Вы тут

Чаму і Беларусі важна ўдзельнічаць у ахове тыграў і іншых «нянашых» жывёл


У Мінску прайшла каардынацыйная сустрэча прадстаўнікоў адміністрацыйных органаў СІТЭС. Разам з міжнароднымі экспертамі прадстаўнікі кіраўніцкіх і навуковых арганізацый з Беларусі, Таджыкістана, Узбекістана, Арменіі, Кыргызстана, Казахстана, Малдовы і Расіі абмеркавалі пытанні, уключаныя ў парадак 18-й Канферэнцыі бакоў СІТЭС, якая, як плануецца, пройдзе ў маі — чэрвені на Шры-Ланцы.


— Заклапочанасць адносна шкоды, якую гандаль наносіць дзікім жывёлам, пачалі выказваць яшчэ ў 1960-х гадах, — расказала прадстаўнік Міжнароднага фонду аховы жывёл (ІFAW) Марыя Варанцова. — Таму і была створана Канвенцыя аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (СІТЭС). Яна стала рэгуляваць гэты працэс з дапамогай унясення відаў жывёл і раслін у розныя дадаткі, забяспечваючы жорсткі кантроль міжнароднага гандлю.

Па словах эксперта, яшчэ 20 гадоў таму нелегальны абарот жывёл складаў 15—20 мільёнаў долараў. Сёння паказчык знаходзіцца на ўзроўні 20 мільярдаў долараў у год, што ставіць гэты бізнес на адну прыступку з гандлем наркотыкамі і нелегальным гандлем зброяй.

Эксперты сцвярджаюць: ідзе шостае масавае выміранне жывёл, скарачаюцца папуляцыі ў дзікай прыродзе і без таго рэдкіх відаў: тыграў засталося каля 4 тысяч, сланоў — 250 тысяч, з 2 млн да 200 тысяч асобін зменшылася колькасць сайгакаў. Нягледзячы на тое, што многія віды, пазначаныя ў спісах СІТЭС, не водзяцца ў Беларусі, абарона іх — важная задача і для нашай краіны. Праз сумеснае прыняцце рашэнняў на Канферэнцыі бакоў можна як узмацніць кантроль над міжнародным гандлем рэдкімі відамі, так і аслабіць яго, што ў выніку пагоршыць стан папуляцый.

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут адзначыў, што Беларусь актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі. У краіне створана нарматыўна-прававая база, якая дазваляе весці ўлік, кантроль, прафілактыку парушэнняў; забяспечвае выдачу дазволаў на перамяшчэнне ўзораў СІТЭС, а таксама прадугледжвае адказнасць за невыкананне патрабаванняў заканадаўства.

Падчас сустрэчы эксперты гаварылі пра важнасць уключэння некаторых відаў акул і галатурый («марскіх агуркоў») у Дадатак 2 Канвенцыі, пераводу сайгі і некаторых папуляцый афрыканскіх сланоў з Дадатку 2 у Дадатак 1, уключэння жырафаў у Дадатак 3, разгледзелі пытанні барацьбы з кіберзлачыннасцю ў адносінах да дзікай фаўны, ліквідацыі канфіскаваных узораў СІТЭС і інш.

Шмат выступленняў экспертаў датычылася праблемы аховы розных відаў акул. Сёння празмерны вылаў — галоўная пагроза для гэтых санітараў акіяна. Па падліках спецыялістаў, 54 % усіх відаў акул лічацца ўразлівымі ці знаходзяцца на мяжы знішчэння. Пры гэтым па-ранейшаму многія з іх вылоўліваюцца і выкарыстоўваюцца ў якасці прадуктаў харчавання.

Акрамя гэтага, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанні, важныя для еўраазіяцкага рэгіёна, у тым ліку і сітуацыю з вугром еўрапейскім у нашай краіне. Беларуская дэлегацыя расказала міжнародным экспертам пра працу над захаваннем папуляцыі гэтай рыбы, а таксама агучыла праблемы, звязаныя з усталяванай забаронай для краіны паставак шклопадобнай лічынкі вугра з краін Еўрапейскага саюза.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Сланы і акулы... на продаж

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.