Вы тут

Знос аднаго пустуючага дома абыходзіцца ў сярэднім у 1,5 тысячы рублёў


Нятанна, аднак. Знос адной старой пабудовы разам з добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў сярэднім абыходзіцца ў 1,5 тысячы рублёў

З пачатку года ў Гомельскай вобласці ўцягнута ў сельскагаспадарчы абарот больш за 60 гектараў зямель, якія вызваліліся пасля зносу старых і пустуючых будынкаў. Летась — 710 гектараў такіх зямель. Па словах старшыні Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярыны Зенкевіч, выяўленне пустуючых і старых будынкаў у рэгіёне носіць сістэмны характар:


— Сёлета на Гомельшчыне 42 такія дамы зняты з уліку без зносу — у іх уласнікі навялі парадак. Ужо ў гэтым годзе было знесена 311 старых і пустуючых дамоў. Летась —
2,5 тысячы. А з 2012 года — каля 17 тысяч. Гэта работа адбываецца пастаянна. У наш час у абласным банку даных знаходзіцца звыш пяці тысяч такіх пабудоў.

Між тым сярэдні кошт зносу аднаго домаўладальніцтва з добраўпарадкаваннем тэрыторыі складае 1,5 тысячы рублёў. Пасля зносу праблемных пабудоў выконваецца рэкультывацыя вызваленых зямель. На гэтых плошчах праводзяцца работы для будучага выкарыстання ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Акрамя таго, там з'яўляюцца дзіцячыя, спартыўныя гарадкі і зоны адпачынку.

Работа са старымі і пустуючымі дамамі з'яўляецца важным элементам добраўпарадкавання населеных пунктаў. Навядзенне парадку на зямлі праводзіцца ва ўсіх раёнах вобласці планамерна. Яно ўключае і азеляненне населеных пунктаў, мастацка-эстэтычнае афармленне, навядзенне парадку на сельскагаспадарчых землях, на тэрыторыях арганізацый і прамысловых прадпрыемстваў, прысядзібных участках...

Многія мерапрыемствы па навядзенні парадку праходзяць па ініцыятыве дэпутатаў Саветаў розных узроўняў. Добраўпарадкаваннем актыўна займаюцца ўсе жыхары рэгіёна. Летась на Гомельшчыне прайшло 1,5 тысячы суботнікаў, сёлета адбудзецца не менш. Першачарговая ўвага — навядзенню парадку ў месцах масавага адпачынку, у парках, скверах, на дзіцячых пляцоўках. Не будуць забыты і месцы пахаванняў, у тым ліку мемарыяльныя.

Узаемадзеянне дэпутатаў розных узроўняў і тэрыторый і кіраўнікоў, спецыялістаў службаў, арганізацый, ведамстваў дапамагае выявіць новыя рэзервы для павышэння эфектыўнасці дзейнасці. Праводзіцца работа па напаўненні адзінага пераліку аб'ектаў, дзе неабходна прыняць меры па навядзенні парадку. Для вызначэння кропкавага месцазнаходжання аб'екта выкарыстоўваюцца сучасныя картаграфічныя матэрыялы. Электронная версія адзінага пераліку дазваляе спецыялістам розных структур аператыўна апрацоўваць яе і падтрымліваць у актуальным стане.

Згодна з новым 357-м Указам Прэзідэнта прасцей стала купіць пустуючыя і старыя дамы. Мясцовыя органы ўлады атрымалі шырокія магчымасці па выкарыстанні безгаспадарных пабудоў. Максімальна спрошчаны працэдуры па рэалізацыі такой нерухомасці. Напрыклад, сельсаветы зараз могуць прадаваць пустуючыя і старыя будынкі, не афармляючы на дом поўны пакет дакументаў, напрамую, без аб'яўлення аўкцыёну. Не прыйдзецца вышукваць грошы і на тэхнічную дакументацыю — афармляць яе будзе ўжо новы гаспадар. Пры гэтым указ прадугледжвае максімальную абарону законнага ўласніка. Калі дом прадалі, то ён можа прэтэндаваць на выплату той грашовай сумы, за якую гэты дом быў прададзены. А калі ён быў да таго моманту знесены, то на пакрыццё вартасці.

Двойчы на год спецыяльныя камісіі на Гомельшчыне абследуюць вуліцы гарадоў і вёсак, выяўляючы старыя і пустуючыя дамы. Яны знаходзяць іх гаспадароў і сумесна вырашаюць будучы лёс праблемных будынкаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.