Сёння беларуская дэлегацыя, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, спявачка ЗЕНА і яе творчая каманда, адпраўляецца ў Тэль-Авіў. У гэтым ізраільскім горадзе ўжо неўзабаве стартуе міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне».
А ўжо 4 мая ў прадстаўніцы нашай краіны запланавана першая індывідуальная рэпетыцыя і прэс-канферэнцыя для еўрапейскіх СМІ — на конкурсе акрэдытаваныя каля 1600 журналістаў. Другая рэпетыцыя адбудзецца 9 мая.
12 мая возьме старт Еўратыдзень, і ўдзельнікі сёлетняга конкурсу з 41 краіны свету пройдуць па чырвонай дывановай дарожцы (у гэтым годзе яна, праўда, будзе аранжавай). Цырымонія адбудзецца на плошчы Габіма, дзе размяшчаецца шэраг вядучых культурных устаноў — тэатры, музеі і павільёны сучаснага мастацтва.
Першы паўфінал творчага спаборніцтва адбудзецца 14 мая. Беларуска Зінаіда Купрыяновіч, якая выступае пад сцэнічным імем ЗЕНА, выйдзе на сцэну пад нумарам 8 з песняй «Like It». Прамую трансляцыю абодвух паўфіналаў, а таксама фіналу шоу ужо традыцыйна будуць весці тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24», а пра ўсе самыя цікавыя падзеі і навіны конкурсу штодня будуць расказваць журналісты АТН у інфармацыйных сюжэтах выпусках «дзённікаў Еўрабачання-2019».
Тым часам
Еўрапейскі вяшчальны саюз апублікаваў склад нацыянальных журы — агулам 205 прафесіяналаў тэлевізійнай і музычнай сферы, ад ацэнак якіх істотна залежаць выніковыя балы ў паўфіналах і фінале «Еўрабачання». Удзельнікаў журы просяць выкарыстоўваць наступныя крытэрыі для ацэнкі: вакальныя даныя артыста, выступленне на сцэне, кампазіцыя і арыгінальнасць песні, агульнае ўражанне. У беларускую судзейскую калегію ўвайшлі спявачка, прадзюсар Анастасія Ціхановіч, тэлепрадзюсар Анжэліна Мікульская, спявакі і тэлевядучыя Арцём Міхаленка і Вольга Рыжыкава, а таксама кіраўнік калектыву «Чысты голас» Валерый Прыгун.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек.
Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах.
«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».