацыі ўрачыстасці мне былі цікавыя ўсе тонкасці справы: як упрыгожваць залу, якія вобразы будуць выглядаць больш удала, якая музыка спадабаецца гасцям. У галаве ўзнікла думка аб тым, што хачу вывучыцца на вясельнага рэгістратара. Трэба сказаць, што гэтая сфера дзейнасці толькі набірае папулярнасць у нашай краіне, і людзей, якія прафесійна навучаюць майстэрству правядзення цырымоніі, няшмат. Тады я запісалася на курсы да дзяўчыны, якая праводзіла маё ўласнае вяселле. За кароткі прамежак часу мы паспелі многае: пісалі сцэнарыі, рабілі пастаноўкі, разыгрывалі розныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць падчас цырымоніі. Нават былі гледачы, якія нас ацэньвалі!

— Вы скончылі факультэт міжнародных адносін БДУ па спецыяльнасці «Сусветная эканоміка». Чаму такі выбар? Ён не вельмі стасуецца з творчым заняткам, які ёсць у вас цяпер.

— Заўсёды была ўпэўнена: мая работа будзе падобнай на тую, якой займаюцца бацькі. Збольшага гэта апраўдалася: тата працуе ў сферы грузаперавозак, а я — транспартны экспедытар. Нечакана, праўда? Рада, што магу сумяшчаць дзве работы. Са студэнцкіх гадоў прывыкла: шмат руху і працавітасці — шмат перамог.

— Чым выязныя вясельныя цырымоніі адрозніваюцца ад рэгістрацый шлюбаў, якія праводзяцца ў загсе?

— Перш, чым праводзіць выязную рэгістрацыю, трэба ўзаконіць свае стасункі ў апошнім. Вясельныя цырымоніі ладзяцца для таго, каб зрабіць свята арыгінальным, а важныя моманты — запамінальнымі. На маю думку, рэгістрацыя шлюбу — самая важная частка вяселля, бо ад таго, які тон задасць рэгістратар, як сябе будуць адчуваць маладыя, залежыць агульны «настрой» свята. Пары, якія звяртаюцца да мяне, загадзя тлумачаць, што яны хацелі б бачыць у маёй прамове, дзеляцца сваёй гісторыяй кахання. Некаторыя хочуць, каб было максімальна кранальна, каб усе плакалі, а хтосьці, каб былі жарты і смех. Я заўсёды адпраўляю загадзя напісаны мною сцэнарый маладым. Аднак некаторыя пары, наадварот, просяць гэтага не рабіць, каб у дзень цырымоніі захоўвалася інтрыга.

— Ці ёсць партрэт ідэальнага вясельнага рэгістратара?

— Гэта прафесія прадугледжвае пастаяннае ўзаемадзеянне з дэкаратарамі, арганізатарамі, стылістамі або гасцямі. Таму важна быць адкрытым і ўпэўненым у сабе. Вядома, без любові да сваёй справы працаваць немагчыма. Бывае, прыязджаеш на месца правядзення цырымоніі, а там мэбля не так расстаўлена або элементы дэкору не таго колеру. Трэба ўмець хутка арыентавацца і выпраўляць хібы. Таксама важнае пачуццё стылю — гэта тое, што вызначае добрага вясельнага рэгістратара. Пад кожную цырымонію заўсёды падбіраю індывідуальны вобраз, які загадзя паказваю маладым. У асноўным яны давяраюць мне на сто працэнтаў, бо бачаць у маім профілі Іnstаgrаm, як я выглядаю і што апранаю. Некаторыя нявесты дрэнна ставяцца да таго, калі я хачу надзець белую сукенку — просяць гэтага не рабіць.

— Вы самі плануеце графік правядзення вясельных рэгістрацый?

— Занятак добры тым, што яму можна прысвячаць колькі заўгодна часу. Радуе, што папулярнасць выязных вясельных цырымоній у Беларусі з кожным годам павялічваецца. Дарэчы, акрамя дзённых рэгістрацый ёсць вячэрнія. Многія не ведаюць, у чым розніца. Растлумачу: днём я гавару прамову, маладыя даюць клятву, а пасля адбываецца абмен пярсцёнкамі. Увечары ж з'яўляецца больш свабоды: можна праводзіць традыцыйныя абрады, пускаць феерверкі, рабіць атмасферныя фатаграфіі.

— Ваша праца заключаецца толькі ў тым, каб напісаць класны сцэнарый?

— Не зусім так. Пасля знаёмства мы разам з маладымі сустракаемся некалькі разоў, каб абмеркаваць важныя дэталі ўрачыстасці. Па жаданні пары робім папярэднюю рэпетыцыю цырымоніі. Я з задавальненнем праводжу выязныя рэгістрацыі на некалькіх мовах: рускай або беларускай і англійскай. Калі ж папросяць «ненадоўга» загаварыць на турэцкай ці іспанскай — адмоўлюся. Не люблю быць няўпэўненай у сваім прафесіяналізме. Я заўсёды за тое, каб рэгістрацыі праводзіліся ў незвычайных месцах. Напрыклад, нядаўна такім стала футбольнае поле «Барысаў-Арэна».

— Ці часта падчас цырымоній з'яўляюцца непрадбачаныя праблемы? Як іх вырашаеце?

— Часам дыджэй уключае не тую музыку ці не ў той момант. Калі на ўрачыстасці прысутнічаюць маленькія дзеці, іх паводзіны непрадказальныя. Можна колькі заўгодна рэпеціраваць з імі вынас пярсцёнкаў маладым — у іх свае думкі і дзеянні на гэты конт: могуць пайсці ў іншы бок або стаць побач з парай, пазіраваць і ўсміхацца. Таксама галоўны вораг ці добры саюзнік на выязной цырымоніі — гэта надвор'е. З маладымі мы заўсёды плануем «запасное» месца, куды можна хутка перамясціцца. Быў выпадак, калі праводзіла цырымонію пад ліўнем. Для людзей, якія працуюць з тэхнікай, гэта цяжка. Але ўсё прайшло добра.

Некалькі разоў я была на вясельных цырымоніях з высокай тэмпературай, але зрабіла ўсё, каб ніхто гэтага не заўважыў. Адзіная ўмова, па якой усё можа не скласціся, — калі садзіцца голас.

Цікава, што самыя адказныя пары пачынаюць браніраваць дату за год. За ўвесь час, колькі я працую, у мяне ні разу не адмянялі бронь.

Дарэчы, сярод знаёмых і родных яшчэ ніхто не прасіў мяне правесці ім вясельную цырымонію, і, шчыра кажучы, я доўга сумнявалася б, ці пагаджацца. Справа ў тым, што я вельмі эмацыянальная і без слёз вымавіць прамову наўрад ці змагла б.

— Ад вас зыходзіць магутная прыемная энергетыка! У гэтым дапамагае любімая работа?

— Калі ў тваім асяроддзі шчаслівыя людзі, сам становішся такі. Ніколі не пакутавала ад дакучлівых думак аб прызначэнні ў жыцці або чымсьці іншым — проста рухалася да сваіх мэт. Працавала на цікавых работах, шмат падарожнічала, будавала гарманічныя адносіны. Кожны так можа, было б жаданне!

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Распарадчык... шчасця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».