Вы тут

Зараз у краіне адкрыта каля 7,7 мільёна картак сацыяльнага страхавання


Сярэдняя пенсія па ўзросце ў сакавіку склала 393,51 рубля. Сёлета, па звестках Мінпрацы і сацабароны, плануецца падняць сярэдні памер пенсій да 40 % ад сярэдняй зарплаты па краіне.

Аб тым, што ўплывае на памер нашых пенсій і чаму трэба задумвацца аб будучай старасці ўжо сёння, а таксама пра зялёную картку сацыяльнага страхавання, расказвае кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка.


Пенсіі пажылым «плаціць» маладое пакаленне

У нашай краіне дзейнічае салідарная сістэма дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, у аснове якой ляжыць прынцып узаемадапамогі пакаленняў. Яе можна сфармуляваць так: пакуль мы працуем, са сродкаў, што адлічваюцца намі (а дакладней, нашымі работадаўцамі), плацяцца пенсіі цяперашнім пенсіянерам. Калі мы працаваць не зможам, нашы пенсіі будуць фарміравацца з адлічэнняў новага пакалення.

Аднак гэта не азначае, што ў будучыні памер нашых пенсій будзе залежаць толькі ад маладога пакалення работнікаў, адзначае Наталля Паўлючэнка. Паўплывае і наша працоўная актыўнасць. А менавіта такія два фактары, як працягласць працоўнай дзейнасці і памер заробку, з якога адлічваюцца ўнёскі ў бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Што датычыцца першага фактару, то для прызначэння працоўнай пенсіі ў 2019 годзе патрабуецца мець 17 гадоў працоўнага стажу з выплатай страхавых узносаў (гэта так званы страхавы стаж) і агульны працоўны стаж: мужчынам — 25 гадоў, жанчынам — 20. Штогод патрабаванні да страхавога стажу павялічваюцца на паўгода і ў 2025-м для прызначэння працоўнай пенсіі трэба будзе мець 20 гадоў страхавога стажу.

Што датычыцца памеру пенсіі, то калі рабіць адлічэнні з мінімальнай заработнай платы, адпаведна, і працоўная пенсія будзе прызначаная мінімальная. Сёлета яна складае 216,71 рубля.

Калі ў чалавека па дасягненні пенсійнага ўзросту не сфарміраваны страхавы стаж, то яму давядзецца пачакаць узросту 65 гадоў (для мужчын) і 60 гадоў (жанчынам) — тады яму будзе прызначана сацыяльная пенсія. Па параметрах гэтага года яна складае 108,45 рубля. Таму трэба задумвацца аб будучай пенсіі і імкнуцца сфарміраваць свае пенсійныя правы сёння.

Менавіта з гэтай мэтай у канцы мінулага года быў прыняты ўказ № 500, які даў права ўдзельнічаць у дзяржаўным сацыяльным страхаванні самазанятым фізічным асобам, якія ажыццяўляюць непрадпрымальніцкую дзейнасць. Цяпер яны самі прымаюць рашэнне, будуць яны выплачваць узносы і ў выніку фарміраваць сабе страхавы стаж, а значыць, права на пенсію ў будучыні, ці не. Такую магчымасць атрымалі людзі, што працуюць на сябе: цырульнікі, рэпетытары, спецыялісты, якія аказваюць касметалагічныя паслугі, паслугі па агратурызме, тыя, хто выконвае малярныя, тынкавальныя работы і іншыя.

Па словах Наталлі Паўлючэнкі, за два месяцы дзеяння ўказа ўжо больш за сто чалавек сталі на ўлік у органы фонду і плануюць выплачваць узносы ў бюджэт ФСАН.

Правілы персаніфікаванага ўліку грамадзян мяняюцца

Каб мець магчымасць разлічыць індывідуальны каэфіцыент для пенсіі, з 2003 года ў нашай краіне ўведзена сістэма персаніфікаванага ўліку грамадзян. Пры гэтым на кожнага работніка адкрываецца індывідуальны асабовы рахунак, і яму выдаецца дзяржаўнае пасведчанне сацыяльнага страхавання. Гэта так званая зялёная картка, якая маецца ў кожнага з нас, хто меў ці мае цяпер работу.

У сістэме персаніфікаванага ўліку сёння адкрыта каля 7,7 мільёна індывідуальных асабовых рахункаў. Па 4,8 мільёна з іх звесткі штогод абнаўляюцца. Таксама штогод адкрываецца каля 120 тысяч новых індывідуальных асабовых рахункаў, з іх 81 тысяча (або каля 67 %) афармляецца на маладых людзей ва ўзросце 14—20 гадоў.

З 4,8 мільёна асабовых рахункаў 4,2 мільёна заведзены на асоб, якія працуюць па класічных працоўных дагаворах. На грамадзянска-прававых дагаворах — 200 тысяч застрахаваных асоб, астатнія 400 тысяч — тыя, хто самастойна выплачвае ўзносы (ІП, натарыусы, адвакаты і іншыя фізічныя асобы, а таксама работнікі са змешанай формай працоўнай дзейнасці).

Сёлета былі ўнесены змяненні ў правілы персаніфікаванага ўліку. Калі раней работадаўцы падавалі індывідуальныя звесткі пра работнікаў з адлюстраваннем зарплаты і выплаты ўзносаў адзін раз у год, то зараз будуць рабіць гэта штоквартальна. Гэта дазволіць звесці да мінімуму сітуацыі, калі наймальнік не дае звесткі ў сувязі са спыненнем дзейнасці арганізацыі.

Таксама будзе пашырана форма персаніфікаванага ўліку, якая характарызуе працоўную дзейнасць чалавека. У пералік звестак, акрамя даты прыёму на работу і звальнення, работы па сумяшчальніцтве цяпер уключана інфармацыя аб прафесіі, пасадзе работніка, відзе працоўнага дагавора, даце і нумары загада аб прыёме на работу, пераводзе на іншую пастаянную работу, прысваенні кваліфікацыйнай катэгорыі, звальненні і яго падставе. Усе гэтыя змяненні ўступяць у сілу з 1 ліпеня 2019 года і, паводле слоў спецыялістаў, дадуць магчымасць больш дэталёва праводзіць маніторынг працоўных рэсурсаў і прагназаваць патрэбнасць рынку ў кадрах. А ў будучыні яны стануць асновай для электроннага ўліку працоўнай дзейнасці.

Дакладна пра пенсійны ўзрост

У адпаведнасці з законам, агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост складзе:

у 2019-м: для мужчын — 61 год 6 месяцаў, для жанчын — 56 гадоў 6 месяцаў;

у 2020-м: для мужчын — 62 гады, для жанчын — 57 гадоў;

ў 2021-м: для мужчын — 62 гады 6 месяцаў, для жанчын — 57 гадоў 6 месяцаў;

у 2022-м і ў наступныя гады: для мужчын — 63 гады, для жанчын — 58 гадоў.

Узрост, які дае права на пенсію па ўзросце на агульных падставах, вызначаецца ў дачыненні да каляндарнага года (года звароту па пенсію), а не да даты нараджэння асобы.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «Зялёная картка» — гарант нашай пенсіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?