Вы тут

Мастакі з розных краін зрабілі графіці ў Маладзечне


Актывісты горада, якія натхніліся ацэнкай Маладзечна як негалоснай сталіцы беларускага стрыт-фуду дзякуючы знакамітым "лацінабургерам", пайшлі далей і стварылі першую ў краіне "вуліцу стрыт-фуду", упрыгожаную графіці вулічных мастакоў з розных краін. Свой праект маладзечанцы прадставілі на 12-ы конкурс сацыяльных ініцыятыў Social Weekend, і атрымалі падтрымку velcom | A1 у намінацыі "Па-беларуску". Завяршэнне праекту плануецца адзначыць гэтым летам падчас адмысловага гастрафэсту.


Яшчэ ў пачатку красавіка на вуліцы ката Францыска (так яе назвалі месцічы ў гонар пушыстага ката, якога падкормліваюць уладальнікі ўсіх тутэйшых кавярняў) сабраліся 48 вулічных мастакоў з Беларусі, Расіі, Эстоніі, Азербайджана, Італіі, Люксембурга і іншых краін. Яны размалявалі павільёны міні-рынка разнастайнымі карцінамі, якія аб'ядноўвае тэма экалогіі і клопату пра прыроду. А з іншага боку вуліцы неўзабаве з'явіцца серыя роспісаў у межах адукацыйнага курса "Мастацтва як сацыяльная практыка і працэс даследавання свету", які мясцовыя пачаткоўцы графіці будуць праходзіць пад куратарствам вядомага мастака Bazinato, аўтара нашумелай скульптуры "Вялікая істоты" на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску.

Аўтары праекту абвясцілі, што ўлетку зладзяць тут гастрафэст, у якім возьмуць удзел як мінімум 12 устаноў харчавання. "Тут можна будзе набыць сувеніры з адмысловай калекцыі, якую робяць маладзечанскія майстры, і забраць кавалачак вуліцы з сабой", – адзначае адна з актывістаў ініцыятывы Ганна Сафронава. У прыватнасці, турысты змогуць набыць майкі з выявай ката Францыска, торбы з графіці або мыла ў выглядзе "лацінабургера".

У перспектыве маладзечанцы збіраюцца зрабіць "вуліцу стрыт-фуду", па-першае, цалкам пешаходнай, а па-другое, абсталяваць яе безбар'ернымі элементамі для людзей з рознымі магчымасцямі. У планах – адкрыццё сцэны для вулічных музыкаў, дзіцячай пляцоўкі і прасторы для выстаў.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».