Вы тут

Лідарам інтэрнэт-гандлю ў нашай краіне становіцца кітайская пляцоўка


Аб гэтым паведаміў кіраўнік маркетплэйса Dеаl.bу Максім Марыніч на найбуйнейшай штогадовай канферэнцыі па электроннай камерцыі ў Беларусі Е-соmmеrсе Dау.


За год тавараабарот у е-камерцыі павялічыўся на 20 %

Па звестках найбуйнейшай гандлёвай інтэрнэт-пляцоўкі краіны, летась мы выдаткавалі на тавары і паслугі ў сеціве на 20 % больш, чым год таму — 1,352 млрд рублёў (643,8 млн долараў). А вось доля інтэрнэт-гандлю ў рознічным тавараабароце краіны склала 3 %. Для параўнання: у суседніх Расіі і Украіне гэты паказчык ужо роўны 5 % і 7 % адпаведна. Эксперты прагназуюць, што сёлета беларускі рынак е-соmmеrсе працягне расці. Асноўны рост забяспечыць узмацненне канкурэнцыі сярод гульцоў, яна стымулюе іх паляпшаць якасць сэрвісу і прыцягваць больш кліентаў.

Электронныя пакупкі робіць палова беларусаў

Паводле даследавання е-dаtа.bу, за год колькасць беларусаў, якія здзяйсняюць пакупкі ў інтэрнэце, павялічылася на 4 %. У перыяд з сакавіка мінулага года да сакавіка 2019-га 49 %, ці 4,7 млн, жыхароў краіны купілі нешта анлайн. Больш за ўсё такі шопінг папулярны ў Мінску і Мінскай вобласці. У цэнтральным рэгіёне каля 37 % жыхароў рэгулярна купляюць у сеціве. Найменш распаўсюджаныя інтэрнэт-пакупкі ў Гродзенскай вобласці: там такімі е-крамамі карыстаюцца 22 % насельніцтва.

Часцей за ўсё мы з вамі здзяйсняем анлайн-пакупкі ў лакальных інтэрнэт-крамах: на айчынным рынку закупляюцца 90 % з тых, хто наогул купляе нешта анлайн. На другім месцы — інтэрнэт-крамы Кітая, там здзяйсняюць пакупкі 74 % беларускіх інтэрнэт-пакупнікоў. Далей ідуць е-крамы ЗША, Расіі і Польшчы: за апошні год у іх куплялі 5 %, 3 % і 3 % інтэрнэт-пакупнікоў адпаведна. Больш за 17 % анлайн-пакупнікоў адзначылі, што здзейснілі куплю, убачыўшы рэкламу ў сацсетках. Калі разглядаць сацыяльныя сеткі як асобны канал продажаў (па законе ў іх можна толькі рэкламаваць, а не прадаваць тавары), то яны зоймуць трэцяе месца па папулярнасці, саступіўшы толькі беларускім і кітайскім інтэрнэт-пляцоўкам.

Расце попыт на паўсядзённыя тавары

Беларусы сталі часцей купляць у інтэрнэце рэчы, патрэбныя ў паўсядзённым жыцці: тавары для дзяцей, прадукты і тавары для жывёл. Адказваючы на пытанне, што вы купіце хутчэй анлайн, чым афлайн у будучыні, большасць вылучылі дастаўку гатовай ежы, квіткі на мерапрыемствы, тавары для будаўніцтва і рамонту, а таксама арэнду і куплю нерухомасці.

Галоўнымі прычынамі купляць у сеціве кліенты называюць меншыя цэны і большы выбар і асартымент, чым у звычайных крамах. Пры гэтым ступень уплыву такіх фактараў залежыць ад катэгорыі тавараў: пры куплі аўтатавараў анлайн людзі больш цэняць большы выбар і асартымент, а пры куплі дзіцячых тавараў — больш нізкія цэны.

На пэўныя катэгорыі тавараў у інтэрнэце дзейнічаюць стрымлівальныя фактары. Многія лічаць, што пры куплі адзення анлайн складана ўдакладніць важныя характарыстыкі, а пры куплі прадуктаў няма гарантыі захавання тэрмінаў і асаблівых умоў захоўвання.

Кітайскі рынак збіў нашы цэны

На адну куплю ў інтэрнэце мы цяпер трацім у сярэднім 50 рублёў. У розных катэгорыях тавараў гэтая сума адрозніваецца: сярэдні чэк на тэхніку і электроніку роўны 100 рублям, мэблю і тавары для дома — 90 рублёў, адзенне, абутак і аксесуары — 40 рублёў, а тавары для дзяцей — каля 30 рублёў. Дык вось, за апошні год такі сярэдні чэк на адну куплю паменшыўся на восем рублёў. Гэта звязана з тым, што асартымент у анлайне пашыраецца больш таннымі таварамі, асабліва на кітайскіх сайтах.

Колькасць заказаў праз мабільныя прылады абганяе колькасць заказаў праз камп'ютары. Гэта павеў моды апошніх гадоў. Сёння, афармляючы заказы ў інтэрнэт-крамах, жыхары нашай краіны ў 40 % выпадкаў карыстаюцца мабільнымі праграмамі (плюс 16 % да паказчыка мінулага года). Аднак 35 % заказаў афармляюць праз сайты на ПК (мінус 19 % да паказчыка мінулага года) і 24 % — праз сайты на мабільных прыладах (плюс 2 %).

Эксперты адзначаюць, што рост папулярнасці мабільных праграм звязаны з развіццём у нас буйных маркетплэйсаў і інтэрнэт-крамаў, такіх як АlіЕхрrеss, Jооm і Wіldbеrrіеs.

Аплата па факце

Жыхары краіны сталі на 8 % часцей аплачваць пакупкі ў электронных крамах па факце атрымання: наяўнымі, карткамі, у крэдыт і ў растэрміноўку. Сёння так разлічваюцца ў 62 % выпадкаў. Другім па папулярнасці спосабам аплаты з'яўляецца бяспечная здзелка, даступная на замежных маркетплэйсах. З яе дапамогай аплачваюць 20 % пакупак.

Даведка «Звязды»:

е-dаtа.bу — даследчы праект, які збірае аналітычныя звесткі аб беларускім рынку электроннай камерцыі з розных крыніц. Каманда праекта правяла два даследаванні таго, як беларусы здзяйсняюць пакупкі ў інтэрнэце. Для даследаванняў былі апытаныя 1000 беларусаў, якія маюць досвед пакупак у інтэрнэце. Выбарка рэспандэнтаў рэпрэзентатыўная для насельніцтва краіны паводле полу, узросту і рэгіёна пражывання.

Dеаl.bу — беларускі маркетплэйс, дзе прадстаўлены мільёны тавараў і паслуг ад кампаній і прыватных асоб. Dеаl.bу дапамагае людзям па ўсёй краіне.

Пры бяспечнай здзелцы пакупнік плаціць грошы не наўпрост інтэрнэт-краме, а пляцоўцы (напрыклад, АlіЕхрrеss), якая пераводзіць іх прадаўцу пасля таго, як пакупнік пацвердзіць, што з купляй усё ў парадку. Беларускія маркетплэйсы змогуць увесці такую магчымасць пасля дазволу плацяжоў на карысць трэціх асоб. Адпаведны законапраект — закон «Аб плацежных сістэмах і плацежных паслугах у Рэспубліцы Беларусь» — цяпер праходзіць разгляд у Камітэце дзяржкантролю і Вярхоўным судзе.

А з дастаўкай лепш самі

Паводле інфармацыі аналітыкаў, каля 34 % пакупак кліенты забіраюць самі ў паштовых аддзяленнях. Далей па папулярнасці — бясплатная дастаўка кур'ерам (29 %) і самавываз (16 %). Радзей за ўсё карыстаюцца платнай дастаўкай: кур'ерам (11 %) і ў аддзяленне пошты (10 %).

***

Паводле ацэнак экспертаў, нягледзячы на мытныя ліміты, тавараабарот АlіЕхрrеss у Беларусі дасягае 200—250 млн долараў. Пры гэтым агульны аб'ём рынку інтэрнэт-гандлю летась склаў каля 645 млн долараў.

На другім месцы ў розных катэгорыях знаходзяцца мясцовыя гульцы — інтэрнэт-гіпермаркет 21vеk, гандлёвая пляцоўка Wіldbеrrіеs. Адзіная катэгорыя, дзе лідзіруюць беларускія гульцы, — тавары штодзённага спажывання: «Е-дастаўка» і « Гіпермол».

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Міні-цэны пачынаюць і выйграюць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».