У Музеі музычных інструментаў, які Дзмітры Ровенскі заснаваў у Мінску 15 гадоў таму, ёсць і трафейныя гармонікі, скрыпка, банданеон і канцэрціна
Сёлета мы расказалі пра музыку-самавука родам з Капыльшчыны (“Дзмітры Ровенскі, сын салдата” — ГР, 27.02.2019). І як дзякуючы трафейнаму гармоніку ды бацьку-салдату прыйшоў на ўсё жыццё ў музыку гэты нязменны кіраўнік заслужанага аматарскага дзіцячага калектыву “Дударыкі”. А напярэдадні Дня Перамогі звернемся да музінструментаў з ягонай багатай калекцыі (там іх больш за 300, 64 назвы), так ці інакш звязаных з яго бацькам-салдатам, іншымі ветэранамі вайны. Каб не блытацца, і з надзеяй на працяг незвычайных “біяграфій” музінструментаў мы іх пранумаруем. Калі некаму з чытачоў нешта яшчэ вядома пра іх — пішыце, прадоўжым тэму.
Пачнем з гармонікаў. Бо ён на вайне, як вядома, быў сябрам салдат, верным памочнікам у барацьбе з ворагам. Чаго варты хаця б знакаміты Васілій Цёркін, літаратурны герой-салдат з гармонікам, незабыўны вобраз якога стварыў Аляксандр Твардоўскі. Цяпер, здаецца, у расійскіх школах па-ранейшаму ёсць у праграме яго паэма “Василий Тёркин”. Цікава было б даведацца: ці кажуць там вучням настаўнікі літаратуры, што ў Аляксандра Трыфанавіча, які нарадзіўся на Смаленшчыне, былі па бацьку моцныя родавыя беларускія карані? Паэт цудоўна ведаў мову продкаў (ёсць меркаванні, што дзед ягоны па бацьку быў родам з Міншчыны, з берагоў Беразіны, па іншых вестках — з Магілёўшчыны) і пераствараў вершы беларускія на рускую без падрадкоўнікаў і нечай дапамогі. А ягоная дачка, Валянціна Твардоўская, у адным з інтэрв’ю казала: “Беларусь для мяне — блізкая, родная краіна, усё там блізкае мне: мова, звычаі, традыцыі”. Пра тое я планую зрабіць асобны артыкул. Бо з’ява пад назвай “Васілій Цёркін” выйшла далёка за межы літаратурнага твора. Скажам, у заходнебеларускай вёсцы Яцкаўшчыне, пад Клецкам, у 60‑я гады майго бадай што равесніка Ваську Гаспадыніча — бойкага, жвавага й жыццярадаснага хлопчыка — з дзяцінства празвалі Вася Цёркін. Прыстала мянушка! Васіль Іосіфавіч потым і звязаў жыццё з арміяй — стаў афіцэрам. Чым не сведчанне магічнай сілы паэтычнага слова!
1. Пра гармонік-венку “Hohner”, які прывёз пасля вайны з Германіі салдат Дзмітры Ровенскі, мы ўжо згадалі ў папярэднім тэксце. “Бацька на ім сам іграў і мяне вучыў, — удакладняе Дзмітры Дзмітравіч. — Звычайная хромка, толькі строй нямецкі: на мяхоў разжым і зжым розны гук дае”. На гэтым гармоніку Дзмітры Ровенскі шмат іграў у дзяцінстве, юнацтве, ды й цяпер часам бярэ ў рукі.
2. Акардэон “Hohner” прывёз з Германіі ў 45‑м годзе жыхар з вёскі Шэпічы — тое месца ўжо ўвайшло ў тэрыторыю Мінска. Салдат жыў там і да вайны, і пасля. У мікрараёне Серабранка прыпынак грамадскага транспарту па праспекце Ракасоўскага названы “Шэпічы”. Гісторыю інструмента Дзмітры Ровенскі ведае ад сяброў-музыкаў: “Салдат расказваў, што калі пераможцы ехалі з Германіі цягніком дадому, то пад гэты акардэон спявалі песню “Синеглазая”. І я ж яе ведаю з дзяцінства! Там ёсць словы: “И на поле после боя, / И на Одере в бою / Заиграю на гармошке,/Вспомню ласточку свою. / Скоро я к тебе приеду/В свой родной любимый край, / Привезу с собой Победу — / Синеглазая, встречай!” Мой суразмоўца неяк выпадкова даведаўся, што сын салдата інструмент прадае: “Далі адрас, я хуценька паехаў ды выкупіў яго ў 2004 годзе, а імя, прозвішча былога ўладальніка, на жаль, не запісаў. Помніцца, сын мажны быў, гадоў за 50. Спадзяюся, нехта падкажа, што-та за салдат быў”.
Дарэчы, у нэце ёсць відэафільм з фэста “Гармонік збірае сяброў-2018” — ён праводзіцца ў Мінску па ініцыятыве Дзмітрыя Ровенскага ды яго аднадумцаў. У фільме гурт “Мінскія музыкі” на чале з ім прыгожа спявае якраз тую пасляваенную песню.
3. Гармонік “Orhestra”, нямецкі строй. Прывёз яго з Нямеччыны пасля вайны ўраджэнец Капыля, музыка Пётр Пятровіч Малевіч. Дзмітры Ровенскі: “Ён быў таварышам майго бацькі, у духавым аркестры яны разам ігралі. Потым сын яго, Валера Малевіч, служыў у Германіі”.
4. Банданеон, жаўтаватага колеру корпус, 1939 год выпуску. Прывёз яго з Германіі ў Савецкі Саюз пасля вайны палкоўнік НКВД Леанід Робертавіч — прозвішча Ровенскі не запісаў. Згадвае: “У 2005‑м купіў інструмент, які праляжаў у шафе гадоў 70, у сына палкоўніка. Дарагая штука, цяпер мо 5–6 тысяч даляраў каштуе. Я цікавіўся: выпускала банданеоны да вайны адна грэчаская фірма ў Прыбалтыцы. Там быў і цэлы аркестр музыкаў з такімі інструментамі. У ім кнопкі адметна стаяць, збоку, левыя й правыя. Бачыў, у Сібіры на банданеонах ігралі музыкі на фестывалі Завалокіна, у Новасібірску”.
5. Губны гармонік “Olіmpіa” з Германіі прывёз пасля вайны жыхар Капыля Карнейчык. Ровенскі кажа: “Яго, здаецца, Віктарам звалі, ён быў яшчэ ў вайну камандзірам партызанскай брыгады. Жонка яго працавала ў той капыльскай школе, дзе цяпер стварылі Музей гурта “Дударыкі”. З маім бацькам Карнейчык сябраваў, і мне гармонік губны падарыў, яшчэ ў 50‑я гады”.
6. Канцэрціна, італьянскай вытворчасці, па словах Дзмітрыя Ровенскага, зберагаецца ў Музеі ў выдатным стане. Маленькая рэч: сантыметраў 20 у вышыню. Цудам збераглася ў Беларусі: “Гэты інструмент знайшлі дзеці ў 2010 годзе ў горадзе Мар’іна Горка на гарышчы вясковае хаты. Гулялі як з цацкай на вуліцы. Дык пашанцавала, што па суседстве жыў там вядомы майстра народных інструментаў Аляксандр Жукоўскі: ён пабачыў ды ці то выкупіў, ці то выменяў у іх гэту рэч. І высветліў: прывезены быў інструмент з Германіі пасля вайны, амаль 70 гадоў праляжаў на гарышчы. Кнопкі, як і ў банданеона, у яго з двух бакоў. Перакупіў я канцэрціна ў майстра за 70 даляраў”.
7. Гармонік беларускага майстра з горада Жодзіна Віктара Буйвідовіча з адпаведным аўтарскім надпісам унутры. Унікальны гармонік тым, што прайшоў праз вайну з Беларусі і вярнуўся ў Беларусь — толькі маршрут належыць удакладніць. Дзмітры Ровенскі звяртае ўвагу: “Набыты гармонік быў у 1920 годзе жыхаром Гомельскай вобласці Налецька М. А. Гаспадар, згадвалі родзічы, прайшоў з гармонікам усю вайну, і граў на ім яшчэ пасля Перамогі да 1983 года. Мне падаравала сямейную рэліквію дачка музыкі, якая шмат гадоў спявала ў народным хоры Мінскага аўтазавода”. Цяпер гэта, удакладняем, Народны рускі хор імя Аляксандры Нікіцінай, які працуе пры Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур.
8. Баян “E. SABATІNІ”, вядомага італьянскага майстра, у Беларусь прывезены з Германіі пасля вайны, зроблены ў Дрэздэне. Належаў ветэрану вайны Соўсю Сяргею Мацвеевічу, які шмат гадоў на ім вяселлі граў. Дзмітры Ровенскі купіў баян у горадзе Маладзечне ў дачкі музыкі, Святланы Сяргееўны.
9. Як каштоўную рэч, што таксама да Перамогі мае дачыненне, Дзмітры Ровенскі зберагае духавы інструмент: барытон: “Я на ім у Доме культуры ў Капылі граць вучыўся, потым і граў доўга на вяселлях, святах, пахаваннях. Іграў з іншымі музыкамі, якіх у Капылі звалі макароннікамі, бо яны служылі да таго ў ваенных аркестрах, дзе салдатаў кармілі макаронамі. Мяркую, яны і ўдзельнікамі вайны былі, памятаю прозвішчы: Малевіч, Касабуцкі, Янушка, Клякін, Бохан, Ярэшка…
Мог бы ў калекцыі Дзмітрыя Ровенскага быць яшчэ адзін каштоўны “інструмент”, не музычны. Аднак зберагаць яго не тое што ў школе — і ў хаце міліцыянера было рызыкоўна. “У мяне ёсць дакумент, што мой бацька, Дзмітры Фёдаравіч Ровенскі, у 1962‑м здаў у Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны аўстрыйскую шашку, трафейную, з якой прайшоў праз вайну. Бацька — патомны кубанскі казак, родам з Стаўраполля. Ваяваў кавалерыстам з 17‑ці гадоў, прыпісаўшы сабе год, каб пайсці на фронт — са снежня 1941‑га. Адразу трапіў у армію генерала Бялова, у 43‑м ужо быў старшыной эскадрона”.
У калекцыі Дзмітрыя Ровенскага была нават скрыпка Страдзівары! Таксама, пэўна, трафейная. На тэрыторыі Беларусі паграла нямала. “У гісторыі яе была незвычайная старонка, — распавядае Дзмітры Дзмітравіч. — Паклікалі неяк музыкаў іграць на пахаванне: адышоў вядомы скрыпач, гадоў 90 яму было. Ідзе жалобная цырымонія. Музыкі адыгралі — пачаліся прамовы. І тым часам бабуля, дзедава жонка, кладзе ў труну побач з нябожчыкам ягоную скрыпку. Дакладней, футарал каваны бачаць музыкі. Змікіцілі, што рэч каштоўная. Кідаецца кіраўнік аркестра да бабулі: мы вам 120 рублёў прабачым, за якія граць згадзіліся, толькі нам скрыпку аддайце. Ну а раней жа, у 70‑я, 120 рублёў — немалыя грошы, для некага — месячная зарплата. Бабуля й пагадзілася. Кіраўнік аркестра прама там футарал адкрывае. Бачаць: год напісаны і “Антоніа Страдзівары”. Да Дзмітрыя Дзмітрыевіча той рарытэт патрапіў праз брата, Валодзю Ровенскага. Ён памёр ужо, а жыў у Капылі. “Дэка ніжняя ў той скрыпцы шыкоўная, — згадвае музыка. — Верхняя ж была добра патрэмканая. Таму я звярнуўся да майстра, што жыў у Мінску на вуліцы Сядых, каб яе рэстаўраваць. І ён зрабіў новы верх. А калі я купляў машыну, то грошай не хапала, і прадаў тую скрыпку. Але перад тым глянулі, каб прыцаніцца, у каталог сусветна вядомых скрыпак: такі ёсць у маскоўскай Гнесінцы. Аказалася: тая скрыпка хоць і падробка, не сапраўды “ад Страдзівары”, аднак падробка вельмі якасная. У каталозе яна таксама ёсць”.
10. У размове пра інструменты з вялікай калекцыі згадаў ён яшчэ скрыпку: “Лінка грала на ёй, мая ўнучка. Яна ж і ў “Дударыках” выступала, потым выйшла замуж і паехала ў Маскву. Куплена была ў Капылі, трафейная, з Германіі. З пераможцамі ў Беларусь прыехала. Эксперт па скрыпках Чайкоў, да якога я звяртаўся, казаў: скрыпка можа яшчэ больш каштоўная, чым ад Страдзівары. На ёй таксама ёсць прозвішча майстра”. Цяпер скрыпка грае ўжо ў руках дачкі Машы. А ўнучцы Ліне клапатлівы дзядуля прывёз скрыпку з Шатландыі.
Пасляслоўе. Мы выпісваем усе дэталі, вядомыя пра “музінструменты Перамогі” з калекцыі Дзмітрыя Ровенскага, бо ведаем: у краіне вялікая ўвага надаецца майстрам, якія ствараюць музінструменты. На тое, у прыватнасці, звяртаў увагу Прэзідэнт Беларусі, наведваючы летась Беларускі дзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў. То варта б ведаць і тое лепшае, што ёсць у зборах беларускіх калекцыянераў.
І спецыялістам Мінкультуры, якія рупяцца пра зберажэнне народных традыцый, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, і працаўнікам краязнаўчых музеяў на месцах, Нацыянальнага гістарычнага музея можа было б цікава пасупрацоўнічаць з калекцыянерамі. Ці ёсць грунтоўныя каталогі з апісаннем таго, што яны назбіралі? Да 75‑годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а потым і да 75‑годдзя Перамогі — чаму б не зладзіць выставы з іх збораў (а таксама з фондаў музеяў) хоць бы пад такою назвай: “Музыкі, інструменты, мелодыі Вялікай Перамогі”. Нам жа варта памятаць: і родавыя карані літаратурнага героя Васілія Цёркіна праз этнічнага беларуса Аляксандра Твардоўскага з Беларуссю паяднаныя. І Дзмітрый Шастаковіч з ягонай знакамітай Сёмай (Ленінградскай) сімфоніяй — наш супляменнік. А ваенныя песні Ігара Лучанка, якія гучаць па ўсім свеце!.. І шмат ураджэнцаў Беларусі — пра некаторых згадаў Дзмітры Ровенскі — вярталіся ў Беларусь пасля Перамогі з музыкай! А потым ігралі, расказвалі слухачам свае франтавыя гісторыі: дух і музыку, традыцыі Перамогі зберагалі для нашчадкаў.
Калі каму ёсць што дадаць пад нашу рубрыку “Музыка Перамогі” — пішыце ў рэдакцыю.
Іван Ждановіч
На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек.
Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах.
«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».