«Яблычка» ды «Мікіта», «Чобаты» ды «Жабка» — так завуцца традыцыйныя беларускія танцы, здаўна вядомыя і прызнаныя. Але ж самым папулярным сёння застаецца «Лявоніха». Як выглядаюць гэтыя танцы, як гучаць іх мелодыі можна было днямі ўбачыць і пачуць у актавай зале сярэдняй школы № 71 Мінска, дзе праходзіў конкурс «Ветразь 2019» (галоўныя заснавальнікі — Беларускі фонд культуры і мінскі Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ветразь»).
Амаль трыццаць народных танцаў былі прадстаўленыя на суд кампетэнтнага журы. Знаўцы ацэньвалі пластыку рухаў, кампазіцыю танца, адпаведнасць выканання мясцовым традыцыям. Менавіта гэтыя традыцыі былі галоўнай «разынкай» выступленняў. Танцавальныя пары і салісты паказвалі чым, напрыклад, здаўна адрознівалася полечка з-пад Слуцка ад сваёй вясёлай сястры з-пад Бабруйска. Танец «Мікіта», у якім неабходна па-майстэрску скакаць над скрыжаванымі кіёчкамі, у розных мясцовасцях таксама можа выглядаць то па-дзіцячы проста, то гарэзліва, разлічаным на фізічныя здольнасці падлеткаў. Майстэрства пар і салістаў-імправізатараў было зафіксаванае ў відэазапісах, якія стануць выдатнымі метадычнымі матэрыяламі і часткай каштоўнага архіва народнага мастацтва.
Як зазначыў доктар філасофскіх навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Энгельс Дарашэвіч, аўтэнтыка выратуе свет. Калі ўсе зразумеюць, што трэба любіць свой народ і сваю культуру — людзі будуць прыязна ставіцца да іншых народаў і культур, знойдуць паразуменне паміж сабой. Конкурс беларускага народнага танца «Ветразь» — значны ўклад у гэту выратавальную справу.
А яшчэ трэба зазначыць, што названае свята народнага танца ўзнаўляе ў памяці генетычны код нашай старадаўняй культуры. Нездарма яно стала важным складнікам шматгадовага, вядомага далёка за межамі Беларусі, фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня».
Яўген Пясецкі, фота аўтара
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».