Вы тут

У Чэрвеньскім музеі адкрылася экспазіцыя, прысвечаная кампазітару Манюшку


У лютым 2018 года Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей стаў пераможцам у намінацыі «Музейная справа» абласнога конкурсу «Творчы алімп Міншчыны», які арганізавала галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама, і атрымаў грант у памеры 28 385 рублёў. Гэтыя сродкі пайшлі на стварэнне музейнай экспазіцыі «Станіслаў Манюшка — дзеяч беларускай музычнай культуры», якая ўрачыста адкрылася пятага красавіка ў гарадскім пасёлку Смілавічы. Гэты населены пункт выбраны невыпадкова. Тут знаходзіцца палацава-паркавы комплекс, які належаў роду Манюшкі, а ў Смілавіцкім касцёле хрысцілі малога Станіслава.


— На працягу года мы стваралі пастаянную музейную экспазіцыю, прысвечаную жыццю і творчасці кампазітара. Распрацавалі навуковую канцэпцыю, стварылі эскізы, тэматычныя дыярамы, закупілі неабходную мэблю, — расказала дырэктар музея Алена ЗАБАРОНАК. — Экспазіцыя размешчана ў дзвюх залах. Першая яе частка расказвае наведвальнікам аб дзіцячых і юнацкіх гадах Станіслава Манюшкі, якія ён правёў у вёсцы Убель. З дапамогай малюнкаў яго бацькі Часлава Манюшкі экспазіцыя знаёміць з мясцовымі пейзажамі, партрэтамі настаўнікаў, блізкіх сваякоў будучага генія. Другая частка экспазіцыі прысвечана вучобе таленавітага юнака ў Берлінскай музычнай акадэміі, яго больш позняй рабоце ў Вільні і Варшаве. Частка экспазіцыі расказвае аб дружбе Станіслава Манюшкі з Дуніным-Марцінкевічам, аб стварэнні першай беларускай оперы «Сялянка» («Ідылія»). Тут таксама можна азнаёміцца з опернай творчасцю кампазітара. Гэта ноты, запісы твораў на шматлікіх пласцінках і касетах, фотаздымкі пастановак опер «Галька» і «Страшны двор» у Беларусі, сцэнічныя касцюмы Варшаўскага опернага тэатра. Пасля наведвання экспазіцыі ўсе ахвотныя змогуць ва ўтульнай музычнай гасцёўні паслухаць творы вялікага майстра.

Дарэчы, работнікі музея наладзілі плённае супрацоўніцтва па абмене матэрыяламі для экспазіцыі і стварэнні сумесных выставак з Літоўскім музеем тэатра, музыкі, кіно ў Вільнюсе і Польскім інстытутам у Мінску. Разам з музычнай гасцёўняй музейная экспазіцыя стане прыцягальным турыстычным аб'ектам для жыхароў Беларусі і замежных гасцей.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: У госці да Манюшкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».