Вы тут

Як праводзяць абрад «Ваджэнне Сулы»


Абрад «Ваджэнне Сулы» ў Гомельскім раёне цяпер атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.


Фота: yesbelarus.com

«Ваджэнне Сулы» ў Гомельскім раёне праводзяць на другі дзень Вялікадня. Сёлета абрад адбудзецца 29 красавіка. Пасля Велікоднай літургіі ў Свята-Кацярынінскай царкве вёскі Гадзічава жанчыны і дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне дарог каля храма і заводзяць старажытныя мясцовыя карагоды — «танкі». Узяўшыся пад рукі, шэрагамі ідуць з песняй «Як ішла Сула», а затым з прыпеўкамі пад гармонік у бок вёскі Маркавічы, уздоўж старога Кацярынінскага шляху. У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляюцца ўдзельнікам Сулы падчас абходу вёскі, «танкі» паўтараюцца, а рух уздоўж дарогі суправаджаецца абрадавымі спевамі, гульнямі і прыпеўкамі пад гармонік. На ўсім шляху да Сулы далучаюцца ахвотныя. Завяршаецца абрадавае свята каля сельскага Дома культуры сумесным частаваннем і гуляннем.

Як расказала вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц, абрад заўсёды быў скіраваны на забеспячэнне добрай ураджайнасці, а таксама на здароўе ўсіх мясцовых жыхароў і засцярогу ад прыроднай стыхіі — маланкі:

— У Суле аб'ядноўваюцца дзве суседнія вёскі — Гадзічава і Маркавічы — і іх жыхары. Асноўныя ўдзельнікі — мясцовая моладзь, выканаўцы абрадавых дзей — жанчыны і дзяўчаты, якія апранаюцца ў прыгожыя, па-мясцоваму адметныя, самаробныя строі. Слова «Сула» ў разуменні вяскоўцаў азначае як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў.

Штогадовае правядзенне абраду «Ваджэнне Сулы» ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна было перапынена ў 1967 годзе мясцовымі ўладамі і адноўлена праз 40 гадоў, у 2007-м намаганнямі энтузіястаў пры падтрымцы супрацоўнікаў Маркавіцкага дзіцячага садка — сярэдняй школы.

Цяпер пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (ад 19 сакавіка 2019 г. № 16) абраду нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэты абрад стаў 11-й нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Гомельскай вобласці, уключанай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Карагоды з Сулай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».