Вы тут

Спіс безрэцэптурных лекаў зменшылі


Мінздраў падрыхтаваў праект новага пераліку безрэцэптурных лекавых сродкаў. І без таго кароткі іх спіс значна зменшыўся.


— Адно са знакавых змяненняў — ліквідаванне нормаў водпуску лекавых сродкаў, якія былі ўведзены ў 2012 годзе: не больш за 50 доз таблетак, дражэ, капсул, пасцілак, гранул, парашкоў ці не больш за адну ўпакоўку, якая змяшчае 50 доз, і не больш за дзве ўпакоўкі іншых лекавых формаў, — адзначае начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Наталля Малашка. — Нормы водпуску захаваліся толькі для асобных прэпаратаў: спірта- і фенабарбіталзмяшчальных (карвалол, настойка глогу, валяр'яну і інш.), леваноргестрэлуміфепрыстону, перманганату калію.

Затое цяпер па рэцэпце будуць прадаваць большасць ін'екцыйных сродкаў, уключаючы алфлутоп, актавегін, солкасерыл і лідакаін.

Рэцэптурнымі стануць таксама глюкакортыкастэроіды для інгаляцыйнага і інтраназальнага прымянення. У спісе — і камбінаваныя аральныя кантрацэптывы, за выключэннем сродкаў для экстраннай кантрацэпцыі. Па рэцэпце будуць прадаваць і інгібітары 5-альфа-рэдуктазы (фінастэрыд і дутастэрыд). Спатрэбіцца рэцэпт і для некаторых імпартных вочных кропляў, якія з'яўляюцца спалучэннем антыбактэрыяльнага кампанента з глюкакортыкастэроідамі і не маюць айчынных аналагаў.

Скарацілі і пералік безрэцэптурных антыбіётыкаў. Цяпер без паходу да ўрача можна будзе набыць толькі амаксіцылін, а таксама яго ж з дабаўленнем клавуланавай кіслаты, ампіцылін і даксіцыклін.

— Рашэнне аб водпуску па рэцэпце большасці ін'екцыйных прэпаратаў абумоўлена тым, што пачасціліся выпадкі сур'ёзных непажаданых рэакцый — аж да анафілактычнага шоку, — растлумачыла Наталля Малашка.

Калі новая рэдакцыя ўступіць у сілу, пакуль невядома.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.