Вы тут

Як у Магілёве плануюць ратаваць помнікі архітэктуры


На тэрыторыі Магілёўскай вобласці шмат цікавых архітэктурных помнікаў, якія маюць для Беларусі вялікую гістарычна-культурную каштоўнасць. На жаль, яны не ў самым лепшым стане і працягваюць разбурацца. Падчас правядзення акцыі «Задай пытанне Прэзідэнту» жыхар Магілёва Алег Дзьячкоў звярнуў увагу на касцёл дамініканцаў ХVІІІ стагоддзя ў аграгарадку Княжыцы і старажытныя будынкі па вуліцы Лазарэнкі (былой Віленскай) у Магілёве.


Кня­жыц­кі кас­цёл про­сіць да­па­мо­гі.

Спачатку крыху гісторыі. У гісторыка-краязнаўчым выданні «Наш край Магілёўскі» гісторыка і пісьменніка Мікалая Барысенкі ёсць падрабязнае апісанне гэтай славутасці. Княжыцкі касцёл з'яўляецца помнікам архітэктуры барока, ён быў пабудаваны ў 1681 годзе ўладальнікам мястэчка надворным харунжым Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Пацам і першапачаткова быў драўляным. А каменным ён стаў ужо ў ХVІІІ стагоддзі. За сваё жыццё будынак пабываў і каталіцкім, і праваслаўным. Даследчыкі звяртаюць увагу і на тое, што ён мае асаблівасці ўніяцкіх цэркваў тых часоў. Велічная пабудова з пілястрамі і арачнымі праёмамі выглядае самавіта і відаць з дарогі яшчэ за некалькі кіламетраў. На жаль, стан яе не радуе.

— Зараз там небяспечна знаходзіцца нават побач, вельмі вялікая імавернасць абрушэння. Касцёл трэба як мага хутчэй ратаваць, — перасцерагае Мікалай Барысенка. — Перш за ўсё трэба яго максімальна закансерваваць. Зрабіць дах, закрыць вокны, каб вільгаць не трапляла ўнутр. Такі помнік, як княжыцкі касцёл, павінен быць захаваны. Ён цікавы і як экскурсійны аб'ект, і як гісторычна-культурная спадчына.

У адказе заяўніку з Магілёўскага аблвыканкама гаворыцца пра тое, што княжыцкі касцёл Святога Мікалая ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны і мае другую катэгорыю каштоўнасці. У 2015 годзе ў адпаведнасці з дзяржпраграмай «Культура Беларусі» была распрацаваная праектна-каштарысная дакументацыя для правядзення супрацьаварыйных работ па кансервацыі, а таксама выкананы праект зоны аховы. Аб'ект быў уключаны ў спіс мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы на 2016—2020 гады для правядзення аднаўленчых работ. Патрэбна 370 тысяч рублёў, але такіх сродкаў ні ў раённым, ні ў абласным бюджэтах на гэтыя мэты сёння няма. Аблвыканкам даручыў Магілёўскаму райвыканкаму разгледзець магчымасць кансервацыі аб'екта з прыцягненнем сродкаў з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, а таксама актывізаваць работу па прыцягненні пазабюджэтных сродкаў.

Ка­лі не за­ха­ваць гэ­тыя бу­дын­кі, ста­ры Ма­гі­лёў хут­ка знік­не.

Цяпер што датычыцца гістарычных будынкаў па вуліцы Лазарэнкі, былой Віленскай, пад нумарамі №№ 7, 13, 15. Яны з'яўляюцца часткай гістарычна-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Магілёва: будынкі і збудаванні...» і ўключаны ў дзяржаўны спіс.

Уласнікам будынка № 7 сёння з'яўляецца рэлігійная арганізацыя хрысціян веры евангельскай. Летась арганізацыі быў дадзены дазвол Міністэрства культуры, а таксама Магілёўскага гарвыканкама на правядзенне навукова-даследчых і праектных работ па рэканструкцыі аб'екта і добраўпарадкаванні тэрыторыі. За неналежнае ўтрыманне аб'екта ўласнік ужо двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. У цяперашні час будынак зацягнуты будаўнічай сеткай, вывезена смецце і прыбрана пустазелле.

Уласнікам будынка № 13 з'яўляецца будаўнічае прадпрыемства «ЭмВік-ПрафБуд». Будынак абнесены сеткай і агароджаны з унутранага боку. Зараз, па інфармацыі аблвыканкама, распрацоўваецца праектная дакументацыя.

А будынак № 15 у будучыні павінен стаць шматкватэрным жылым домам з адміністрацыйнымі памяшканнямі. Магілёўскі гарвыканкам дазволіў яго ўласніку ТАА «Вінэртрэйд» праводзіць праектна-пошуковыя работы і будаўніцтва. Пытанне захаванасці гэтых помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны знаходзіцца на кантролі гарвыканкама.

Дарэчы, усе гэтыя будынкі адносяцца да ХІХ—ХХ стагоддзяў, яны будаваліся як даходныя дамы. На першых паверхах былі невялічкія крамы, а на верхніх — жылыя памяшканні.

— Такіх будынкаў у Магілёве засталося зусім мала. Калі іх не захаваць, мы цалкам страцім стары горад, — звяртае ўвагу Мікалай Барысенка. — Трэба арганізаваць якасны нагляд за выканнем работ на гэтых аб'ектах. Яны ні ў якім разе не павінны ператварыцца ў руіны.

Падрыхтавала Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Алега ДЗЬЯЧКОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.