У пчаляроў распачаўся новы сезон. Напярэдадні яго карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з кіраўніком сялянска-фермерскай гаспадаркі «Пчаляр Полаччыны» Ігарам Шэндзелем, які расказаў, як пачаў займацца гэтай справай і як правільна выбраць мёд.
Па 80 кіло мёду
Суразмоўнік — сябра салігорскага таварыства «Бортнік», якое ўзначальвае Васіль Кавалец.
У Ігара Шэндзеля — пчальнік на 200 сем'яў у Верхнядзвінскім раёне. Ёсць і крама ў Полацку. Разам з падначаленымі займаюцца вытворчасцю дамкоў па польскай тэхналогіі — у Полацкім раёне (гарадскі пасёлак Ветрына). У пчаляра ў калектыве больш за трыццаць чалавек. Мёд і прадукты пчалярства, дамкі рэалізуюць у Беларусі і Расіі.
— З чаго ўсё пачыналася? Ды, бадай, лёс. Нарадзіўся ў Наваполацку, які будавалі бацькі. Яны з вёсак родам. А працу з пчоламі ўбачыў упершыню ў дзяцінстве ў Курскай вобласці Расіі. Гэта адбылося на невялічкім пчальніку маёй цёткі і яе мужа. Там было сто сем'яў. Вельмі цікава было назіраць за сваяком-пчаляром, як ён нешта робіць, — расказвае бізнесмен.
Пасля школы Ігар Леанідавіч служыў у арміі, працаваў на прадпрыемстве «Вымяральнік» кіроўцам. Потым вырашыў распачаць сваю справу. У пчаліным бізнесе — каля дзесяці гадоў. Наконт «салодкага ўраджаю», як кажуць, год на год не прыпадае.
— Летась кожная сям'я дала каля 80 кіло мёду. Многае, вядома, залежыць ад прафесіяналізму пчаляра. Мяне гэтаму ніхто не вучыў. Лічу, што яшчэ не дасягнуў майстэрства з вялікай літары. Але, каб больш-менш нешта зразумець, думаю, як у ВНУ, трэба гадоў пяць-шэсць вучыцца, — упэўнены ён.
Пчаліная «філасофія»
Пчолы, як і людзі, усе розныя. На жаль, у свеце іх становіцца ўсё меней. Гэта вынік выкарыстання хімікатаў у сельскай гаспадарцы: пчолы проста пачалі выміраць. Адпаведна, з'явіліся праблемы з ураджайнасцю...
— Калі пчала апыляе, напрыклад, грэчку і рапс, ураджай вышэйшы на 20—30 %, — кажа прадпрымальнік. — Калі задумацца, не будзе іх, не будзе апылення, ураджаяў таксама.
Калі ёсць развіццё пчалярства, паралельна прагрэсіруе сельская гаспадарка.
А яшчэ ён прадае дамкі і іншае абсталяванне з экалагічна чыстых матэрыялаў. Напрыклад, медагонка робіцца выключна з нержавейкі, прыдатнай для харчовых мэт. Дарэчы, з кожным годам на параўнальна дарагія «аксесуары» попыт павялічваецца.
Як выбраць якасны прадукт
У суразмоўніка на пчальніку пчолы двух відаў: карніка і бакфаст. У нашай краіне ёсць яшчэ і сярэдняруская, каўказская... Апошніх у БССР прывозілі з Каўказа пасля вайны, бо сваіх было вельмі мала.
— Зразумела, у кожнага віду свой характар: яны па-рознаму перапрацоўваюць сыравіну. Я выбраў згаданых вышэй, бо мёд у іх атрымліваецца самы якасны. Дарэчы, штодня раніцай трэба з'есці лыжачку гэтага прадукту з цёплай вадой, што ўплывае на паляпшэнне імунітэту, вельмі карысна для страўніка, а таксама дадае сіл і гарантуе добры настрой, — сцвярджае пчаляр.
Усе гатункі мёду карысныя. Але ёсць нюансы. Напрыклад, ліпавы мёд рэкамендуюць пры прастудных захворваннях. У мёдзе грэцкім больш жалеза, што лепш для прафілактыкі захворванняў крыві. У верасовым шмат мінералаў...
Усе прадукты пчалярства Ігар раіць купляць у фірменных крамах або ў гандляра, якому можна давяраць. Як жа выбраць такога спецыяліста пчаліных спраў? Канешне, на смак мёду. Але ёсць і яшчэ адзін сакрэт.
— Узімку, напрыклад, мёд павінен быць крышталізаваны, а вадкім апрыёры быць не можа! У ідэале лепш узяць на пробу крыху мёду на спецыялізаваным кірмашы, фэсце, потым звяртацца па мёд да пчаляра, — тлумачыць.
Прадпрымальнік упэўнены ў карысным выніку апітэрапіі. Калі нехта баіцца ўкусаў, можна паправіць здароўе ў «хатках», якія над пчалінымі дамкамі. Насякомыя сваёй вібрацыяй, што фарміруе станоўчую энергетыку, уплываюць на паляпшэнне агульнага стану. Як і пах пропалісу. Пчаляр не па чутках ведае, што ў Еўропе, напрыклад у Чэхіі, такі старажытны від аздараўлення вельмі папулярны.
У Ігара Шэндзеля тры дачкі. Старэйшай трыццаць гадоў, і пчалярства, кажа, не яе. Не выключае, што сямігадовая або чатырохгадовая захопяцца вельмі карыснай і даволі прыбытковай справай бацькі. І будзе каму перадаць салодкі бізнес.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.