Вы тут

Як сямейная пара адкрыла ў Мінску дацкую кавярню


З сям’ёй Фёдаравых мы сустрэліся ў дні, калі ў Мінску праходзіў чарговы Coffee Fest Belarus. Крыху пазней даведаліся, здзівіўшыся: Ірына Фёдарава, кандыдат біялагічных навук і наша добрая знаёмая на Gastrofest «Кава-2019» была адным з удзельнікаў фокус-группы і выбірала сярод барыста самага харызматычнага. І наогул — змяніла прафесію.


Ірына і Аляксандр Фёдаравы — гасцінныя гаспадары

Там, у адной з мінскіх кавярняў, дзе яна гаспадарыць, — атмасферна, як цяпер кажуць. Цёпла, светла, душэўна… І нават днём для гасцей запальваюцца свечкі на століках — для камфорту. Зручныя канапы. Пледы ў клетку. Багацце мяккіх падушак рознай формы і памеру ў каляровых вязаных чахлах — што называецца, у тэму. За адным з вокнаў — сцяна ў метры ад кавярні: памяшканне паўпадвальнае. Дзякуючы знаёмым мастакам, якіх Ірына запрасіла, сцяна тая пераўтварылася ў вялікую карціну з велізарным дрэвам, аблокамі-круасанамі… Прычым на ёй адлюстраваны працэс нара­джэння свету, які творыцца спіцамі майстрыхі-вязальшчыцы. А на вузенькім зялёным дыване перад карцінай — сімпатычныя цацкі. Ірына сама іх звязала, і, спрытна ступіўшы цераз падваконне на тэрыторыю казкі, нам іх падала: паказаць.

Цэнтр зальчыка ўпрыгожваюць два чырвоныя падвесныя крэслы, што мацуюцца на ўстойлівых металічных каркасах. Яны — увасобленая мара і гордасць маладой гаспадыні. Успамінае Ірына: як адкрылі яны з мужам кавярню, то з паўгадзіны проста сядзелі ў гэтых зручных гушкалках. І мы на сабе адчулі: у іх лунаеш, мякка пакалыхваючыся, быццам на воблаку. Дарэчы, ёсць і госці, што ходзяць спецыяльна — пагушкацца, смакуючы класічную каву-эспрэса, латэ ці модны флэт уайт.

На тым самым падваконні, за якім карціна — кошык з клубкамі пухнатых нітак і пруткамі. Гэта, тлумачыць Ірына, для тых, хто захоча нешта звязаць. Альбо проста «злавіць» рэлакс. Агульна вядома: вязанне вельмі дабратворна ўплывае на нервовую сістэму, хутка здымае стрэс, супакойвае ды ўзносіць у стан бесклапотнасці.

Справа ж ад увахода ў кавярню, за вешалкамі — дзіцячы куток з аплікацыяй ката на сцяне. Па ўсім відаць: гасцям з малымі тут рады. Для іх, пакуль дарослыя атрымліваюць задавальненне ад кавы, ёсць дзе паглыбіцца ў свае радасці: папера, фарбы, алоўкі, фламастары для малявання, цацкі, маленькі столік і стульчыкі… На сценцы ў тым кутку ёсць тэлевізар: калі мамы не супраць, малыя могуць пагля­дзець мультфільмы. Ці проста пагуляць, пакуль старэйшыя атрымліваюць асалоду ад гарачага напою з круасанам ці слойкай. Водар кавы і свежай выпечкі запаўняе ўсю прастору, настройвае на хюгэ.

У стылі хюгэ

Для тых, хто не ведае: гэтае дацкае слова — hyggelig — азначае здольнасць цаніць звычайныя задавальненні жыцця ды атрымліваць асалоду ад бягучага імгнення. Падобна да таго, падумалася нам, што Ірына Фёдарава з мужам ствараюць у сваёй кавярні своеасаблівую «прастору пагружэння ў шчасце й задавальненне», а таму й мы трохі паглыбімся ў саму яго філасофію.

Упершыню слова hygge, чытаем у інтэрнэце, з’явілася ў пісьмовай дацкай мове на пачатку XIX стагоддзя. Паходзіць ад такога ж нарвежскага, у якім азначае «дабрабыт, дастатак». Цяпер словам вызначаюць асаблівую атмасферу ды адчуванні, звязаныя са шчасцем. Падрабязна пра тое напісаў у кнізе «Hygge. Сакрэт дацкага шчасця» заснавальнік і кіраўнік дацкага Інстытута даследавання шчасця Майк Вікінг (Meik Wiking). Дарэчы, курс дацкага хюгэ ўжо выкладаюць і ў адным з каледжаў Вялікабрытаніі, а па ўсім свеце з’яўляюцца крамы, кафэ, пякарні ў стылі хюгэ.

Мабыць, і для мінскай «Кофты» гэты стыль уласцівы. У дэкоры памяшкання — аніякай вычварнасці, халоднага гламура. Цёплыя светлыя колеры цешаць вока, далоні міжволі цягнуцца адчуць фактуру мяккай пражы. Для хюгэ, дарэчы, важныя станоўчыя тактыльныя адчуванні. Пах круасанаў, дастаўленых у Мінск з Францыі ды тут і дапечаных, нібыта лашчыць нюх і абуджае асацыяцыі з чымсьці вельмі знаёмым, прыемным і бяспечным. Ну, чым не хюгэ, кажам Аляксандру ды Ірыне: і прысмакі ў вас, і кава, і гарачы шакалад, і нават глінтвейн у меню, і сама хатняя, сямейная атмасфера! Усё падабрана як мае быць для прыемнага адпачынку. Урэшце, як і сама назва кавярні — «Кофта».

Пра дацкае хюгэ гаспадары кавярні «нешта чулі», аднак інтэр’ер яе «пад хюгэ» не падладжвалі, больш арыентаваліся на ўласныя ўяўленні пра ўтульнасць і тое, з чаго яна складаецца. Бо ім абодвум добра вядома, што такое хатняя ўтульнасць. Кожны з іх вырас у сям’і, дзе шанавалі яе і стваралі. Нам не раз даводзілася бываць у загарадным доме бацькоў Ірыны, які пабудавалі яны самі непадалёк ад Мінска. Андрэй Уладзіміравіч Рыцік — патомны вайсковец, інжынер-механік, ужо ў адстаўцы, Святлана Георгіеўна — інжынер-будаўнік. Сёння абодва яны ўжо, як гаворыцца, на заслужаным адпачынку. Але паняцце адпачынку ну ніяк не стасуецца з гэтымі людзьмі: яны заўсёды поўныя планаў, якія з упартасцю ўвасабляюць у жыццё, актыўныя, ба­дзёрыя, пазітыўныя.

Пазнаёміліся мы на адпачынку ў Румыніі. Помніцца яшчэ, як у турыстычным аўтобусе, на якім ехалі па Еўропе да месца адпачынку, Андрэй спыніў хамства аднаго з пасажыраў: ён вёў сябе непрыстойна. Прычым крыху пазней тая актыўная жыццёвая пазіцыя Андрэя Уладзіміравіча дапамагла й кіраўніку групы прыняць правільнае рашэнне: высадзіць з аўтобуса гора-турыста, які груба ігнараваў правілы паво­дзі­наў. Андрэй нас уразіў і скарыў адвагай, рашучасцю і сапраўдным мужчынскім падыходам да сітуацыі. З тых часоў і падтрымліваем добрыя стасункі.

Так, свой дом і сад пры ім, як вядома, патрабуюць пастаяннага ўкладання сіл. Таму і пад’ём ва Уладзіміравіча ранні: у 6 раніцы штодзень на нагах. Абыходзіць уладанні, глядзіць, што дзе трэба зрабіць, падкруціць у хатніх, садова-агародных механізмах у першую чаргу ў залежнасці ад сезона. Да таго ж і майстраваць любіць, нават домік для котак з падагрэвам на ўчастку збудаваў. І Святлана — сама сабе дызайнер і майстар. Інтэр’ер дома — справа яе рук і густу. Выдатна шые і мадэлюе вопратку. Андрэй таксама ў тым, што называюць творчасцю, не пачатковец: і дэкаратыўна-прыкладную асвоіў, і карціны алеем піша, і з вялікім гумарам апісвае ў апавяданнях, аповесцях былі-небыліцы з часоў сваёй нялёгкай афіцэрскай службы.

На першы погляд падасца: мы адышлі далёка ад самой «Кофты». Але ў гэтай кававай гісторыі ёсць і цікавая перадгісторыя, і мы ўсяго толькі, як кажуць, глядзім у корань. Бо не сакрэт: прыклад бацькоў шмат у чым задае вектар руху па жыцці для дзяцей і нават унукаў. Дык вось, працягваем пра сям’ю Рыцікаў-працаўнікоў. А як прыемна пасядзець у іх на ўтульнай верандзе пры доме, вокны якой выходзяць на шырокае поле! Па ім, здараецца, у ранішнюю пару ці адвячоркам ходзяць, а то і прабягаюць ласі і казулі, зайцы, лісы, дзікі. Домік для котак — таксама экзотыка. А сад з лаўкамі ў розных кутках, дзе можна пры жаданні пабыць аднаму, а сажалка рукатворная… І пра жыццё Рыцікаў у Забайкаллі, дзе яны прымудраліся на дачы вырошчваць велізарную бульбу і трускаўкі, таксама чулі мы аповеды. І пра тое, як дзяўчынкі Каця з Ірай атрымалі там у пару сталення цудоўнае працоўнае выхаванне.

Гэтыя крэслы-гушкалкі — гонар гаспадыні

Аднак вернемся ва ўтульную кавярню, дзе малодшыя Фёдаравы, двайняткі Марыя ды Уладзіслаў (з абавязковым націскам на і) ужо не раз пабывалі. Ім пакуль што дзіцячы сад, як кажуць, не заходзіць: прыхворваюць, таму атрымліваюць дамашняе выхаванне. Дзядуля Андрэй з бабуляй Святланай, як толькі ўнукі на свет з’явіліся, дапамагаюць маладой сям’і: унукаў нянькаюць. Ідэю з кавярняй бацькі Ірыны падтрымалі асцярожна: малым бо ледзь па чатыры гады споўнілася.

— Адны б мы ніяк не справіліся, калі б нас бацькі з абодвух бакоў не падтрымалі: як фінансава, так і маральна, — прызнаецца Ірына. — Хоць працаваць нам не прывыкаць, але ў бізнэсе, як вядома, свае жорсткія законы. Слабым тут ніяк не ўтрымацца, а вось дзе ёсць каманда — там ужо сіла…

Тым часам яна запальвае свечкі на адным са столікаў, рыхтуючыся да размовы. А «свячны» рытуал, на думку датчан, і ёсць найпросты спосаб стварыць хюгэ. Прычым, удакладняюць спецыялісты Інстытута даследавання шчасця, амаль 30% апытаных жыхароў Даніі робяць тое штодзень. Траціна датчан аддае перавагу таму, каб запальваць адразу больш за пяць свечак. Гаворым пра тое, і былая супрацоўніца аднаго з акадэмічных інстытутаў тут жа, злёту схоплівае сутнасць: «Выходзіць, мае бацькі, ды і многія з нас інтуітыўна адчуваем, што такое хюгэ. Толькі называем гэта інакш. Бо і ў Беларусі ж зімой і восенню замала сонца, як і ў Даніі… Таму й свечкі мы запальваем, і сяброў прымаем. А добрая выпечка — даўні канёк нашай сям’і! Мы з Кацькаю з дзяцінства пячэм, вырабляем пірагі. Таксама і гасцей любім…»

Аляксандр і яго Ірына, хоць і маладыя, але ж ведаюць: зносіны ў сацсетках апрыёры не заменяць нам рэальныя зносіны з сябрамі, роднымі. Таму ў канцэпцыі «Кофты» якраз і закладзены цёплыя сустрэчы з сябрамі, а не толькі кававанне «сола». І кола сяброў — таксама ж важны элемент у шматфарбнай мазаіцы хюгэ.

Магчыма, з часам Ірына, ужо як даследчыца, паспрабуе асэнсаваць свой «кававы» досвед і пра хюгэ па-беларуску напіша кнігу. Яна так захоплена цяпер новай справай (кавярня ж адкрылася зусім нядаўна), што казаць пра каву, яе гатункі, пра ідэі, што месцяцца ў яе галаве, можа, прызналася, бясконца. У чым пераканаліся і мы.

Акцэнты не ў модзе, а ў пачуццях

Пра адкрыццё кавярні даведаліся мы ад бацькоў Ірыны, з якімі хоць і не сустракаліся пару гадоў, ды сувязі не гублялі. Вось дык «паварот» у лёсе Ірыны Рыцік, а цяпер Фёдаравай! Яна ж працавала ў навуцы, абараніла кандыдацкую дысертацыю. Удакладнілі тэму: «Іксодавыя кля­шчы на ўрбанізаваных тэрыторыях Беларусі». Выпусціла кнігу, паспяхова выяўляла сябе як старэйшая навуковая супрацоўніца ў акадэмічным Інстытуце заалогіі — цяпер уваходзіць у Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. І вось яны разам з мужам, хімікам па адукацыі (ён таксама з кандыдацкай, хоць і не абароненай), раптам сышлі ў зусім іншую сферу. Зразумела, кажам, тэндэнцыя модная. Цяпер Мінск ледзь не «кававай Мекай» становіцца: шумяць фэсты, фармуючы тут кававую культуру. Нават кавярню з беларускімі робатамі-барыста ўжо анансавалі: неўзабаве адкрыецца ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Але робату — робатава, як той казаў. А Фёдаравы — што шукаюць яны ў гэтай «ненавуковай» сферы?

— Справа не ў модзе, — тлумачыць Ірына. — Я сама — каваманка. Раніца мая без кавы не пачынаецца. П’ю толькі якасны напой, мне падабаецца, калі пасля адчуваю багаты паслясмак. Піць каву — цэлы рытуал. І, натуральна, прыемна, як іншыя таксама падзяляюць мае прыхільнасці. Аднойчы ў дэкрэтным адпачынку гуляла я з каляскаю, дзеткі пасопвалі. А мне так захацелася кавы! Але тут, на новай вуліцы Пятра Мсціслаўца — ніводнай кавярні. У Дана Мол (новы гандлёвы цэнтр у мікрараёне. — Аўт.) з 50‑кілаграмовай каляскай мне далекавата. Часам брала з сабою каву ў тэрмасе. Але ж гэта не тое задавальненне. А ўвечары Сашу й кажу: давай я пайду на курсы барыста — хачу навучыцца каву варыць правільна. Саша, нядоўга думаючы, прапанаваў адразу на гаспадыню кавярні вучыцца. Ён у мяне стратэг.

Наталля Калесніковіч і Аляксандр Барычэўскі — аўтары карціны

— Так і было: я думаю на перспектыву, — падключаецца да нашай гутаркі Аляксандр. — Гэта ў мяне ў натуры. Іра на курсы пайшла, займалася ў вячэрні час, і ёй спадабалася. Потым у нас пачаўся мазгавы штурм. І доўжыўся ён цэлы год.

Ірына

Ці не шкада было ёй пакідаць інстытут? Аказваецца, не шкада…

— Я калі сыходзіла, то мая кіраўніца дысертацыі, доктар біялагічных навук Лізавета Ігнацьеўна Бычкова сказала: «Я цябе разумею. Раз у дзесяць гадоў у жыцці трэба штосьці кардынальна зменьваць. Ты праварылася тут, старшай навуковай супрацоўніцай стала. Але памятай: мы цябе заўсёды назад прымем». Я, вядома ж, вельмі сумнявалася, калі ўсё пачыналася: «общепит» і навуковец — як сумясціць? Дызайнеры, што кавярню афармлялі, гледзячы на маю лёгкую разгубленасць, неяк запыталі: а вы любіце людзей карміць? Калі так, то ўсё ў вас атрымаецца. Тая фраза й дала мне крылы. Вядома ж, люблю! Бясспрэчна! Мне падабаюцца госці, я іх частую з задавальненнем. Ну вы ж ведаеце, гэта ў нас традыцыя сямейная…

Самай вялікай праблемай для Ірыны з Аляксандрам была… канцэпцыя: абодва ж навукоўцы. Пад якім «соусам» тую каву гасцям прапаноўваць? Чым яны менавіта прыцягнуць у сваю кавярню, калі вакол, у Мінску ўжо ёсць столькі ўсяго рознага?

— Мы адкрываліся з перспектывай развіцця, нават сваю таварную марку зарэгістравалі. Але нейкай фішкі ўсё ж не хапала. Хацелася зрабіць нешта такое, чаму аналагаў няма сярод кавярняў Мінска. Месяц думалі. А назва нара­дзілася неяк нечакана, недзе апоўначы. Паклалі дзяцей спаць, Саша таксама пайшоў. Я села, узяла конаўку, спіцы, пражу й звязала кофтачку для конаўкі. Вось так і нарадзілася назва: «Кофта». Кофта — тое, што сугучна з кавай перш за ўсё (у рускай мове перагукваюцца словы кофе і кофта. — Аўт.). Кофта — гэта цяпло і ўтульнасць, але, як Саша пажартаваў, усё ж не трыкатажная крама. Кофта — гэта й сучасная стыльная бабуля са сваёй любоўю, смачнай выпечкай, цеплынёй. І мы пачалі тэму круціць. З гэтага слова, як ад малога зерня, расце наша маладое кававае дрэва.

Ці прымяняе Ірына ў афармленні, у адладжвані працы кавярні свае навуковыя пазнанні? Кажа — на кожным кроку. І што цікава: нават пра кляшчоў яна збіраецца маладым мамам распавядаць. Бо цікавасць да гэтай тэмы, асабліва ў вясновую пару, велізарная, і таму кампетэнтная размова аб «правілах клешчавой бяспекі» будзе да месца на сустрэчах пад каву. Спадзяецца Ірына, што мамы й дзецям, сяброўкам раскажуць, як правільна сябе паводзіць у сезон, калі тыя крывасосы вельмі актыўныя. І ў цэлым уменне вучыцца Ірыне таксама спатрэбілася. Тлумачыць:

— Мне вельмі шмат дала мая навуковая школа. Бо навуковая праца — гэта ж уменне з вялізнага патоку інфармацыі вычляняць галоўнае. Навыкі, якія атрымала пры той працы над дысертацыяй, усе тут рэалізуюцца. Перш за ўсё, гэта праца з дакументамі. Хоць па гэтай частцы больш працуе Саша: у яго адміністрацыйная дзейнасць, у мяне — гаспадарчая й творчая.

Аляксандр

Саша яе, Аляксандр Фёдараў, вучыўся ў Беларускім дзярж­універсітэце на хімічным факультэце. А ў Інстытуце біяарганічнай хіміі аспірантуру закончыў, працаваў у лабараторыі прыкладной біяхіміі, на кафедры высокамалекулярных злучэнняў. Прычым тэмай займаўся перспектыўнай: стварэннем фільтраў, якія ачышчаюць кроў ад таксінаў — фільтры, як вядома, выкарыстоўваюцца ў апаратах пералівання крыві. А пазней у рамках сямейнага бізнесу дапамагаў бацькам. Там, прызнаецца, і набыў досвед, які вельмі спатрэбіўся пры стварэнні кавярні.

Барыста Павел — віртуоз сваёй справы

У бацькоў Аляксандра родавыя карані з‑пад Ракава, што ў Валожынскім раёне. Як вядома, у тых месцах сфармаваўся даволі арыгінальны культурны асяродак, ёсць багатыя культурныя, побытавыя традыцыі. У тым ліку і традыцыі «сваёй справы», прадпрымальніцтва: бо ў ваколіцах Ракава, былога заходнебеларускага мястэчка, праходзіла мяжа, што падзяляла Беларусь пасля Брэсцкага міру 1921 года на Заходнюю і Усходнюю. Тата яго, Фёдараў Аляксандр Мікалаевіч, — кандыдат медыцынскіх навук, мама, Ганна Цімафееўна — біяфізік. Прабабуля па лініі маці была з Лукашэвічаў — заможнай шляхты. Аляксандр пакуль не ведае сваёй генеалогіі так дасканала, як Ірына, ды, кажа, з часам тым зоймецца: дзеці ж падрастаюць. Бо і ў нашых родавых каранях таксама ёсць важная частка нашай жыццёвай сілы. Дарэчы, ён вельмі ўдзячны сваім бацькам за матэрыяльную і маральную падтрымку ў адкрыцці кавярні.

— Мы пазіцыянуем сябе як установа, якая развівае кававую культуру, — гаворыць Аляксандр Фёдараў. — У нас усе барысты ведаюць, што і як яны вараць, прычым вытрымліваюць тэхналогію па секундах і па мілілітрах. А хіба ж можа быць інакш, калі ў іх працадаўцы самі з лабараторый, «ад навукі»! Яны гасцям нашым, калі тыя пажадаюць, распавядаюць, што і як робяць, як абсмажана зерне, якога памолу, ад якога вытворцы…

Ці лёгка ім з Ірынай агульную справу рабіць? І ці мог ён прадбачыць, што жонка ягоная здольная на такі рызыкоўна-рамантычны крок, як уласная кавярня?

— Я ведаў, што ў нас атрымаецца. Мы ўжо сем гадоў разам. А я гулец, як ужо казаў, на доўгатэрміновыя дыстанцыі. І планы мае стратэгічныя. У гэтым і спорт дапамог — я займаўся футболам, кунг фу, шахматамі, більярдам. Цяпер агульная справа нас аб’ядноўвае. У ёй важна, пераканаліся мы, падзяліць сферы ўплыву й не падрываць аўтарытэт адзін аднаго. А таксама не выпінаць сябе за кошт іншага. Наш тандэм — гэта творчы тандэм, які дае добры, якасны, запатрабаваны на рынку прадукт. Іра — гаспадыня, дырэктар, а я — менеджэр па развіцці. Вось кавярню мы адкрылі, цяпер і пра школу барыста падумваем. Я разумею, што кавярня — гэта рызыка, якая, як кажуць, справа высакародная. Але, каб мець поспех у бізнэсе, высакароднасці і захопленасці малавата. Ірына таксама разумее гэта. Але я не магу не цешыцца, не захапляцца, назіраючы, як прыгожа выходзіць яна да гасцей кавярні, пачынае з імі зносіцца. Мая жонка робіць гэта з такім зайздросным зачараваннем, нібыта ўсё жыццё кавярняй займалася.

Месца з душою. Падрабязнасці ад гаспадыні.

З усімі маю зносіны, трымаю зваротную сувязь. Кожны, хто заглядае да нас — наш госць. Прыйшла неяк дзяўчына, пытаецца: а што будзеце летам рабіць, калі цёплая кофта не патрэбная? Разумею яе, як і тое, што ад падушак вязаных летам можа быць горача. Ды не буду ж я сакрэты раскры­ваць, як улетку ўсё ўладкуецца. Кофта ж бо не толькі з зімой ды холадам асацыюецца, мы яе і летам накідваем. Кофта — перш за ўсё ўтульнасць. А лета ў нашай кавярні яшчэ не было: мы толькі ў снежні 2018‑га адкрыліся. Магчыма, да лета я ўсё тут у халаднаваты шоўк апрану. Ідэй вельмі многа, ледзь месцяцца ў галаве. Не сумняваюся, інтуіцыя падкажа, як і што зрабіць. Бо я люблю карміць людзей…

Пажылая пара ў адзін з выхадных прыйшла да нас. Шаноўныя людзі былі здзіўлены і захоплены. Казалі: за савецкім часам усё было па-іншаму. Ён, кандыдат фізіка-матэматычных навук, як даведаўся, што я таксама кандыдат навук, сказаў, сыходзячы: калі чалавек дамагаецца поспеху ў навуцы, то ён даб’ецца поспеху ўсюды. А яшчэ адна пажылая дама прыязджае з далёкага ад нас раёну Мінску — з Каменнай Горкі. І сядзіць падоўгу, смакуючы каву. Кажа: найлепшая ў горадзе…

Людзі любяць нашу ўтульнасць. І я тут не працую — я адпачываю. На нагах па 12 гадзін, і мне гэта падабаецца. Да меркаванняў гасцей кавярні, вядома ж, прыслухоўваюся: так з’явіліся тыя вязаныя трусікі на траўцы ля сцяны з карцінай.

Карціну на сцяне, што бачна праз вітражнае акно, напісаў мастак Аляксандр Барычэўскі разам з Наталляй Калесінковіч па матывах твораў беларускай мастачкі Ганны Селівончык. Паўтара месяца яны працавалі. Спачатку я ідэю — акультурыць сцяну — агучыла. Потым Аляксандр прыехаў, пагля­дзеў, усё зразумеў і сказаў: даверся, усё зраблю, табе спадабаецца. Я рызыкнула, даверылася — нават эскізаў не было. Аднойчы прыйшла і ўбачыла: круасаны ляцяць… Шмат пазітыву. І мне адразу ўсё безумоўна спадабалася.

Наша кавярня — гэта месца з душой, я ўжо неяк пра тое казала. Першапачаткова хацелася, каб гэта быў не камерцыйны праект — такіх кавярняў у Мінску дастаткова. Вельмі доўга я іх наведвала, назірала: вось гэта мне падабаецца, а гэта — ніколькі. Я ўяўляла сабе сваю кавярню з асаблівай цёплай атмасферай. Таму ўсе дэталі інтэр’ера выбіраліся індывідуальна, усё стваралася ўручную. Вось, напрыклад, на тое, каб развесіць ніткі над барнай стойкай, спатрэбілася шэсць га­дзін. Я сама гэта рабіла. Саша лесвіцу перастаўляў і часам яе падтрымліваў.

У афармленні нам дапамагала дызайн-студыя інтэр’ера ILEDA. Многія дэталі, у тым ліку аплікацыя з катом, якую цяпер дапаўняюць ліхтарыкі, на сцяне ў дзіцячай зоне — іх ідэя. А гузікі на чахлах да крэслаў рабіў мой тата.

У нас тры барыста. Павел — настаўнік барыстыкі, кава-трэнер, праз яго 500 вучняў прайшло. Марына — барыста з пяцігадовым стажам. Наташа — зусім юная, але ўжо выдатна разбіраецца ў каве. Праца барыста — гэта ж і знаёмства з кававым зернем. Калі пачынаеш працаваць, то разумееш, што гэта не банальны напой, не горкая чорная субстанцыя. Кава — напой складаны: у ім жа каля 800 араматычных і смакавых складнікаў.

Мне смажаць кававае зерне спецыялісты фірмы «Singl Step». Само абсмажванне — складаны працэс. Шмат каму здаецца, што абсмажыць каву — гэта як семачкі. Аднак тут шмат што трэба ведаць: і шчыльнасць зерня, і на якой вышыні, дзе тая кава расла… Майстар павінен раскрыць смакавы патэнцыял зерня, а яго ж лёгка й загубіць. Каб зварыць добрую каву, трэба ўсё пралічыць, гарманічна суаднесці.

У кава-фэстах пакуль не прымаем удзел: ранавата, бо і года не прайшло. Раз на месяц нас запрашаюць на павышэнне кваліфікацыі. Я ж сама павінна разбірацца ў смаку, бо аддаю перавагу толькі якасным прадуктам. Ёсць у нас і спецыяліст па падборы персаналу. Я павінна быць упэўненая ў людзях. Цяпер каманда набрана, і пакуль я задаволеная маімі барыста.

Адышлі ў нябыт у Беларусі тыя часы, калі велізарныя цяжкасці былі пры афармленні бізнесу. Прынамсі, у нас усё праходзіла мякка, інтэлігентна.

Мы — праціўнікі агрэсіўнай рэкламы. Нам важней, як спрацуе «сарафаннае радыё»: як хваля цікавасці да нашай «Кофты» пойдзе «ў народ», закране струны душы тых, хто сапраўды здольны на тонкія пачуцці, хто шануе добрую каву і спадарожную яе смаку атмасферу. Мы ўваходзім у кававы свет пяшчотна і мякка. Ёсць у нас старонка ў Інстаграм, а сайт пакуль яшчэ ствараем.

Нашы дзеці-двайняткі вельмі любяць бываць у кавярні. Бацькі таксама сюды прыязджаюць. Мы бачым, як яны намі ганарацца. І вельмі, паўтаруся з удзячнасцю, нам дапамагаюць.

Бывалі ўжо дні, калі месцаў у кавярні нашай не было: госці пад дзвярыма чакалі. Не заўсёды можна прадбачыць плынь гасцей. Памятаю, неяк тры кампаніі па чалавек пяць зайшлі — вось зала й напоўнілася. У нас тут недалёка й Дом міласэрнасці, і Нацыянальная бібліятэка прама ад вокнаў нашай кавярні бачная, так што народ цікавы па гэтай вуліцы ходзіць. У выхадныя асабліва людзей шмат.

У развіццё кававай культуры ў Беларусі я веру. І мне здаецца, што яна цалкам асаблівай будзе. З часам.

Валянціна і Іван Ждановічы

Фота Івана Ждановіча

Загаловак у газеце: Адна цёплая гісторыя

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.