Вы тут

Хто і як рэгулюе экспарт-імпарт жывёл


Мінпрыроды кантралюе, у якіх умовах утрымліваюцца прывезеныя з-за мяжы жывёлы.

Летась беларускія навукоўцы адправілі на экспарт у літоўскі біясферны рэзерват «Жувінтас» вяртлявую чаротаўку. Сёлета ў чэрвені будзе здзейснены другі этап транслакацыі гэтай птушкі. Хто і як рэгулюе экспарт-імпарт жывёл, расказала кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна ЖАЛЯЗНОВА.


— Якімі міжнароднымі дакументамі рэгламентуецца экспарт-імпарт жывёл?

— Канвенцыяй аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (СІТЭС), што была падпісаная ў 1973 годзе. Беларусь — бок Канвенцыі з 1994 года. Такім чынам, наша краіна ўзяла на сябе абавязацельствы па кантролі за міжнародным гандлем знікаючымі відамі жывёл з дапамогай выдачы дазвольных дакументаў на іх перамяшчэнне праз дзяржаўныя межы. У Канвенцыі ёсць тры дадаткі, у кожны з якіх уключаны розныя катэгорыі. У спісе Дадатку 1 — жывёлы, якія засталіся літаральна ў адзінкавых экзэмплярах. У дачыненні да нашай краіны гэта сокал сапсан.

У спіс Дадатку 2 уключаны жывёлы, якія таксама знаходзяцца на мяжы знікнення, але іх колькасць яшчэ можна рэгуляваць. Напрыклад, рысь, воўк. У нашай краіне два органы адказваюць за выкананне Канвенцыі СІТЭС. Адміністрацыйная частка ўскладзена на Мінпрыроды, навуковая — на НАН Беларусі. Навукоўцы даюць заключэнне аб магчымасці ўвозу або вывазу жывёл, мы афармляем сертыфікат. У год выдаём ад 200 да 300 сертыфікатаў.

— Якія дакументы павінны быць на руках у чалавека, калі, напрыклад, ён з'язджае з Беларусі на доўгі час і хоча забраць з сабой рэдкую жывёлу?

— Яму трэба аформіць дазвол на ўвоз у краіну, у якую ён едзе, а ў нас атрымаць дазвол на вываз — сертыфікат СІТЭС. Мы абавязаны даведацца пра паходжанне жывёлы, перш за ўсё, ці не была яна адабрана з дзікай прыроды браканьерскім спосабам. Таксама важна, каб умовы ўтрымання ў краіне імпарту адпавядалі відавым асаблівасцям жывёлы. Трэба разумець, што ўсе гэтыя дакументы не робяцца за адзін дзень.

— Хто часцей увозіць жывёлу — грамадзяне або арганізацыі?

— Грамадзяне актыўна атрымліваюць дазволы. Звяртаюцца да нас кіраўнікі заапаркаў, каб аформіць абмен калекцыямі. У беларускіх цырках экзатычныя жывёлы практычна адсутнічаюць, а вось гастралёры досыць часта атрымліваюць дазвол на перамяшчэнне сваіх падапечных.

— Гэта значыць, трэба атрымліваць дазвол нават на часовы ўвоз-вываз?

— Так. Напрыклад, у нас атрымлівалі сертыфікат, каб вывезці папугая на лячэнне за мяжу.

— Вядомы выпадкі і кантрабанднага ўвозу жывёл...

— Незаконнае перамяшчэнне жывёл — гэта страшна. Па-першае, ім даюць транквілізатары. Пасля такога ўмяшання з дзесяці жывёл выжывае адна. Звяроў утрымліваюць у цесных кантэйнерах, доўгі час не даюць ежы і вады. Па-другое, жывёлу з гарачага клімату прывезці нават ва ўмераны — гэта велізарны стрэс для арганізма.

Трэба памятаць, што бяздумнае, дзікае адабранне жывёл з прыроднага асяроддзя скарачае біяразнастайнасць.

— Якое пакаранне прадугледжана за незаконны ўвоз або вываз жывёл?

— Для фізічных асоб — накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 20 да 200 БВ, а на юрыдычную асобу — штраф да 1000 БВ. Акрамя таго, нярэдка прымяняецца такая мера, як канфіскацыя. Асабліва калі гаворка ідзе пра экзатычных жывёл.

— Няпроста завезці ў краіну і, напрыклад, сумку са скуры кракадзіла...

— Менавіта так. Дзеянне канвенцыі СІТЭС распаўсюджваецца і на дэрываты, то-бок на любую пазнавальную частку дзікай жывёлы. На вываз вырабаў з футра і скуры дзікіх жывёл: вопраткі, абутку, сумак і іншых аксесуараў, — неабходны дазвольныя дакументы.

Нічога не рэкамендавала б спрабаваць вывезці з Егіпта. Нам здаецца, калі ракавінкі ляжаць на пляжы пад нагамі, то каштоўнасці не ўяўляюць, аднак вываз некаторых з іх забаронены. Таксама мытныя органы ўважлівыя да каралаў і вырабаў з іх. Збіраючыся ў экзатычную краіну, лепш загадзя даведацца, на правоз якіх прыродных сувеніраў мытня дае дабро.

Фота: gpk.gov.by

— Як ажыццяўляецца кантроль за ўмовамі, у якіх жывуць увезеныя ў краіну жывёлы?

— Гэта наш прамы абавязак. Памятаеце гісторыю пра рысяў для беларускага спецназа? Ваенныя набылі іх на расійскай звераферме, якая здае матэрыял для пашыву футраў. На мой погляд, спецназаўцы выратавалі жывёл. Умовы іх утрымання праверылі нашы тэрытарыяльныя органы сумесна з прадстаўнікамі НАН Беларусі і высветлілі, што ўсё адпавядае патрабаванням заканадаўства. Спецназ вельмі ўважліва ставіцца да рысяў: замацавалі салдат, у абавязкі якіх уваходзіць догляд драпежнікаў, змешчаных у вальеры.

— Ці падпадаюць пад дзеянне Канвенцыі расліны?

— Вядома, ёсць такія віды. Напрыклад, на вываз архідэі, набытай у гандлёвым цэнтры, дазвол не трэба, чаго не скажаш пра рэдкія віды раслін. Зразумела, у абодвух выпадках не пазбегнуць фітасанітарнага кантролю на мяжы.

— Мы яшчэ нічога не расказалі чытачам пра Дадатак 3.

— Спіс Дадатку 3 — гэта Чырвоная кніга. Яна ёсць у кожнай краіне, у яе ўнесены жывёлы і расліны, якія патрабуюць дадатковай аховы. Мы лічым дапушчальным адабраць чырванакніжнікаў з дзікага асяроддзя на абмежаваныя мэты: навуковыя, утрыманне і развядзенне ў няволі, стварэнне новых мікрапапуляцый на тэрыторыі Беларусі ці за мяжой. Па ўзгадненні з НАН адбіраем зубра і перасяляем у іншыя месцы і краіны. У такіх выпадках экспарт рэгламентуецца ў межах рашэнняў Еўразійскай эканамічнай камісіі. Агульнае правіла такое: для вывазу ў трэцюю краіну нашых чырванакніжнікаў неабходны дазвольны дакумент альбо ліцэнзія. Апошнюю выдае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з Мінпрыроды. Такая ж працэдура ў выпадку экспарту дзікарослай сыравіны.

Усе краіны абараняюць сваю прыроду і рынак. Напрыклад, еўрапейскі вугор. У ЕС наогул забаронены гандаль лічынкай гэтай рыбы з трэцімі краінамі. Але ёсць нюанс: калі, напрыклад, у Рызе на рынку вы купілі вэнджанага вугра, то латвійская мытня не будзе перашкаджаць вывазу, а вось лічынку жывой рыбы катэгарычна забаронена імпартаваць.

— Як наладжана супрацоўніцтва Мінпрыроды з Дзяржаўным мытным камітэтам?

— Адпрацавана схема ўзаемадзеяння: калі ёсць пытанні адносна легальнасці ўвозу жывёл, нам тэлефануюць нават у выхадныя. Падключаюцца ў такіх выпадках і супрацоўнікі Акадэміі навук. Магу з упэўненасцю сказаць, што нашы мытнікі не толькі добрасумленна выконваюць свае абавязкі, але і непакояцца пра жывёл.

— Таццяна Уладзіміраўна, а як асабіста вы ставіцеся да захаплення некаторых суграмадзян набыццём экзатычных жывёл?

— Катэгарычна супраць такой моды. Трэба разумець, што гэта жывая істота, а не цацка. Нельга нагуляўшыся выкінуць яе, што часам адбываецца. Акрамя таго, такая жывёла можа нанесці шкоду іншым людзям. У прыродзе, як правіла, яны доўга не могуць жыць пасля хатняга ўтрымання. Калі чалавек хоча завесці гадаванца, то ў нашых умовах ідэальныя кошкі і сабакі — яны ўжо шмат стагоддзяў жывуць побач з чалавекам, мы выдатна прыстасаваліся адно да аднаго.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Заслон на шляху жывой кантрабанды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».