Вы тут

У Беларусі ствараецца дзяржаўная служба заказчыка


Змяненні ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг» у першым чытанні разглядалі на чарговым пасяджэнні ў Палаце прадстаўнікоў. Новаўвядзенне замацоўвае паняцце «дзяржаўная служба заказчыка». Гэта ўпаўнаважаная асоба будзе прафесійна наглядаць за аб'ёмам паслуг і якасцю работ. Згодна з механізмам спецыялісты дапамогуць спажыўцам адстойваць свае правы і законныя інтарэсы.


Па словах міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Церахава (ён далажыў аб законапраекце дэпутатам), у Мінску такія службы заказчыкаў ужо створаныя і будуць узбуйняцца.

«Сёння звароты паступаюць і з рэгіёнаў: людзі хочуць, каб у іх з'явіліся такія ж прафесійныя абаронцы. Так, магчыма ў Мінску служба не працуе ў поўным аб'ёме, як павінна. Таму мы і ўводзім паняцце абавязковай прафесійнай атэстацыі. Павінны з'явіцца сапраўдныя прафесіяналы, якія змогуць, абараняючы правы і інтарэсы жыхароў, дыктаваць умовы падрадным арганізацыям», — сказаў міністр.

Законапраект значна спросціць жыццё спажыўцам камунальных паслуг. Калі раней яны павінны былі мець некалькі дагавораў і самі наглядаць, ці памылі падлогу, як падрыхтавалі да зімы цеплавы вузел, то цяпер сачыць за гэтым будзе адна арганізацыя. Акрамя таго, яна абавязана даць карыстальніку ўсю неабходную інфармацыю — колькі грошай (у тым ліку бюджэтных) патрачана на пэўны жылы дом, як распарадзіліся сродкамі, якія атрымалі ад насельніцтва. Таксама служба заказчыкаў будзе вывучаць пажаданні і запыты жыхароў на новыя паслугі.

«Ёсць таварыства ўласнікаў, дзе выбралі, знайшлі старшыню (будзем абапірацца на станоўчы вопыт), які чуе кожнага чалавека. І мы задаліся пытаннем: чаму нельга стварыць такую ж альтэрнатыўную дзяржаўную арганізацыю, якая аналагічным чынам будзе чуць кожнага чалавека? Людзі не змаглі самаарганізавацца ў таварыства ўласнікаў, і прымушаць іх да гэтага не трэба. Але мы павінны захаваць агульную маёмасць, даць элементы кіравання, каб кожны чалавек, які плаціць па тарыфах за камунальныя паслугі, мог быць упэўнены, што яго дом захавае свае спажывецкія якасці», — расказвае пра ідэю Аляксандр Церахаў.

Новая служба не прывядзе да падаражання «камуналкі». Плата за яе паслугі будзе ўключана ў структуру існуючых тарыфаў.

Разглядалі ў першым чытанні і новаўвядзенні ў закон «Аб пахаванні і пахавальнай справе». Адно з самых важных змяненняў — забарона на пахаванне спосабам, які не апісаны ў законе. Напрыклад, у хуткім часе выканаць волю нябожчыка, які завяшчаў развеяць свой прах, будзе забаронена нормамі права.

Родныя Герояў Беларусі, СССР, Сацыялістычнай Працы і кавалераў некаторых іншых ганаровых званняў атрымаюць магчымасць выбіраць: устанавіць за кошт дзяржавы надмагільнае збудаванне вызначанага ўзору ці зрабіць яго самастойна і потым атрымаць кампенсацыю.

Мясцовым Саветам дэпутатаў з улікам меркавання грамадзян, што пражываюць на пэўнай тэрыторыі, даецца магчымасць адкрыць раней закрытыя месцы пахавання.

Для ратыфікацыі дэпутатам прадставілі пагадненні ўрадаў Беларусі і КНР аб тэхніка-эканамічнай дапамозе. Згодна з імі кітайскія партнёры пабудуюць Нацыянальны футбольны стадыён і басейн міжнароднага стандарту.

Праектаванне і будаўніцтва аб'ектаў будзе здзяйсняцца па кітайскіх стандартах і нормах без іх адаптацыі да дзеючых беларускіх. Але пры ўзвядзенні пабудоў падрадчыкі павінны прытрымлівацца патрабаванняў і рэкамендацый Міжнароднай федэрацыі плавання FІNА для басейна і Міжнароднай федэрацыі футбола FІFА і UЕFА для стадыёна.

Кітайскі бок дае неабходную тэхніку, абсталяванне, матэрыялы і персанал. Дапамога аказваецца на бязвыплатнай аснове.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: На службе якасці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».