Вы тут

«У эфіры цішыня — на вуліцах сталіцы спакойна»


— Работа ў нас разнастайная. Кожны дзень не падобны да папярэдняга. Не засумуеш! — з усмешкай сустракае каля службовага аўто камандзір аддзялення роты ППСМ УУС адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы старшы прапаршчык Сяргей Шчуркоўскі.


Міліцыянер спрытна заскоквае ў добра ўсім знаёмы «УАЗік» і прыспешвае нас:

— Пятніца і выхадныя — «гарачы» час для патрульна-паставой службы. Людзі расслабляюцца пасля цяжкіх рабочых дзён і пачынаюць адпачываць, хто на што здатны. Большая частка злачынстваў адбываецца менавіта ў стане алкагольнага ап'янення.

На дзяжурства з аўтапатрулём мы з фотакарэспандэнтам «заступаем» у суботу ў 18 гадзін. Сёння працуем у цэнтры — ад Акадэміі навук да вуліцы Валгаградскай. Першы «кліент» ужо чакае наш патруль на апорным пункце міліцыі. Участковы знайшоў яго ў тамбуры шматпавярховіка. Мужчына спаў.

— Пакідаць яго там — небяспечна. Людзі ў нецвярозым стане — патэнцыйныя ахвяры зладзеяў і хуліганаў, — тлумачыць Сяргей Эдуардавіч. — Затрыманы ў поле зроку міліцыянераў трапляў неаднаразова. Калі ты за розум возьмешся?

— Выйду адсюль — адразу паразумнею, — просіцца мужчына гадоў 35. — Мне трэба проста ажаніцца! А добрую дзяўчыну знайсці не магу, — разводзіць рукамі.

— Зараз адвязём нашага «госця» ў выцвярэзнік (спецыялізаваны ізалятар Першамайскага РУУС Мінска. — Аўт.). Калі чаргі не будзе — аформім усё хутка. Як правіла, у выхадныя і святочныя дні ахвотных «адпачыць» там шмат, — расказвае міліцыянер. — Далейшы лёс затрыманага будзе вырашаць суддзя.

* * *

Сяргей Эдуардавіч прыйшоў служыць у органы ўнутраных спраў у 1994 годзе адразу пасля арміі. Увесь гэты час ён працуе ў патрульна-паставой службе. Менавіта гэта падраздзяленне лічыцца ў міліцыі кузняй кадраў. З такой «школы» выходзяць добрыя ўчастковыя, аператыўнікі.

— Працуем мы «два праз два». Напрыклад, сёння заступілі на службу ў 18.00 — і да шасці гадзін ранку. Заўтра таксама, а потым два дні выхадных. Ці спім перад начной зменай? Вядома! — усміхаецца старшы прапаршчык. — Але, самі разумееце, хатнія клопаты ніхто не адмяняў.

«Увага! Матацыкл без дзяржнумара рухаецца па вуліцы Каліноўскага. Патрабаванням спыніць рух не падпарадкоўваецца», — перадалі па рацыі. На тэлефон дзяжурнага прыходзяць званкі рознага зместу — аўтапатрулі павінны адрэагаваць на кожны сігнал аб дапамозе. «Калі ў эфіры цішыня — значыць на вуліцах сталіцы спакойна», — кажуць міліцыянеры.

— У вашага падраздзялення работы больш зімой ці летам? — пытаюся ў суразмоўніка.

— Гэта не залежыць ад пары года. Усюды ёсць свае асаблівасці. У снегапад, напрыклад, нам неабходна быць больш уважлівымі. Калі чалавек упаў, заснуў, яго замяце за 20 хвілін, і знайсці пацярпелага будзе складана.

* * *

«Мяржынскага, 8. Жыхары скардзяцца на шум з суседняй кватэры. Мяркуюць, што тыя робяць рамонт». Выязджаем.

— Зараз мы павінны правесці прафілактычную гутарку з жыхарамі і зрабіць так, каб іх канфлікт не перарос у бойку. Аформім усе неабходныя дакументы і перададзім у ЖЭС. Далей з сітуацыяй будуць разбірацца там, — па дарозе тлумачыць Сяргей Эдуардавіч.

— Гэта я тэлефанавала! Ведаеце, як толькі вас (міліцыю. — Аўт.) выклікала, суседзі нібы пачулі гэта і адразу перасталі стукаць, свідраваць! А яшчэ некалькі хвілін таму галава ад грукату проста разрывалася! — расказвае абураная гаспадыня двухпакаёвай кватэры.

Дзверы «парушальнікі цішыні» адчынілі хутка. З парога бачна, што ў прыхожай ідзе рамонт:

— Я законы ведаю. Тое, што вы бачыце, — указвае на сцены жанчына, — раблю ў будні з 9 да 19 гадзін. А суседзі проста прыдзіраюцца да мяне! Сумна ім, відаць!'

— Разбор скаргаў на шумны рамонт у суседскай кватэры, як правіла, рэгламентуе артыкул 21.16 КаАП «Парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі». Любыя работы, звязаныя з вібрацыямі і шумам, забаронена рабіць у святочныя дні і выхадныя, — нагадвае гаспадыні Сяргей Эдуардавіч. — За дыскамфорт навакольным пагражае адміністрацыйнае пакаранне.

«Увага! Незалежнасці, 168, корпус 2. Кампанія: чатыры хлопцы і две дзяўчыны ў двары дома збілі двух мужчын. Хуліганы зніклі ў напрамку аркі», «У салоне тралейбуса спіць мужчына», «Жанчыну збівае п'яны муж. Тэлефануе суседка», «У жанчыны выхапілі з рук тэлефон», — чуем па рацыі. Званкі не адносяцца да нашага ўчастка.

Што датычыцца крадзяжоў, то тут мішэнямі часцей за ўсё становяцца п'яныя і дзяўчаты, якія трымаюць свае сумачкі, што называецца, «адным пальцам».

— Пенсіянеры таксама ў зоне рызыкі? — цікаўлюся ў суразмоўніка.

— Людзі савецкай загартоўкі вельмі ўважлівыя да сябе і сваіх рэчаў. Пажылыя грамадзяне заўсёды напагатове. Гэтаму большасці з нас у іх трэба павучыцца.

Важна, каб людзі не губляліся і стараліся запомніць прыкметы злачынцы. Паведамляць аб правапарушэнні неабходна адразу, як яно адбылося. Па статыстыцы, калі званок у дзяжурную частку паступіў у найбліжэйшыя 10—15 хвілін, верагоднасць раскрыцця злачынства дасягае 70 працэнтаў.

* * *

Міліцыянер-кіроўца прапаршчык міліцыі Ігар Уладзіміравіч Куляшэўскі працуе ў органах унутраных спраў 15 гадоў. Мужчына не вельмі гаваркі — уважліва сочыць за дарогай. Дарэчы, наш аўтапатруль заўсёды ў дарозе. За змену службовая машына можа праехаць да 150 кіламетраў.

— Ігар наш адміністрацыйны ўчастак ведае лепш, чым самы дакладны навігатар, — хваліць калегу Сяргей Эдуардавіч. — За тэхнічным станам службовай машыны сочыць таксама кіроўца.

Кампетэнтна

Начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Купчэня:

— Сёння на тэрыторыі Мінска праглядаецца дынаміка павелічэння злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў грамадскіх месцах. Пачасціліся выпадкі зарэгістраваных хуліганстваў, крадзяжоў маёмасці. Крадуць мабільныя тэлефоны, кашалькі, пакінутыя без нагляду рэчы (сумкі, заплечнікі). Транспартныя сродкі, прыпаркаваныя ў неналежных для гэтага месцах, часцей за ўсё прыцягваюць злачынцаў. Машыны драпаюць, праколваюць шыны, разбіваюць шкло. Радзей грамадзянам наносяцца цялесныя пашкоджанні ў выніку канфліктных сітуацый у грамадскіх месцах. Увогуле, у першую чаргу, пра сябе і сваю бяспеку, маёмасць чалавек павінен клапаціцца сам. Далей у справу ўступаюць супрацоўнікі міліцыі.

Артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях устанаўлівае даволі шырокі дыяпазон пакарання за дробнае хуліганства. Віноўніка могуць аштрафаваць на суму ад 2 да 30 базавых велічынь або прызначыць яму адміністрацыйны арышт. А вось нядробнае хуліганства абыдзецца вялікімі наступствамі — тут ужо максімальная санкцыя можа дасягнуць 10 гадоў зняволення. Пры гэтым крымінальная і адміністрацыйная адказнасці наступаюць з 14 гадоў.

«Дзяўчына 2006 года нараджэння. Выйшла з дому каля дзвюх гадзін таму. Месцазнаходжанне невядома. Рост 160—165 сантыметраў, сярэдняга целаскладу, валасы цёмныя кароткія. Апранутая ў чорную куртку, зялёны світар, бэжавыя красоўкі», — перадаюць па рацыі.

— У савецкія часы чалавека пачыналі шукаць праз трое сутак, сёння — праз 15 хвілін. Затрымліваецца муж з работы — жонка б'е трывогу! — расказвае Сяргей Эдуардавіч. — Падлеткі часта сыходзяць з дому. Хаваюцца ў сяброў, у гандлёвых цэнтрах. Такім бязглуздым спосабам спрабуюць нешта даказаць бацькам, калі пасварацца.

Раней, дзеліцца міліцыянер, моладзь ва Уруччы выходзіла пагаварыць «раён на раён». Па чалавек 150—200 збіралася. Нарады з суседніх раёнаў на падмогу прыязджалі.

Апошнія сем гадоў Ігар і Сяргей працуюць у пары.

— Ці не надакучылі адзін аднаму?

— Як бачыце, — не, — усміхаюцца мужчыны. — Пажаданні супрацоўнікаў пры фарміраванні складу аўтапатруля ўлічваюцца. У камандзе важны псіхалагічны камфорт.

За гады работы мае суразмоўнікі шмат чаго пабачылі. Адны выпадкі нават успамінаць не хочацца, другія — не забудзеш. Напрыклад, калі хлопец выпаў з шостага паверха і застаўся жывы. Пацярпелы быў у наркатычным ап'яненні.

* * *

«Вуліца Філімонава. У жанчыны ў стане алкагольнага ап'янення скралі тэлефон», — кажуць у эфіры. Накіроўваемся па адрасе.

— Што здарылася? Хто выклікаў міліцыю? — сустракаем у дзвярах кватэры мужчыну гадоў 40.

— Я! — горда адказвае гаспадар. — Вось, палюбуйцеся на маю каханую. Сама ледзь прыцягнулася, а тэлефона няма. Дзе падзела?! Не ведаю! «Абанент не абанент» — ніхто не бярэ трубку. Яна (сужыцелька. — Аўт.) ў мяне выпівае. Мабыць, хтосьці на вуліцы ў такой безабароннай і сцягнуў апарат.

— Заяву будзеце пісаць? — пытаецца ў жанчыны міліцыянер.

— Так! На яго! — указвае на сужыцеля пацярпелая. — Дастаў ён мяне!

— А я на яе! — у адказ «кідае» мужчына.

Гэтую «вясёлую парачку» міліцыянеры ведаюць добра. Грамадзяне злоўжываюць алкаголем, скандаляць. Сяргей перадаў справу ўчастковаму інспектару, які абслугоўвае гэты адміністрацыйны ўчастак. На сямейныя скандалы, як і бойкі, аўтапатруль выязджае амаль кожнае дзяжурства.

— Работу дадому мы «не носім». Стараемся абстрагавацца ад усяго, што бачым на службе, — адказваюць суразмоўнікі на пытанне пра эмацыянальнае выгаранне. — Стамляемся больш псіхалагічна, чым фізічна. Работа з людзьмі — справа нялёгкая. Да кожнага трэба знайсці падыход.

22 гадзіны. Наш аўтапатруль праехаў ужо 60 кіламетраў. Наперадзе яшчэ восем гадзін работы, а значыць, спакой сталіцы ў надзейных руках.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.