Вы тут

«...Ён — Купала. І гэтым усё сказана»


У выдавецтве «Беларусь» падрыхтаваны да друку альбом-каталог, які прэзентуе мастацкія творы з калекцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, што ствараліся мастакамі на працягу амаль стагоддзя.


Аўтар ідэі і навуковы кіраўнік праекта — А. Ляшковіч. Укладальнікі — В. Ціханавецкая, Н. Саевіч, А. Ляшковіч. Выпуск выдання ажыццяўляецца па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Варта заўважыць, што музейная калекцыя — адзіны ў краіне найбольш поўны збор твораў выяўленчага мастацтва, прысвечаных асноўным этапам жыцця і творчасці паэта. Альбом-каталог знаёміць з нацыянальнай школай жывапісу ад 20-х гадоў мінулага стагоддзя да сучаснасці. У выданні змешчаны звесткі з біяграфіі народнага песняра Беларусі, з гісторыі напісання некаторых твораў. Істотна дапаўняюць альбом-каталог біяграфічныя даведкі пра мастакоў.

З грунтоўным уступным артыкулам, які характарызуе прынцыпы фарміравання музейнай калекцыі, выступае мастацтвазнаўца Таццяна Бембель. У прыватнасці, яна заўважае, што «мастацкая калекцыя дапамагае шукаць адказы на пытанні, якія і зараз застаюцца актуальнымі: што такое нацыянальная школа выяўленчага мастацтва; ці з'яўляецца беларуская школа сапраўды самастойнай школай, а не сумай уплываў і не адгалінаваннем суседзяў з усходу, захаду, поўначы ці поўдня; ці змянялася ступень яе самастойнасці на працягу таго перыяду, што прадстаўляе калекцыя, — ад нараджэння Купалы да сённяшніх дзён...».

Сотні работ, прадстаўленых у каталогу, пашыраюць наша ўяўленне і пра беларускае мастацтва, і пра самога Янку Купалу. Другі беларускі класік — Уладзімір Караткевіч — сказаў пра паэта: «Гэты чалавек усім створаным вярнуў народу годнасць, годнасць за сваё мінулае, сілу жыць у сённяшнім, мужнасць, каб глядзець у будучыню... для нас, беларусаў, ён адзін такі. Ён — Купала. І гэтым усё сказана».

Да нараджэння альбома-каталога «Янка Купала. Я адплаціў народу, чым моц мая магла» прычыніліся парадамі, крытычнымі заўвагамі старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Варонава, Марына Плаўская, Інга Цераховіч, а таксама Наталля Гермацкая, Людміла Скакун, Лідзія Камінская.

І музей, і выдавецтва «Беларусь», і ўсіх, каму дарагі лёс беларускай літаратуры, можна павіншаваць з высокай падзеяй — стварэннем альбома, які, несумненна, будзе запатрабаваны.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.