Вы тут

Ужо трэцім выданнем пабачыла свет кніга «Грошык і таямнічы кошык»


У выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» ўжо трэцім выданнем пабачыла свет кніга лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Ліпскага «Грошык і таямнічы кошык» («Азбука фінансавай граматнасці ад «Беларусбанка»).


Мы шмат гаворым і пішам пра неабходнасць выдання літаратуры сацыяльна значнай, самым непасрэдным чынам скіраванай на вырашэнне адукацыйных і выхаваўчых задач у стасунках кнігі і юнага чытача. А не заўсёды думаем пра тое, якія веды сёння патрэбны зусім юным, як іх даносіць да маленькіх чытачоў. Выслухаўшы кансультацыі спецыялістаў у галіне фінансавай, банкаўскай справы, вядомы дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ліпскі прыдумаў сваю гісторыю, свой аповед. Які ён, у кнізе «Грошык і таямнічы кошык», растлумачвае ўжо прадмова, напісаная ад імя «Беларусбанка»: «... Ведаеш, я пражыў дастаткова многа і магу цябе запэўніць: змены ва ўсім адбываюцца вельмі хутка. І ўжо праз некаторы час для таго, каб выключыць святло ў пакоі, табе дастаткова будзе націснуць адну кнопку ў тэлефоне; каб набыць марожанае ў краме, не спатрэбіцца шукаць у кішэні манеты ці папяровыя грошы, бо іх проста не будзе, і ты разлічышся з дапамогай карткі або тэлефона.

Усё мяняецца. Кожны дзень мяняюся і я. Вельмі хачу табе пажадаць, каб і ты рабіў тое самае — гэта вельмі важна. Спазнавай свет, абавязкова будзь дапытлівы, заўсёды вучыся новаму, многа вандруй і абавязкова чытай добрыя кнігі. Вось, напрыклад, гэтую. Яна вельмі цікавая і, самае галоўнае, яна навучыць цябе правільна абыходзіцца з грашыма. А калі ўзнікнуць пытанні, прыходзь да мяне, не саромейся, я дапамагу. Тым больш што мы з табой будучыя сябры».

Вось як расшыфроўвае само слова «банк» аўтар: Б — будынак, А — ахоўнік, абаронца, Н — накапленні, К — капітал, кліент. І дадае: «Банк — гэта агульны, усіхні кашалёк, своеасаблівая народная і дзяржаўная скарбонка». Красамоўнымі падаюцца і назвы раздзелаў кнігі Уладзіміра Ліпскага: «Свежая капейка», «Хітрая скарбонка», «Грашовы куб», «Чароўная картка», «Сакрэты купюр», «Ратаўнік крэдыт», «Дзіва-музей», «Курс — дарога рубля», «Слуга і дабрахот», «Каштоўныя паперы», «Спагадлівы страх», «Самы вялікі кашалёк». Уражвае наклад кнігі «Грошык і таямнічы кошык» — 2800 экзэмпляраў. Мастак выдання — К. Білан. Можна смела сцвярджаць, што азбука фінансавай адукаванасці, створаная ў выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім з дапамогай «Беларусбанка», знойдзе шырокае кола чытачоў у асобах малодшых школьнікаў і іх бацькоў.

Сяргей ШЫЧКО

Загаловак у газеце: Грошык у кошыку

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.