Вы тут

З якімі праблемамі звяртаюцца жыхары Міншчыны да ўладаў?


Як у цэнтральным рэгіёне выконваюцца патрабаванні Дырэктывы № 2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва», абмеркавалі на пасяджэнні Мінаблвыканкама.


Фота: pixabay.com

— У 2018 годзе Мінаблвыканкам, гар-, райвыканкамы, пасялковыя, сельскія выканкамы разгледзелі 34 тысячы зваротаў грамадзян. У першым квартале гэтага года — каля 8 тысяч. І колькасць іх штогод павялічваецца. Напрыклад, у параўнанні з першым кварталам мінулага года ў адпаведным перыядзе 2019-га іх стала больш на 4 працэнты, — адзначыла начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Аксана Таранда. — А гэта сведчыць аб недапрацоўках. На «Вялікую размову» да Прэзідэнта паступіла 194 паведамленні ад жыхароў Міншчыны, у тым ліку 64 датычыліся будаўніцтва і выдзялення зямельнага ўчастка жыллёва-будаўнічаму вытворчаму кааператыву «Стрыж-11» у пасёлку Лясны Мінскага раёна. Заяўнікі скардзіліся на тое, што неаднаразова ўлады мянялі месца для размяшчэння жылога дома, не прымалі меры, каб пачаць яго будаўніцтва. Гэтае пытанне разглядаецца на самым высокім узроўні і ў цяперашні час знаходзіцца ў працэсе вырашэння.

Наогул, тэматыка зваротаў да абласных і раённых улад застаецца нязменнай: дарогі, архітэктура і будаўніцтва, жыллёва-камунальная гаспадарка, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, рамонт жылых дамоў.

Старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка лічыць, што мала праводзіць прыёмы грамадзян, тэлефонныя, гарачыя лініі. «Мы павінны не чакаць, калі людзі прыйдуць да нас, а самі ісці да іх, перш уважліва вывучыўшы праблемы таго ці іншага населенага пункта, і пры сустрэчы прапаноўваць шляхі іх рашэння. Гэта дасць свой вынік».

У прыклад калегам Анатоль Міхайлавіч паставіў старшыню Мінскага райвыканкама Івана Крупко, які сустрэўся з жыхарамі Калодзішчаў, разам яны абмеркавалі набалелае, прыйшлі да кансэнсусу. Такую практыку варта пераняць усім кіраўнікам раёнаў. Пры гэтым не трэба даваць неабгрунтаваных абяцанняў людзям, падкрэсліў губернатар. Але перш за ўсё неабходна вырашаць комплексныя, сістэмныя праблемы. Напрыклад, летась было многа заяў па рамонце дарог. Аказалася, што многія з іх у вобласці нікому не належаць. Была праведзена інвентарызацыя, і рашэннем Мінаблвыканкама яны перададзены на баланс абслуговых арганізацый, у асноўным жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У Мінскім раёне створана новая буйная спецыялізаваная арганізацыя «Мінскгаррайрамаўтадар», для якой закупілі неабходную тэхніку. З 1 студзеня 2019 года яна ўзяла на абслугоўванне дарогі прысталічнага рэгіёна. І колькасць скаргаў зменшылася.

У 2018 годзе ў Адміністрацыю Прэзідэнта было накіравана амаль 25 тысяч зваротаў, больш за палову з іх пытанні, якія адносяцца да кампетэнцыі мясцовых органаў улады. У тым ліку ад жыхароў Міншчыны атрымана 3752 звароты. Гэта самая вялікая колькасць сярод рэгіёнаў краіны пасля Мінска. У разрэзе раёнаў Міншчыны ў «лідарах» — Мінскі — 1048 зваротаў, Маладзечанскі — 350, Салігорскі — больш за 300. Кожны трэці зварот ад жыхароў цэнтральнага рэгіёна ў Адміністрацыю Прэзідэнта паўторны. Усяго ж такіх 1275.

— Гэта ў пэўнай ступені сведчыць аб тым, што на месцах звароты ўсё яшчэ разглядаюць фармальна, не высвятляюць іх сутнасць, — лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Рыгор Шлык.

Асаблівую ўвагу прысутных ён звярнуў на работу з калектыўнымі зваротамі. Адміністрацыя Прэзідэнта за мінулы год атрымала іх 251. Больш за ўсё са сталіцы, на другой пазіцыі Мінская вобласць.

— Адміністрацыі Прэзідэнта ў гэтым выпадку даводзіцца ўмешвацца і браць сітуацыю пад кантроль. На працягу 2017—2018 гадоў некалькі разоў звярталіся па пытаннях уладкавання ліўневай каналізацыі жыхары пасёлка Старобін Салігорскага раёна. Пад першым лістом падпісаліся 19 чалавек, а пад другім — 544. Толькі пасля даручэння кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай мясцовыя ўлады праклалі сеткі водазабеспячэння, расчысцілі меліярацыйны канал.

Як адзначыў Рыгор Шлык, такія сітуацыі становяцца магчымымі ў выніку адсутнасці жорсткага кантролю, зацягвання тэрмінаў выканання, непрыняцця мер уздзеяння да службовых асоб, дзеяння прывычкі працаваць як удасца. Ён заклікаў усіх больш уважліва ставіцца да патрэб грамадзян: «Усе розныя, але гэта нашы людзі, і мы павінны кожнага пачуць і пастарацца дапамагчы».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Пачуць кожнага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».