Вы тут

«Ёсць чэмпіянат свету, хачу яго выйграць. Мы ўсе хочам»


Нагадаем, сёлета наша зборная на чэмпіянаце свету будзе выступаць у групе А І дывізіёна, турнір пройдзе ў Казахстане з 28 красавіка да 5 мая. Гульні прыме Нур-Султан, а менавіта «Барыс-Арэна», якая ўмяшчае 12 тысяч гледачоў. Сапернікамі беларусаў стануць каманды Літвы, Венгрыі, Славеніі, Паўднёвай Карэі і Казахстана. Па выніках чэмпіянату ў топ-дывізіён выйдуць дзве найлепшыя каманды групы.


Падрыхтоўку да планетарнага першынства наша каманда пачала ўжо даўно, акрамя трэніровачных збораў хакеісты правялі спарынгі з камандай Літвы і алімпійскай зборнай Расіі. А зараз беларуская каманда адправілася ў Казахстан, дзе кантрольнай праверкай сіл заўтра стане таварыскі матч з гаспадарамі турніру. Галоўны трэнер беларускай зборнай Андрэй Сідарэнка адзначыў, што ў гэтай гульні дасць магчымасць праявіць сябе ўсім хакеістам, а па выніках матча будзе сфарміраваны канчатковы склад, гэта значыць, хтосьці з гульцоў адправіцца дадому. Не выключана, што шэрагі галоўнай каманды краіны папоўніць і хтосьці з юніёрскай зборнай, якая зараз паспяхова выступае ў элітным дывізіёне свайго ўзросту.

Што да цяперашняга складу нашай зборнай, то ў ёй у Казахстане з розных прычын мы не ўбачым Мікалая Стасенку, Андрэя Стася, Ілью Шынкевіча і Паўла Вераб'я, на якіх Андрэй Сідарэнка разлічваў раней, затое ў распалажэнні зборнай ужо трэніруецца Нік Бэйлен, Ягор Шаранговіч і Джэф Плат. «Яны ў нядрэннай форме, у выдатным настроі. Прыўнеслі ў каманду добры імпульс. Атмасфера ў зборнай мне вельмі падабаецца — усе ўсміхаюцца, размаўляюць, працуюць. Я задаволены», — адзначае Андрэй Сідарэнка. Настаўнік таксама дадаў, што для паспяховага выступлення каманды вялікае значэнне будуць мець калектыўныя дзеянні, гульня ў абароне, рэалізацыя большасці. на яго думку, менавіта гэтыя фактары будуць вырашаць зыход матчаў. «У нас ёсць мэта — да яе трэба імкнуцца. Ёсць чэмпіянат свету, на якім я засяроджаны, хачу яго выйграць. Мы ўсе хочам», — рэзюмаваў Сідарэнка.

Нік Бэйлен перад ад'ездам у Казахстан падзяліўся сваімі чаканнямі і меркаваннем пра сапернікаў беларускай зборнай на чэмпіянаце свету. «Я быў рады атрымаць выклік у зборную. Прыняць рашэнне было нескладана, у мяне хапае матывацыі. Цяпер у камандзе новае кіраўніцтва, трэнерскі штаб, спадзяюся, нам удасца наладзіць кантакт — і гэта будзе ўдалы адрэзак у маёй кар'еры. Вярнуцца ў эліту сёлета? Лічу, гэта рэальна. Так, задача няпростая, але мы павінны працаваць на максімуме сваіх магчымасцяў. Камандныя ўзаемадзеянні — ключавы кампанент у зборнай. На жаль, некаторыя топ-гульцы атрымалі траўмы, у тым ліку сур'ёзныя, і не змогуць нам дапамагчы. Стартавая гульня будзе вельмі важнай: яна пакажа, хто і на што здольны. Нам трэба звяртаць увагу на сябе, імкнуцца навязаць сваю гульню, а не падладжвацца пад саперніка. Пры гэтым нельга засяроджвацца на сабе, трэба «чытаць» саперніка. У Казахстана моцныя выканаўцы, а ў зборную Славеніі прыедзе зорны Копітар, але ён адзін вынік не зробіць. Галоўнае, каб мы былі гатовыя», — адзначыў Бэйлен.

Джэф Плат таксама выказаў сваю радасць з нагоды таго, што зноў апынуўся ў беларускай камандзе. Пасля заканчэння клубнага сезона ён прайшоў аднаўленчыя працэдуры і далучыўся да каманды Сідарэнкі ў добрай фізічнай форме. «У мінулым сезоне мы вылецелі, сыгралі вельмі няўдала, — расказвае Джэф. — Зараз мне хочацца быць часткай каманды, якая рэабілітуецца за тое выступленне. На правал летась паўплывала нестабільнасць. Мы няўдала пачалі чэмпіянат, потым змяніўся трэнерскі штаб, але цяпер я аптымістычна настроены. Адчуваю стаўленне, з якім хлопцы падыходзяць да справы. Усё павінна быць добра, веру ў поспех».

Расклад матчаў з удзелам зборнай Беларусі:

29 красавіка

Літва — Беларусь

30 красавіка

Беларусь — Венгрыя

2 мая

Беларусь — Славенія

4 мая

Казахстан — Беларусь

5 мая

Беларусь — Паўднёвая Карэя.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Зборная Беларусі па хакеі праходзіць апошні этап падрыхтоўкі да планетарнага першынства І дывізіёна ў Казахстане

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.