Вы тут

Смецце здольнае прыносіць прыбытак


У Наваполацку ёсць прадпрыемства, якое збірае і перапрацоўвае другасныя рэсурсы. Цікава, што першымі ў вобласці, другімі ў краіне тут пачалі ўсталёўваць заглыбленыя кантэйнеры для смецця, якія можна ўбачыць і ў ЕС. У Віцебскім аблвыканкаме, улічваючы добры вопыт Біямехзавода бытавых другасных рэсурсаў, даручылі прадпрыемству збіраць смецце і ў Полацкім раёне. Чым ужо і займаюцца. А ў найбліжэйшай перспектыве будуць рабіць гэта ў Расонскім і Ушацкім раёнах. Тым больш што ёсць нагода — стварэнне першага міжраённага палігона для цвёрдых бытавых адходаў. Яшчэ больш цікава, што, акрамя вырабу пластыкавых «паўфабрыкатаў», у Наваполацку з другасных рэсурсаў навучыліся рабіць тратуарную плітку і бардзюр.


Заглыбленыя кантэйнеры для смецця ў дварах горада.

На вытворчым камунальным унітарным прадпрыемстве цікавы вопыт для пераймання напярэдадні Дня камунальніка вывучаў наш карэспандэнт.

Карысныя бактэрыі

У Наваполацку, адным з самых маладых гарадоў краіны, зборам смецця займаюцца дзве арганізацыі. Спецаўтабаза адказвае за чысціню каля гарадскіх аўтадарог і ў парках, скверах — усюды па-за дварамі. І плюс — смеццевы палігон знаходзіцца на іх балансе. А прадпрыемства «Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў» збірае цвёрдыя бытавыя адходы ў жылым сектары. Абслугоўвае таксама юрыдычных асоб.

— Стварэнне завода пачалося ў 2003-м. Тады ў Беларусі яшчэ абмяркоўвалі неабходнасць збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. Доўгі час заняло будаўніцтва нашага прадпрыемства — на базе будынкаў (фактычна каркасаў) вучэбна-вытворчага комплексу былога будаўнічага трэста. Далей было набыццё, запуск неабходнага абсталявання. Фінансаванне вялося з гарадскога бюджэту пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, — расказвае выконваючы абавязкі дырэктара вытворчага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў» Сяргей Вялюга.

Фактычна завод увялі ў эксплуатацыю ў снежні 2010-га. Тады і пачаліся збор, вываз цвёрдых камунальных адходаў на завод для сартавання і біямеханічнай апрацоўкі. Пасля сартавання пластмасы ў спецыяльным сховішчы бактэрыі з'ядаюць арганічную частку смецця. Дарэчы, арганіка пасля «апрацоўкі» бактэрыямі — кампаставаная сыравіна, прыдатная для абвалавання і перасыпкі на палігоне слаёў цвёрдых камунальных адходаў.

Як у Еўропе

— У 2017-м мы засвоілі новы метад захоўвання камунальных адходаў, калі быў усталяваны першы заглыблены кантэйнер. На сёння ў горадзе каля пяцідзесяці заглыбленых кантэйнераў і больш за дваццаць наземных. Апошнія знешне не адрозніваюцца ад «сабратаў». Толькі аб'ём меншы — тры «кубы», а падземнага — пяць метраў кубічных. Іх усталёўваем там, дзе ёсць складанасці з правядзеннем падземных работ з-за камунікацый. Кантэйнеры вырабляюцца ў Беларусі і Расіі. Усе выкарыстаныя матэрыялы, тэхналогіі і абсталяванне адпавядаюць сучасным еўрапейскім узорам. Корпус кантэйнера мае суцэльналітую канструкцыю і зроблены з трывалага поліэтылену, — працягвае кіраўнік прадпрыемства.

Фінансуецца ўсталяванне за кошт сродкаў дзяржаўнай праграмы, распрацаванай для камфортнага жылля, і нацыянальнага аператара другасных рэсурсаў.

Суразмоўца прызнаўся, што некаторым жыхарам спачатку не вельмі спадабалася новаўвядзенне. Скардзіліся, што нязручна адчыняць века кантэйнера, выказвалі асцярогу, што ўнутр можа ўпасці дзіця, пра верагоднасць пажару з-за, напрыклад, непагашанай цыгарэты...

З людзьмі праводзілі тлумачальную работу. І з часам новапалачане ацанілі зручнасць.

Цікава, дарэчы, назіраць, як «кішку» са смеццем дастаюць пры дапамозе крана і загружаюць новы «мех». Ёсць і кантэйнерныя «блокі», якія цалкам вывозяцца на платформах...

Вопыт вывучалі на месцы падчас калегіі Міністэрства ЖКГ і семінара для работнікаў сістэмы камунальнай гаспадаркі. Дарэчы, такі паказчык, як збіральнасць другасных матэрыяльных рэсурсаў, у Наваполацку самы высокі на Віцебшчыне — каля 42 кілаграмаў у год на чалавека. Працэнт адходаў, якія адбіраюцца з ДМР, — 18,4 %, на ўзроўні абласнога.

Пагрузка спрасаваных пластыкавых другасных рэсурсаў.

КПП стацыянарныя і на колах

У Наваполацку завод арганізаваў і дзейнасць комплексных прыёмных пунктаў.

Цяпер у нафтаградзе пяць стацыянарных КПП, у тым ліку адзін — на тэрыторыі прадпрыемства. Ёсць і два перасоўныя, якія ездзяць у тым ліку па садаводчых таварыствах і гаражных кааператывах. Абслугоўваюць і Полацк. Прымаюць макулатуру: кардон, часопісы, газеты. Людзі ахвотна здаюць і поліэтыленавую плёнку, напрыклад, дачнікі, калі змяняюць на цяпліцах на новую. Купляюць і адходы шкла ў любым выглядзе. Пры гэтым, калі грамадзянін робіць сартаванне бутэлек па колеры, ён атрымлівае больш грошай.

— А вось ПЭТ-бутэлькі на КПП не прымаем: з-за вялікага аб'ёму няма месца для часовага захоўвання. Паўтаруся, гараджане навучыліся дастаткова добра сартаваць іх у кантэйнеры для асобнага збору. Усяго па горадзе, акрамя згаданых, каля 1300 кантэйнераў — для асобнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. І гэта на 107 тысяч насельніцтва.

Прымаем адходы іншых пластмас. Напрыклад, розную тару. У прыватнасці, каробкі ад розных напояў. Нарыхтоўваем і каністры любога аб'ёму: ад алеяў да растваральнікаў.

Купляем і флакончыкі ад бытавой хіміі, харчовай прадукцыі. Ад кетчупаў, напрыклад, мыйных сродкаў, шампуню, касметыкі... Забіраем бытавую электронную і электрычную тэхніку: халадзільнікі, тэлевізары, газавыя пліты, пральныя машыны, фены, прасы і гэтак далей — усё, што ўтыкаецца ў разетку. Канешне, і за гэта плацім, на вуліцу толькі трэба вынесці, — канстатуе суразмоўнік.

На чатыры раёны...

Упершыню ў Віцебскай вобласці ствараецца міжрэгіянальны палігон для захоўвання смецця. Гэта дазволіць закрыць дзясяткі міні-палігонаў. Новы размесціцца пад Полацкам. Завод, акрамя Наваполацка і Полацкага раёна, будзе нарыхтоўваць сыравіну ў суседніх Расонскім і Ушацкім. Адпаведнае рашэнне прынялі ў Віцебскім аблвыканкаме. Выпадак унікальны.

— Гэта дазволіць аптымізаваць выдаткі, наладзіць больш эфектыўны збор смецця, адбор другасных матэрыяльных рэсурсаў. Летась разам з полацкім смеццем апрацавалі каля 220 тысяч кубоў. Прырост склаў прыблізна 80 працэнтаў. Пасля далучэння тэрыторый яшчэ двух раёнаў выйдзем на аб'ём больш за 500 тысяч кубаметраў у год. Павелічэнне дазволіць на поўную загрузіць прадпрыемства сыравінай, — разважае Сяргей Вялюга.

Канешне, арганізацыі, якая раней абслугоўвала малады горад, цяжкавата працаваць у нязвыклых абставінах, на мясцовасці, якая яшчэ не вельмі дастаткова вывучана. Бывае, людзі скардзяцца на тое, што нясвоечасова вывозяць смецце. Але выконваючы абавязкі кіраўніка ўпэўнены, што з часам усё наладзіцца.

— У Наваполацку, напрыклад, няма прыватнага сектара, у Полацку — наадварот, такога жылля нямала. Плюс там ёсць аднакватэрныя і двухпавярховыя дамы, дзе нязручна аказваць паслугу па вывазе цвёрдых камунальных адходаў.

Там, дзе вузкія вуліцы, не ўсюды могуць праехаць аўто для зборкі смецця з так званай задняй загрузкай. Усяго, дарэчы, у нас разам з полацкімі машынамі, якія нам перадалі, больш за 40 грузавікоў спецыяльнага прызначэння. Ёсць шмат сучасных смеццявозаў і звычайныя параўнальна невялікія па габарытах МАЗы. У Полацкім раёне, які нам перадалі для абслугоўвання, больш за 400 вёсак. Сярод іх каля 40 — ужо нежылыя. Больш за сто — да 10 чалавек і больш... Усё давялося арганізоўваць па-новаму — пад сваю спецыфіку. Працэс станаўлення не скончаны, ды яшчэ паралельна прыйдзецца вывучаць два згаданыя раёны, — працягвае кіраўнік.

Выконваючы абавязкі дырэктара вытворчага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў» Сяргей Вялюга.

«Элементы гарадскога дэкору»

Тут вырабляюць так званую пластыкавую флексу, якую прадаюць у Беларусі і на экспарт у Расію — да 20 тон у месяц, — для перапрацоўкі і вытворчасці новых вырабаў.

Робяць на заводзе плітку і бардзюры. Між іншым, гэтыя «элементы гарадскога дэкору» — вельмі надзейныя пры перападах тэмператур. У прыватнасці, калі звычайная бетонная плітка пакрываецца льдом, пластыкавая — наадварот. Зразумела, пластык — ідэальны матэрыял і супраць вільготнасці, таму такая плітка і бардзюры даўжэй захоўваюць свае якасці. Яны вагой значна меншыя, ды і цана адрозніваецца ў бок памяншэння.

Пакуль завяршаецца ўзгадненне ўсіх неабходных дакументаў. У планах — выкарыстоўванне будаўнічых канструкцый уласнай вытворчасці для добраўпарадкавання тэрыторый каля смеццевых бакаў. Атрымліваецца двайная выгада. Аналагічнае ўжо паспяхова практыкуецца ў Гомелі. Але там больш пашырана вытворчая лінейка ўласнай прадукцыі.

Што датычыцца вынікаў дзейнасці прадпрыемства, то працуе яно з рэнтабельнасцю каля 3 % у год. У штаце каля 200 чалавек. Сярэдні заробак набліжаецца да 780 рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Смецце прыносіць прыбытак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».