Вы тут

Як зброя ператвараецца ў макеты


Пабачылі журналісты і ўдзельнікі семінара, прысвечанага Кіраўніцтву па перадавому вопыту АБСЕ ў галіне дэактывацыі лёгкай і стралковай зброі, наведаўшы цэх рамонту стралковай зброі ў 25-м арсенале населенага пункта Коласава. Тут баявыя “ПМ” і “АК” становяцца бяспечнымі макетамі для музеяў і здымак у кіно, якія знешне ўсё роўна выглядаюць як узбраенне.


У семінары ўзялі ўдзел 37 чалавек з 13 краін-удзельніц АБСЕ. Яны абмяняліся вопытам па дэактывацыі лёгкай і стралковай зброі, яе захавання і кантролю з мэтай папераджэння яе незаконнага абароту, які маецца ў кожнай з краін. Прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі, якую арганізатары семінара называюць донарам міжнароднай бяспекі, змаглі не толькі расказаць пра напрацоўкі ў сферы дэактывацыі зброі, але і паказаць астатнім удзельнікам, як гэта адбываецца на практыцы.

У цэху, які першапачаткова будаваўся з мэтай рамонту зброі, старую стралковую амуніцыю пераробліваюць у макеты, якія канструктыўна падобныя да зброі. Штогод утылізацыяй, у тым ліку і пераабсталяваннем у макеты, у краіне канчаюць сваё баявое жыццё тысячы адзінак зброі.

Як заўважыў начальнік штаба ўзбраення Міністэрства абароны Беларусі генерал-маёр Андрэй ФЕДЗІН, улік зброі строга кантралюецца ад моманту выхаду баявых адзінак са склада да вяртання іх туды ўжо ў выглядзе макетаў. Так забяспечваецца захаванне зброі. Пры гэтым, “нягледзячы на існуючы электронны рэестр зброі, лепш за папяровыя носьбіты, на якія нельга здзейсніць атаку, яшчэ нічога не прыдумалі”, - падкрэсліў ён.

Неабарачальныя змены, якія поўнасцю выключаюць у далейшым магчымасць выкарыстаць зброю як баявую, уносяцца ў яе паэтапна. Кожная аперацыя пратакаліруецца і дакладна апісваецца, што падчас яе было зменена. Прысутныя пабачылі некаторыя адзінкі армейскага ўзбраення - пісталет-кулямёт Шпагіна, пісталеты Макарава, Токарава і нават вінтоўку, якая выраблялася ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Уся гэтая амуніцыя была прадстаўлена ў чатырох варыянтах: цэлая і разабраная баявая адзінка і сабраны і ў дэталях макет, які атрымаўся з гэтай зброі.

На кожным рабочым месцы выконваецца свая аперацыя. Самым першым на нашых вачах разабралі пісталет-кулямёт Шпагіна (ПКШ), на што спатрэбілася менш за хвіліну.

Наступным крокам адбываецца механічная апрацоўка затвораў і магазінаў. Тут у зброі зразаецца пярэдняя частка затвора і губка, якая фіксуе магазін.

Асобна апрацоўваюцца і драўляныя вырабы. Для прыкладу прысутным паказалі ложы вінтовак і прадэманстравалі, як з драўлянай часткі ПКШ здымаюць лак.

Грубая ачыстка металу, у прыватнасці ад карозіі, таксама адбываецца асобна на спецыяльным прыстасаванні з дротавымі шчоткамі, з дапамогай якіх здымаецца старое пакрыццё.

На ўчастку ўтылізацыі з тульнай часткі канала ствала ўварваюцца металічныя заглушкі. Пасля з дэталі на ўчастку шліфавання пасля зваркі здымаюць шламы і наплывы.

На яшчэ адным этапе змянення зброі з канала ствала здымаюцца нарэзы.

Чыставая апрацоўка паверхні металу — заключная аперацыя перад адпраўкай дэталяў на гальванічны ўчастак, пасля чаго яны збіраюцца ў макет. Атрыманыя ўзоры правяраюцца, унесеныя ў іх змены апісваюцца.

Удзельнікі семінара адзначылі адкрытасць беларускага боку ў плане паказу працэсу дэактывацыі ЛСЗ і карысць напрацаванай практыкі ў гэтым напрамку.

Мяркуецца, што наступнае падобнае мерапрыемства, магчыма, пройдзе ў Кыргызстане, куды Беларусь запрашаюць як удзельніка, які можа падзяліцца сваім вопытам у справе дэактывацыі ЛСЗ.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палеская Амазонка, або Веснавая паводка на Прыпяці

Палеская Амазонка, або Веснавая паводка на Прыпяці

Там, дзе сонца агнёвымі крыллямі Хоча слёзы балота выпіць, Шэпча хвалямі ціха гуллівымі

Грамадства

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Крысціна Пасечнік вырасла ў сям’і цыркавых артыстаў. Дзяцей у такіх сем’ях звычайна раз, два і ўсё. Але ў Бога на яе конт былі іншыя планы.

Грамадства

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Аб тэлебачанні, сям'і, сакрэтах прыгажосці, здароўя і добрага настрою.

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.