З 1 мая чакаюцца змены, якія закрануць пенсіянераў, бюджэтнікаў, людзей з інваліднасцю, мам у дэкрэтным водпуску, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўсіх, хто карыстаецца паслугамі «Белтэлекама». А цяпер — больш падрабязна пра тое, чаго нам чакаць.
Павысяцца працоўныя пенсіі і пенсіі па ўзросце
З 1 мая павышаюцца пенсіі — у сярэднім на 6,3 працэнта. Мяркуецца, што сярэдні памер працоўных пенсій складзе 411,5 руб., сярэдні памер пенсіі па ўзросце — 418,4 руб.
Пры гэтым памер (працэнт) павелічэння пенсіі ў выніку пераразліку ў кожнага пенсіянера будзе залежаць ад індывідуальных параметраў яго стажу працы і велічыні заробку да звароту па пенсію, а таксама ўстаноўленых да пенсіі надбавак, павышэнняў і даплат.
Надбаўкі, павышэнні і даплаты да пенсій будуць таксама паднятыя, але гэта адбудзецца дзякуючы таму, што падымецца памер бюджэту пражытковага мінімуму.
Вырасце тарыфная стаўка для бюджэтнікаў
З 1 мая тарыфная стаўка першага разраду для аплаты працы работнікаў у бюджэтных арганізацыях і прыраўнаваных да іх павысіцца з 35,5 да 36,4 рубля. І дарэчы, у наступным годзе зменіцца схема аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый.
З 1 студзеня 2020 года тарыфную стаўку першага разраду заменяць на базавую стаўку, якая складзе 180 рублёў, а замест 27-разраднай адзінай тарыфнай сеткі ўвядуць 18-разрадную.
Павялічыцца бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ)
У Беларусі з 1 мая вырасце бюджэт пражытковага мінімуму. Гэты паказчык павялічыцца да 224,02 рубля. Прыбаўка складзе 7,12 рубля. Новы памер БПМ будзе дзейнічаць да канца ліпеня гэтага года.
Павысяцца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі і некаторыя надбаўкі
Даплаты да пенсій непрацуючым пенсіянерам, якія дасягнулі 75 і 80 гадоў, услед за БПМ таксама вырастуць і складуць:
Сацыяльная пенсія інвалідам 1-й групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, складзе 246,42 рубля;
Мінімальная пенсія па ўзросце (без уліку даплаты ў 20 % ад сярэдняй зарплаты) складзе 56 рублёў.
Вырастуць дапамогі на дзяцей
Павелічэнне БПМ адаб'ецца і на аднаразовай дапамозе ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці, якая цяпер будзе раўняцца 2240,2 рубля, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей памер аднаразовай дапамогі складзе 3136,28 рубля. Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складзе 224,02 рубля.
Дапамога сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (штомесячная) складзе 112,01 рубля.
Дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем'яў, прадугледжаных заканадаўствам (штомесячная):
— на дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем'ях (акрамя дзіцяці-інваліда), —112,01 рубля;
— на дзіця-інваліда, старэйшага за 3 гады, —156,81 рубля.
Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (штомесячная):
— з І і ІІ ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў — 224,02 рубля;
— з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 3 гадоў — 224,02 рубля;
— з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці 3 гадоў — 268,82 рубля;
— дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека (штомесячная), складзе 156,81 рубля.
Пенсіянерам — зніжка на праезд у электрычках
З 1 мая ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа для пенсіянераў па ўзросце прадугледжана зніжка 50 % на праезд.
Яна ўстанаўліваецца штогод у перыяд сезонных сельскагаспадарчых работ з 1 мая і па 30 верасня. Для набыцця праязных дакументаў са зніжкай трэба прад'явіць арыгінал пенсійнага пасведчання. Таксама гэты дакумент неабходна мець пры сабе падчас праезду.
Дарэчы, ільготныя праязныя дакументы пенсіянеры па ўзросце з 1 мая па 30 верасня могуць аформіць не толькі ў білетных касах, але і праз тэрміналы самаабслугоўвання.
Прадстаўнікі Беларускай чыгункі адзначаюць, што дадзеная льгота не даецца пры праездзе ў цягніках рэгіянальных ліній бізнес-класа (з нумараванымі месцамі), а таксама пры праездзе ў цягніках гарадскіх ліній.
МТС прапануе мабільную сувязь за 1 рубель у месяц
МТС з 1 мая запускае тарыф «Перамога» для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер яны змогуць карыстацца мабільнай сувяззю за 1 рубель у месяц. Запуск прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі.
Тарыф уключае безліміт званкоў унутры сеткі. У пакет таксама ўваходзіць 10 хвілін на міжнародныя выклікі і 100 МБ мабільнага інтэрнэту. Патэлефанаваць у іншыя сеткі Беларусі каштуе 3,43 капейкі за хвіліну, адправіць СMС — 3,39 капейкі, а трафік звыш нормы тарыфікуецца па прынцыпе адкрытага інтэрнэту.
Пры гэтым няважна, карыстаецца ветэран мабільнай сувяззю МТС або падключаецца да яе ўпершыню. Акрамя таго, як заявілі ў МТС, для падключэння ісці ў салон сувязі неабавязкова: c 4 да 17 мая СІM-карту могуць бясплатна даставіць дадому.
Павысяцца цэны на паслугі «Белтэлекама»
З 3 мая ў сярэднім на 4 % павысіцца плата за інтэрнэт і пакеты паслуг электрасувязі «Белтэлекама».
Тэлеграфная сувязь, міжнародныя званкі, тэлебачанне, званкі на мабільныя тэлефоны, даведачна-інфармацыйныя і іншыя дадатковыя паслугі падаражэюць у сярэднім на 5 %.
Падрыхтавала Святлана БУСЬКО
На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек.
Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах.
«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».