Вы тут

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння


Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў. На наступным тыдні ў Вольгі Падгайскай дзве прэм'еры. 25 красавіка ў культурным цэнтры «Корпус» зайграе калектыў Fіvе-stоrеу Еnsеmblе, у якім Вольга выступае кампазітарам, а таксама выканальніцай. У праграме «Не зіма» апроч іншага прагучыць некалькі твораў з будучага, ужо трэцяга, альбома Fіvе-stоrеу Еnsеmblе, у тым ліку адзін прэм'ерны. А 26 красавіка ў дзяржаўнай філармоніі пройдзе адзін з канцэртаў фестывалю «Мінская вясна» «Вайна і мір», які арганізатары называюць нават не канцэртам, а нечым блізкім да перформансу. Беларускі кампазітар і арганіст таксама вядомая як аўтар музыкі да нямых фільмаў пад адкрытым небам фестывалю «Кінемо». Мы сустрэліся ў музычнай школе, дзе Вольга выкладае, і распыталі аб прэм'ерах, «інфраструктуры» акадэмічнай музыкі ў Беларусі і рэакцыі слухачоў на тэрменвокс.


— Вучні да вас, напэўна, ставяцца з вялікай прыязнасцю.

— Я зараз вам балбачу, а ўяўляеце, як урокі вяду? Гэта жах! Напрыклад, маналог Пімена з оперы «Барыс Гадуноў» Мусаргскага — звычайна мы яго праходзім зімой — слухаем пры выключаным асвятленні. Мы сядзім у цемры, у акно свеціць ліхтар, а Пімен спявае, як сядзіць у келлі. У мяне ёсць любімы выраз: «Любога з вуліцы запытай — ён табе адкажа». Што такое трытон, напрыклад. І вось неяк у пачатку верасня, калі, натуральна, ніхто нічога не памятае, мы паўтараем гаму до-мажор. Усе фальшывяць, і я зноў кажу, што любы чалавек з вуліцы зможа яе праспяваць. У гэты момант у акно зазірае нейкі бяздомнік, ідэальна спявае гаму до-мажор і знікае. Мы з вучнямі некалькі хвілін сядзелі моўчкі, пакуль я не вымавіла: «Ну я ж казала».

— Дэбютны альбом вашага калектыву Fіvе-stоrеу Еnsеmblе быў выпушчаны ў Італіі і прэзентаваны ў Партугаліі ў 2013 годзе. Як атрымалася арганізаваць такі добры міжнародны старт?

— Да Fіvе-stоrеу Еnsеmblе ў нас быў гурт «Рацыянальная дыета». Італьянскі лэйбл Аltrоk Рrоduсtіоns неяк на нас выйшаў і прапанаваў выдацца. Мы за гэты час перайменаваліся, памянялі склад і стылістыку, але яны ўсё роўна нас запрасілі і арганізавалі прэм'еру ў Партугаліі.

— Пасля вы выконвалі гэту музыку ў Беларусі. Ці можна ўжыць нейкія параўнальныя характарыстыкі да таго, як яе ўспрынялі ў Партугаліі і тут? І ўвогуле ці ёсць у нас публіка, зацікаўленая ў сучаснай музыцы акадэмічнай скіраванасці?

— Адзінае адрозненне — еўрапейскія людзі больш свабодныя і таму адкрыта паказваюць свае пачуцці. У Еўропе адчуваеш аддачу, бачыш, дзеля чаго ты ўсё гэта робіш, разумееш, што іграеш не ў пустэчу і ёсць нейкі рэзананс. І ў Беларусі ты, вядома ж, іграеш не ў пустэчу, але цябе паслухаюць з такімі лайт-эмоцыямі — і ўсё, да пабачэння. Публіка ёсць і будзе павялічвацца, калі і «даваць» мы будзем больш. Яна баіцца сучаснай акадэмічнай музыкі — акей, тады мы іграем Бетховена, Чайкоўскага і адзін маленькі сучасны твор. Так было з канцэртамі арганнай музыкі ў касцёле: напачатку мне забаранялі ўключаць у праграму нешта новае, маўляў, нашы бабулі не будуць гэта слухаць. На першым канцэрце я сыграла класіку і ў канцы ўставіла маленькую бірулечку Падгайскай — не страшна, ніхто не памёр. На другім канцэрце я сыграла дзве Падгайскай, потым дадала Канстанціна Яськова, а ў выніку мы зрабілі цэлы канцэрт спецыяльна напісанай беларускай арганнай музыкі з тэрменвоксам (музычны інструмент. — Аўт.). Таксама ніхто не памёр! Гэта ўсё выхоўваецца.

— На гэтым апошнім канцэрце ў вас здарылася нечаканасць...

— З году ў год перад канцэртамі я ўсё больш і больш хвалююся. За пяць хвілін да выступлення мой настаўнік падышоў да мяне і сказаў: «Вольга, вы толькі не хвалюйцеся, — пасля гэтай фразы мне стала яшчэ горш. — Нашы бабулі паскардзіліся, што вы іграеце чартаўшчыну, таму трэба максімальна прыбраць тэрменвокс». А кампазітары паўгода пісалі музыку для гэтага канцэрта... Усё, канешне, прагучала, але атрымалася б нашмат лепш, калі б для некага мы не выглядалі сатаністамі. А неяк я іграла на фестывалі нямога кіно і жывой музыкі ў берлінскім кінатэатры «Вавілон», дзе сапраўдны арган убудаваны літаральна ў экран. Там я сустрэла аднаго з першых майстраў аргана — такога душэўнага дзядка, які пасля майго выступлення сказаў: «Ай, ты іграеш адну і тую ж ноту, я гэтага не разумею, такое я і сам мог бы сыграць».

— На наступным тыдні Fіvе-stоrеу Еnsеmblе прадставіць прэм'еру. Што гэта будзе?

— Мы сыграем некалькі п'ес з папярэдняга альбома і тры з новага, які пакуль што ў працэсе стварэння. Два творы з новых ужо іграліся ў розных месцах, толькі не нашым складам, а п'еса «Фойхтвангер» дапрацавана толькі два тыдні таму — на канцэрце будзе яе прэм'ера.

— Апроч гэтага набліжаецца прэм'ера твора «Вайна і мір», што з'яўляецца прыкладам вашай «праектнай» супрацы з беларускімі калектывамі, у гэтым выпадку з харавой капэлай імя Шырмы. Як склаўся гэты праект?

— Дырыжор капэлы Воля Янум падчас адной размовы запыталася, ці ёсць у мяне нешта прысвечанае вайне, бо праз паўгода ў іх мае адбыцца канцэрт. У мяне нічога не было, і я сказала: «Напішу новае». Я люблю пісаць пра вайну, з дзяцінства бачу яе ў снах — там у мяне страляюць, альбо я жыву ў яўрэйскім гета, альбо на маіх вачах некага мардуюць. Ёсць такая з'ява ў псіхалогіі: калі чалавек маўчыць пра нешта балючае, яго веды перадаюцца праз пакаленні, быццам у генах. Мая бабуля прайшла канцлагеры і турмы і ніколі пра гэта не расказвала, як шмат з тых, хто перажыў падобнае. Тэма вайны мяне кранае, таму і музыка нараджаецца адпаведная, я быццам перажываю гэты боль, і ён выходзіць вонкі. У выпадку з гэтым творам важна было знайсці прыдатны тэкст. Я хацела, каб на канцэрце пелі на розных мовах: мне бачылася карціна, у якой людзей розных нацыянальнасцяў вагонамі прывозяць у лагер. Пакуль я ўзяла беларускую і англійскую. Знайсці тэкст мне дапамог Андрэй Хадановіч, ён шукаў два дні і прапанаваў мне амерыканскага паэта Х'ю Одэна, якога на беларускую пераклаў Віталь Рыжкоў. Гэты тэкст мне і «дыктаваў», што пісаць.

— Вы адзін з нямногіх кампазітараў, што перыядычна прадстаўляюць сваю музыку, напрыклад, на музычных фестывалях і атрымліваюць прапановы аб супрацы. Як здарылася лядовая опера-буф да чэмпіянату свету па хакеі?

— Фестываль Юрыя Башмета кожны год заказвае прэм'еру аднаму з беларускіх кампазітараў — Валерыю Воранаву, Алегу Хадоску, Канстанціну Яськову, мне. Хаця ў асноўным такія прапановы не з'яўляюцца заказам, а становяцца ідэяй, штуршком, імпульсам. Калі ідэя адразу табе «гарыць», значыць, добра пойдзе. Опера-буф узнікла дзякуючы музею-майстэрні Заіра Азгура, які запытаўся, што мы маглі б зрабіць. Мой муж сказаў: «Мы напішам оперу і паставім яе проста на лёдзе!». Меркавалася грандыёзна, хоць, канешне, было лёгка сказаць. Мы ставілі оперу з музыкальнай капэлай «Санорус» і рознымі салістамі, сабраць якіх разам было цяжка, а арэнда манежа на дзве гадзіны, каб проста парэпеціраваць, была надзвычай дарагой. Але самыя вар'яцкія ідэі звычайна ажыццяўляюцца.

— Як вам бачыцца, ці ёсць у нас «інфраструктура» для развіцця і дзейнасці кампазітараў акадэмічнай накіраванасці?

— Калі нейкі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння. У філармоніі не так даўно выконваўся мой твор для аргана «Капітан планет»: да юбілейнага канцэрта Саюза кампазітараў трэба было прадставіць нешта прэм'ернае і Канстанцін Яськоў сказаў, што ў мяне ёсць новая работа. Пэўны працэнт рэпертуару філармоніі павінен прадстаўляць беларускую музыку, але звычайна яны аддаюць перавагу класікам, што на слыху і якіх ужо вывучаюць у музычных школах. Напэўна, адзіны ў Беларусі калектыў, што стала выконвае сучасных беларускіх кампазітараў, — гэта «Санорус», па ініцыятыве іх дырыжора Аляксандра Хумалы, які любіць сучасную музыку і разумее, што яе трэба развіваць. Ёсць фестываль сучаснай музыкі і нямога кіно «Кінемо» — твой паўтарагадзінны твор пачуюць яшчэ і ў суправаджэнні выявы. У нас у асноўным любяць класіку, таму, калі сам нешта не зробіш, нічога не будзе. А з сучаснай жа складана працаваць — яе быццам трэба асэнсаваць, зразумець, хоць можна проста аддацца ёй і яна сама ўсё растлумачыць.

— Значыць, такога «хранічнага» руху, у якім сучасная акадэмічная музыка магла б культывавацца і развівацца, няма.

— Ой, гэта мара. Вось у культурным цэнтры «Корпус» літаральна два месяцы таму з'явіўся раяль з залы Саюза кампазітараў. Пабачым, можа, «Корпус» стане важнай пляцоўкай.

— Балючым момантам нашай сферы музыкі з'яўляецца тое, што шмат таленавітых музыкантаў з'язджаюць за мяжу. Вы самі ніколі не думалі з'ехаць?

— З'ехаць, магчыма, нават лягчэй, а паспрабуй тут нешта зрабіць, калі табе палкі ў колы ўстаўляюць. Я не хачу з'язджаць, за мяжой свой свет. Беларусь — не мая радзіма, я пераехала сюды з Караганды ў чатырнаццаць гадоў, але тут вучылася, ведаю менталітэт і людзей, мне
камфортна. За мяжу мне больш падабаецца прыязджаць у якасці госця, а тут я хачу нешта зрабіць.

— А як тут палкі ў колы ўстаўляюць?

— Бюракратыяй, бо трэба замест рэпетыцый і генерацыі новых ідэй падпісваць бясконцыя паперкі. У ідэале гэтым павінны займацца менеджары. І людзьмі, якім нічога не каштуе падпісаць паперу, але яны проста лянуюцца.

— Наколькі я ведаю, хоць вы і пераехалі сюды з Караганды, але па нацыянальнасці вы беларуска.

— Мой бацька беларус, а мама ўкраінка. Тата нарадзіўся ў Беларусі, але яго бацькі паехалі падымаць цаліну. А маці нарадзілася там, у Карагандзе, таму што бабуля, якая прайшла канцлагер і турму, пасля гэтага была сасланая жыць у Казахстан. Калі ў Карагандзе ўсё стала дрэнна — у 1990-я не было ніякай эканомікі, ні асвятлення, ні вады, ні ацяплення, — бацькі вырашылі пераехаць у Беларусь, бліжэй да сваякоў. Праз год нашы суседзі з Караганды пісалі: дайшло да таго, што яны выходзілі са свайго шматкватэрнага дома, распальвалі вогнішча на двары і гатавалі ежу. А тут усё добра было. Спачатку жылі ў інтэрнаце, упяцярых у адным пакоі, а потым пачалі рассяляцца.

— Раскажыце мне як дылетанту, якія стылістыкі развіваюцца ў нашай сучаснай музыцы?

— Мяне з Канстанцінам Яськовым часта адносяць да мінімалізму. Ёсць авангардысты, электроншчыкі, ультрасучасная атанальная музыка, дзе эталонам з'яўляецца «Варшаўская восень». Нехта піша ў неакласіцызме, неарамантызме. Любяць працаваць з фальклорам. Я ўсіх калег прашу, каб яны пісалі нешта для аргана, бо хачу пашырыць рэпертуар. Для аргана ў Беларусі пішуць вельмі мала, але працэс пайшоў.

— У чым нюанс напісання музыкі для нямога кіно?

— Там галоўны рэжысёр, а не кампазітар. Канешне, можна зрабіць з камедыі жахлівы фільм і наадварот, але навошта? Ёсць кампазітары, якія літаральна кожны кадр падкрэсліваюць музыкай, а ёсць тыя, што не звяртаюць на дробязі ўвагі і выбудоўваюць сваю сюжэтную лінію, толькі каб эмацыянальнае насычэнне супадала. На мінулым «Кінемо» ў нас іграў Себасцьян Элікоўскі-Вінклер з Германіі і музыка ішла хваляй. Кампазітар не хацеў літаральна адгукацца на кожны рух, і атрымалася вельмі цікава. Мы за гэтыя сем гадоў перагледзелі столькі нямых фільмаў! Адборшчыкі даюць нам, напрыклад, тры камедыі, і мы выбіраем, пасля выбірае тапёр. Кампазітар Алена Гуціна кажа, што гатовая пісаць для чаго заўгодна, апроч камедыі. Мне таксама складана пісаць вясёлую музыку, я больш цікаўлюся жахамі, трылерамі, драмамі, дэтэктывамі.

— Як думаеце, якія захады для развіцця сферы музыкі маглі б зрабіць дзяржаўныя інстытуцыі?

— Калі я стажыравалася ў Польшчы, амаль кожны дзень хадзіла на канцэрты сучаснай акадэмічнай музыкі, у мяне было нават перанасычэнне. Вядома ж, там шмат і эстрады, але ўсё развіваецца раўнапраўна, міністэрства культуры выдзяляе грошы, а слухач выбірае, дзе яму быць. У нас жа развіваецца толькі эстрада. Ты са сваім праектам можаш запэўніць у яго якасці і садзейнічанні прапагандзе, але нават у гэтым выпадку на цябе не будзе фінансаў. І што тут зробіш? У выніку мы ажыццяўляем нешта без сродкаў. Думаю, незаўважна, але ўсё з'явіцца.

— За кошт чаго яно з'явіцца?

— За кошт усіх, хто нешта робіць. Калі дзяржава не дапамагае, трэба ісці іншым шляхам. Грошы — гэта такое... зямное.

— А ў чым тады найвышэйшая ідэя?

— Вочы, што гараць. У нашай справе галоўнае — ідэя. Гэта як у выпадку з «Бог даў дзіця — Бог даў і на дзіця». Тое ж самае з музыкай. Мы пачыналі «Кінемо» і думалі: «Будзь што будзе». А потым раз — запрацавала, выйшлі ў нуль, потым другі раз, трэці, у выніку ў нас прайшло шэсць фестываляў. Калі кажаш пра добрае, яно будзе да цябе прыцягвацца.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота з асабістага архіва вольгі ПАДГАЙСКАЙ і Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.