Сёлета ўпершыню была вызначана новая дата афіцыйнага адкрыцця абноўленай дошкі напярэдадні Свята працы
На плошчы Дзяржаўнага сцяга ў апошні дзень красавіка адбыўся мітынг, падчас якога адзначалі пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па выніках працы за 2018 год. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўвалі тыя прадпрыемствы і арганізацыі, якія дасягнулі найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Як адзначыў падчас мітынгу першы намеснік прэм’ер-міністра краіны Аляксандр Турчын, мінулы год быў няпростым у эканамічным плане. «Разам з тым нам удалося выканаць 7 з 8 ключавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Летась эканоміка краіны працягнула тэндэнцыю росту. Аб’ём валавога ўнутранага прадукту вырас на 3 %. За мінулы трохгадовы перыяд эканоміка вытрымлівае параметры, якія вызначаны праграмай пяцігодкі. Практычна ўсе ключавыя галіны забяспечылі эканамічны рост», — сказаў першы віцэ-прэм’ер. Паводле яго слоў, асноўным драйверам эканомікі застаецца прамысловасць. Па выніках мінулага года аб’ём прамысловай вытворчасці павялічыўся на 5,7 %. Упэўнена дадае IT-сектар: рост агульнай выручкі рэзідэнтаў ПВТ склаў рэкордныя 47 %. Экспарт паслуг — 1,4 млрд долараў.
Аляксандр Турчын заўважыў, што на знешніх рынках дасягнуты значны прагрэс. У мінулым годзе экспарт вырас амаль на 15 % пры станоўчым сальда знешняга гандлю каля 700 млн долараў. «А гэта адзін з найлепшых паказчыкаў за апошнія 25 гадоў», — адзначыў спікер. У першым квартале гэтага года эканоміка працягнула паступальны рух наперад. Выконваюцца практычна ўсе ключавыя паказчыкі. У краіне забяспечваецца макраэканамічная стабільнасць. Інфляцыя захоўваецца ў межах запланаваных значэнняў.
Асобна спыніўся першы намеснік прэм’ер-міністра краіны на рэальным становішчы працоўных калектываў. У прыватнасці, ён адзначыў, што ў эканоміку краіны паступіла 5,2 млрд рублёў інвестыцый. Станоўчыя вынікі эканамічнага развіцця дазваляюць забяспечыць далейшае павелічэнне рэальных грашовых даходаў насельніцтва. Сярэдняя заработная плата за тры месяцы перавысіла 1 тысячу рублёў. Акцэнт на яе далейшае павелічэнне будзе зроблены перш за ўсё ў дачыненні да нізкааплатных катэгорый грамадзян.
У цырымоніі адкрыцця абноўленай Рэспубліканскай дошкі Гонару прынялі ўдзел першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў, кіраўнікі і прадстаўнікі працоўных калектываў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія сталі пераможцамі спаборніцтва.
Па выніках працы за мінулы год на Рэспубліканскую дошку Гонару занесены 59 пераможцаў спаборніцтва: адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі і прадпрыемствы. Многія калектывы гарадоў і раёнаў краіны, арганізацыі і прадпрыемствы праявілі стараннасць, ініцыятыву, зладжанасць у працы, змаглі аператыўна рэагаваць на знешнія і ўнутраныя фактары, паказалі годныя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці.
Так, сярод адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак лепшымі прызнаныя: горад Мінск, Гродзенская і Мінская вобласці. Сярод раёнаў былі адзначаны: Магілёўскі раён Магілёўскай вобласці, Астравецкі раён Гродзенскай вобласці, Мінскі раён Мінскай вобласці, Мазырскі раён Гомельскай вобласці і Брэсцкі раён Брэсцкай вобласці. Лепшымі раёнамі ў гарадах былі абраныя — Савецкі і Першамайскі раёны Мінска, Ленінскі раён Брэста.
Трапілі на Дошку гонару буйныя прадпрыемствы, якія падпарадкоўваюцца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання. Гэта завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-КУПАВА», кампанія «БЕЛАЗ» і акцыянернае таварыства «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». Занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару накіравана на заахвочванне лепшых рэгіёнаў і арганізацый рэспублікі і пацвярджае грамадскае прызнанне працы грамадзян і калектываў прадпрыемстваў, якія ўнеслі важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё і павышэнне дабрабыту краіны.
У тэму
У бягучым годзе ў адпаведнасці з указам № 47 ад 12 лютага 2019 года выбар пераможцаў праводзіўся згодна з абноўленымі правіламі спаборніцтваў. Па-першае, змянілася колькасць намінацый. Два напрамкі — сфера сацыяльна-эканамічнага развіцця і эканомія рэсурсаў — аб’яднаныя ў адзін. На Рэспубліканскую дошку Гонару ўпершыню занесены лепшыя арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання.
Сяргей КУРКАЧ
Фота БЕЛТА
Памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.