Вы тут

Лукашэнка пра медальныя задачы Беларусі на Еўрагульнях: Не менш, чым у Баку


Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы на пасяджэнні Выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.


Пра НАК

Спачатку беларускі лідар нагадаў аб дамоўленасці перыядычна сустракацца на пляцоўцы Нацыянальнага алімпійскага камітэта, абмяркоўваць найважнейшыя пытанні ў спартыўным жыцці нашай краіны.

«Як вядома, НАК займае асаблівае месца ў сістэме фізічнай культуры і спорту. Сярод важнейшых напрамкаў яго працы - развіццё алімпійскага руху ў цесным узаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі і мясцовымі ўладамі, каардынацыя дзейнасці рэспубліканскіх федэрацый па відах спорту», - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што ў апошні час НАК некалькі збавіў абароты. «Калі раней у гэтым будынку кіпела жыццё, праводзіліся рэзанансныя мерапрыемствы па алімпійскай адукацыі, падтрымцы дзіцяча-юнацкага спорту, то цяпер гэтай працы амаль не відаць і не чуваць. Павеяла нейкім холадам ў адносінах з федэрацыямі, гэта дрэнна, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Важна, каб менавіта НАК быў цэнтрам прыцягнення для спартсменаў, трэнераў, нашых славутых чэмпіёнаў, падрастаючага пакалення. Гэта і іх дом таксама».

Пра падрыхтоўку да Еўрагульняў

«Але сёння мы павінны разгледзець пытанні гатоўнасці краіны і нашых спартсменаў да ІІ Еўрапейскіх гульняў, да гэтай маштабнай спартыўнай падзеі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Яна, безумоўна, стане найважнейшым грамадска-палітычным мерапрыемствам у гісторыі суверэннай Беларусі».

Паводле яго слоў, да нашай краіны ў гэтыя дні будзе прыкавана пільная ўвага сусветнай супольнасці. Задача - не толькі правесці Гульні на самым высокім узроўні, але і ў чарговы раз паказаць, што на нашай зямлі створаны камфортныя і, што немалаважна, бяспечныя ўмовы для жыцця і самарэалізацыі чалавека.

Таксама кіраўнік дзяржавы нагадаў, што для падрыхтоўкі Гульняў створаны аргкамітэт на чале з прэм'ер-міністрам, выдзяляюцца неабходныя фінансавыя сродкі.

«Спартыўныя аб'екты, тэлекамунікацыі, дарожная сетка, пасажырскі транспарт, студэнцкая вёска - усё павінна адпавядаць самым высокім стандартам. Як мне дакладваюць, пытанні вырашаюцца, і вырашаюцца аператыўна. Мадэрнізацыя задзейнічанай інфраструктуры ідзе па плане, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Разам з тым, хацелася б на гэтую тэму сёння пагаварыць прадметна для таго, каб, магчыма, больш не вяртацца да яе да пачатку Гульняў».

Ён чакае канкрэтных прапаноў па ўсіх незавершаных будоўлях, закупках інвентара і абсталявання, прыцягненні дадатковых сіл і сродкаў.

Акрамя таго, была пастаўлена задача жорстка кантраляваць выдаткі. Забяспечыць рацыянальнае выкарыстанне ўсяго абсталявання, што закупляецца, аўтапарку, пабудаваных аб'ектаў пасля завяршэння Гульняў. «Як выконваюцца патрабаванні, ці есць адпаведныя планы?»  - спытаў Прэзідэнт.

Пра спартыўныя задачы для нашай зборнай

«Далей, да якога спартыўнага выніку мы імкнемся? Медальныя планы на Гульні публічна не агучваліся, тым не менш, задача стаіць канкрэтна: не менш, чым у Баку, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы спаборнічаем дома, на сваіх арэнах, пры роднай публіцы. Падтрымка ўсяго беларускага народа, зразумела, будзе забяспечана. Таму ў нас няма права выступаць на гэтых Гульнях дрэнна».

Кіраўнік дзяржавы заклікаў давесці гэта да спартсменаў і трэнераў, настройваць іх на барацьбу, нацэльваць на перамогу.

«І мы гэта можам. І апошні чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы паказаў, што мы не проста можам, а мы можам на роўных змагацца з вядучымі дзяржавамі нашай планеты. Ёсць і зваротны прыклад - наш біятлон. Грошы выдаткавалі немалыя, а што ён паказаў, вы таксама ведаеце. Тое ж самае, Сяргей Мікалаевіч [Румас, прэм’ер-міністр Беларусі – “Звязда”], футбол. Тое ж самае - хакей, сур'ёзна давядзецца падумаць. Але гэта размова пасля чэмпіянату свету, у той групе, у якую мы з вамі зваліліся, у прыватнасці, хакеісты. Па біятлоне мы яшчэ разбярэмся, і па іншых зімовых відах спорту. Трэба мець на ўвазе, што медалі - гэта не толькі спартыўны вынік. Гэта гонар і слава Радзімы», - дадаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў: спорт - гэта не проста нейкае забаўляльнае відовішча, гэта бітва, гэта вайна, толькі не гарачая.

Дарэчы, а як беларуская зборная выступіла на І Еўрапейскіх Гульнях 2015 года ў сталіцы Азербайджана – Баку? Тады наша дружына заваявала 43 медалі, у тым ліку 10 залатых, 11 сярэбраных і 22 бронзавыя. Беларусь заняла 7-е месца ў неафіцыйным агульнакамандным заліку па вартасці медалёў.

З першых вуснаў

Як расказаў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, у цэлым краіна знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці да правядзення Еўрапейскіх гульняў. Штотыдзень пад яго кіраўніцтвам праводзяцца пасяджэнні рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта, на якіх разглядаюцца актуальныя праблемныя пытанні, прымаюцца рашэнні.

На Гульнях будуць задзейнічаны 15 спартыўных аб'ектаў. Па кожным з іх рэалізуюцца дэталёвыя планы падрыхтоўкі. У цяперашні час заканчваецца ўзвядзенне часовай інфраструктуры, завяршаецца закупка неабходнага абсталявання. Задача - да 15 мая забяспечыць поўную гатоўнасць усіх аб'ектаў.

На спартыўных аб'ектах ужо праведзены тэставыя спаборніцтвы па 14 спартыўных дысцыплінах. З красавіка да пачатку чэрвеня будуць праведзены тэставыя спаборніцтвы яшчэ па 12 дысцыплінах у 7 відах спорту. Значных праблем не было выяўлена.

Практычна завершана распрацоўка інфармацыйна-тэхналагічнай платформы. Асобныя модулі сістэмы ўжо пратэставаны, у мае будуць пратэставаныя ўсе сэрвісы.

Для заўзятараў і турыстаў з улікам ужо запланаванага размяшчэння спартсменаў будзе даступна каля сямі тысяч месцаў - не лічачы кватэр у арэнду. Вызначаны месцы пражывання ў Мінскай вобласці – даступна больш чым 18 тысяч месцаў у гасцініцах, санаторыях, аграсядзібах.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.