Вы тут

Ідуць штодзённыя рэпетыцыі новага спектакля «Не пакідай мяне»


Час напярэдадні здачы спектакля мастацкаму савету тэатра ці не самы напружаны і нервовы. Як для кіраўніцтва тэатра, рэжысёра-пастаноўшчыка, артыстаў, так і для ўсёй мастацка-пастановачнай часткі. Сёння такія напружаныя дні, што вымагаюць максімуму адказнасці і аддачы, распачаліся ў сценах Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Ідуць штодзённыя рэпетыцыі новага спектакля «Не пакідай мяне», здача якога будзе прымеркавана да свята Вялікай Перамогі і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Мастацкі кіраўнік Мінскага абласнога драматычнага тэатра Валерый АНІСЕНКА і артысты — удзельнікі спектакля.

П'еса «Не пакідай мяне» вядомага драматурга, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Аляксея Дударава паспяхова ідзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Яна вытрымала шмат пастановак у Драматычным тэатры Беларускай арміі, па ёй рэжысёр Аляксандр Франскевіч-Лае зняў шматсерыйную ваенную меладраму, дзе ў галоўных ролях задзейнічаны вядомыя артысты Аляксей Гуськоў, Яўгенія Брык, Ганна Рыцарава і іншыя.

Сваё бачанне сюжэта п'есы ўзяўся ўвасобіць на сцэне Мінскага абласнога драмтэатра яго мастацкі кіраўнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Анісенка. Драматычная балада ў дзвюх дзеях — аповед пра тое, наколькі вайна сваёй жорсткасцю і антыгуманнасцю супярэчыць чалавечай прыродзе, прызначэнню чалавека на Зямлі.

На думку рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля, вельмі важна, каб новыя пакаленні з павагай ставіліся да мінуўшчыны, захоўвалі і перадавалі памяць пра тых, хто набліжаў Перамогу. У спектаклі задзейнічаны маладыя артысты тэатра Павел Святоха, Наталля Скарынка, Кацярына Шчэрбач, Аляксандра Грасевіч, Яўгенія Стацэнка, Настасся Макарэвіч, Кацярына Панедзька. Ролю палкоўніка выконвае вядучы майстар сцэны Сяргей Карзей.

Дырэктар тэатра Юрый Крывенькі падзяліўся задумай зрабіць прэм'еру і далейшыя пастаноўкі патрыятычным праектам з прыцягненнем да віртуальнага і рэальнага ўдзелу ўсіх маладзечанцаў і не толькі. Сумесна з лідарамі і актывістамі мясцовых райкамаў БРСМ ладзіцца акцыя па прыцягненні ўвагі да гэтай пастаноўкі і ўдзелу ў ёй усіх ахвотных.

— Дзень вызвалення Беларусі адзначаецца, як вядома, 3 ліпеня. Але ж гэта дата — вызваленне менавіта Мінска, сталіцы нашай краіны. А ў нас ёсць задума накіравацца на гастролі па рэгіёне і адзначыць вызваленне раённых цэнтраў пастаноўкай нашага прэм'ернага спектакля. У гэтым мы вельмі спадзяёмся на падтрымку мясцовых улад і актывістаў БРСМ. Распрацаваны папярэдні графік выезду і паказу спектакля ў дні вызвалення райцэнтраў.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Не пакідай мяне!» — новы фармат

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».