Вы тут

Жыхары Гомельшчыны пазбавіліся радыефобіі, але не забыліся пра пагрозу


За 33 паслячарнобыльскія гады мы, жыхары Гомельшчыны, пазбавіліся радыефобіі. Гэта не азначае, што цалкам адчулі бяспеку і забыліся пра нябачную пагрозу. Гэта азначае, што і самі навучыліся жыць у гэтых умовах, і цяпер дзелімся досведам з тымі, хто таксама пацярпеў ад радыяцыі. У першую чаргу размова пра японцаў, якія прыязджаюць на Гомельшчыну для таго, каб пераадолець свае страхі і пераняць вопыт, набыты беларусамі.


— Дарэчы, апошнія дзесяць гадоў на чарнобыльскіх тэрыторыях дэмаграфічныя працэсы знаходзяцца ў збалансаваным стане, — адзначае начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Руткоўскі. — Яшчэ нядаўна ў вобласці лідарам па нараджэнні дзяцей быў Хойніцкі раён, зараз — Брагінскі. Маладыя спецыялісты, якія прыязджаюць працаваць у так званыя чарнобыльскія раёны, адразу ж забяспечваюцца бясплатным жыллём, атрымліваюць вялікія «пад'ёмныя» згодна з кантрактам. Да таго ж ім выплачваюцца пэўныя надбаўкі да заробку. На гэтых тэрыторыях актыўна развіваецца сацыяльная сфера — і людзі хочуць там жыць, працаваць і не баяцца нараджаць дзяцей. Што датычыцца фобій — пачынаючы са школы і дзіцячага садка паўсюдна вядзецца інфармацыйная работа пра выкананне ў штодзённым жыцці неабходных мер бяспекі. Людзі бачаць, што ў развіццё тэрыторый укладаецца значнае фінансаванне, і разумеюць, што іх не пакінула дзяржава.

Цяпер у краіне рэалізуецца шостая дзяржпраграма па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Калі першыя былі скіраваны на адраджэнне пацярпелых тэрыторый, то дзве апошнія — на іх сацыяльна-эканамічнае развіццё. Асноўныя акцэнты — аздараўленне насельніцтва, дыспансерызацыя і выкананне сацыяльных нарматываў, нагадвае Дзмітрый Міхайлавіч:

— Адначасова з аздараўленнем насельніцтва і правядзеннем дыспансерызацыі мы будуем вытворчасці, аб'екты сацкультбыту і жыллё для маладых спецыялістаў, павялічваем колькасць рабочых месцаў. Дарэчы, з 2011 года на набыццё абсталявання і тэхнікі па дзяржпраграме накіравана 22,3 мільёна рублёў. Напрыклад, для ўстаноў аховы здароўя рэгіёна закуплена 327 адзінак лячэбна-дыягнастычнага абсталявання на суму 8,6 мільёна рублёў (каля 70 з іх у 2018-м). У школьных сталовых устаноўлена 300 адзінак халадзільнага і тэхналагічнага абсталявання. Для падвозу навучэнцаў набыта 39 школьных аўтобусаў.

Да таго ж аўтапаркі арганізацый раёнаў, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, летась папоўніліся 220 адзінкамі сельскагаспадарчай тэхнікі. План на гэты год — каля 600 такіх агрэгатаў. З 2011 года на Гомельшчыне за кошт сродкаў дзяржаўных праграм па пераадольванні наступстваў катастрофы на ЧАЭС уведзена і рэканструявана 46 малочнатаварных фермаў. Ужо ў самай бліжэйшай будучыні яны таксама з'явяцца ў Брагінскім, Хойніцкім і Чачэрскім раёнах.

— Пасля катастрофы на Чарнобыльскай станцыі каля 216 тысяч гектараў былі выведзены з сельгасабароту, — гаворыць Дзмітрый Руткоўскі. — З таго часу 16 тысяч гектараў ўжо вярнулі ў абмежаваны ці поўны сельгасабарот. За мінулы год — каля 1,5 тысячы гектараў у Буда-Кашалёўскім і Кармянскім раёнах. Мы пастаянна займаемся інвентарызацыяй і рэабілітацыяй гэтых зямель. Перыяд паўраспаду асноўных радыеактыўных элементаў — цэзію і стронцыю — закончыўся. Сёння каля 40 % забруджаных тэрыторый ачысцілася. Калі вучоныя пры абследаванні такіх тэрыторый пацвярджаюць, што землі бяспечныя для сельгаскарыстання, яны рэкультывуюцца.

На ўцягнутых у абарот палетках сёння вырошчваецца чыстая сельгаспрадукцыя. Усе нарматывы на колькасць радыенуклідаў вытрымліваюцца вельмі строга. Дзмітрый Руткоўскі падкрэслівае, што ў нашай краіне самая жорсткая ў свеце сістэма бяспекі:

— У нас вельмі шчыльны кантроль прадуктаў раслінаводства і жывёлагадоўлі. Любы прадукт, які мы прамыслова вырошчваем на гэтых тэрыторыях, абсалютна бяспечны. Для нас гэта не толькі здароўе грамадзян, але і эканоміка. Безумоўна, за 33 гады ў нас набыты вялікі досвед па аздараўленні насельніцтва і рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый. Мы дзелімся ім з Японіяй. У нашых краін, якія пацярпелі ад ядзерных катастроф, пастаяннае плённае супрацоўніцтва ў розных кірунках. Тыя дэлегацыі, што прыязджалі да нас апошнім часам, па нашым прыкладзе ўкараняюць на сваіх тэрыторыях многія тэхналогіі, якія садзейнічаюць рэабілітацыі зямель. Да таго ж і людзі, якія бачаць, як мы тут жывём, — разумеюць, што можна плённа кантраляваць гэтыя працэсы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Горкі досвед запатрабаваны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?