Вы тут

Куля, асколкі і кроў сібірачак


22 чэрвеня для Уладзіміра Марчанкі — асаблівая дата: свята дня нараджэння і смутак пачатку вялікай бяды. У гэты дзень у 1920 годзе ў весцы Ерашоўка Клімавіцкага раёна ён з'явіўся на свет, і ў гэты ж дзень, праз 21 год, курсант Марчанка, як і мільёны савецкіх хлопцаў, стаў пад ружжо, гатовы аддаць жыццё ў барацьбе з ворагам.


З вучнямі СШ № 2 г. Чавусы, якія рэгулярна наведваюць ветэрана.

«Не жыццё, а казка», — так даволі нечакана пачаў расказ пра сваё баявое мінулае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір МАРЧАНКА. Але падчас размовы пачынаеш разумець, што меў на ўвазе ветэран. Сапраўды, калі слухаеш гісторыю гэтага чалавека, які прайшоў вайну ад жудаснага чэрвеня 1941 года да пераможнага мая 1945-га, здаецца неверагодным, колькі можа вытрываць чалавек. Біяграфія Уладзіміра Марчанкі нібыта падручнік гісторыі гэтай жахлівай вайны. Тут і абарона Масквы, і вызваленне Смаленшчыны, і ўдзел у аперацыі «Баграціён», і ліквідацыя Віцебскага «катла», і штурм Кёнігсберга — доўгі і цяжкі шлях савецкага салдата, які бараніў родную краіну.

Калі грымнула вайна, хлопец знаходзіўся ў Валагодскай вобласці, дзе вучыўся ў ваенным вучылішчы. Вялікія страты салдат і каманднага складу з першых дзён вайны вымусілі кіраўніцтва навучальнай установы скараціць тэрмін вучобы, і ўжо ў жніўні Уладзімір Марчанка прызначаны камандзірам узводу. Маладога неабстралянага курсанта адправілі абараняць савецкую сталіцу. У снежні 41-га пад Калінінам ён быў паранены, жыццё выратавала тое, што асколак страціў забойную моц, трапіўшы ў дакументы і грошы, што ляжалі ў нагруднай кішэні.

Дакументы, якія былі залітыя крывёй падчас ранення.

Уладзімір МАРЧАНКА з баявымі сябрамі.

Пасля шпіталя Уладзіміра Васілевіча ў хуткім часе накіравалі ў 19-ю гвардзейскую стралковую дывізію начальнікам штаба лыжнага батальёна. У складзе гэтай дывізіі Уладзімір Васілевіч вызваляў Смаленскую вобласць, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, з ёй жа ў 1943 годзе ступіў на родную зямлю. У баях за чыгуначную станцыю Крынкі, што каля Лёзна, воін атрымаў другое раненне. Падлячыўшыся, ён зноў папрасіўся ў родную дывізію.

— На дарогу ў войска мне далі дзесяць дзён і мяшок сухароў. Бачачы, што час дазваляе, вырашыў па дарозе заскочыць дадому ў Ерашоўку, праведаць маці, сваякоў. Паглядзець, як ладзіцца іх жыццё, дапамагчы чым змог бы. Сэрца аблівалася крывёю, калі ўвайшоў у родную вёску ці, хутчэй у тое, што ад яе засталося. Усе хаты немцы, калі адступалі, спалілі, сярод гарэлых плямін тырчалі толькі коміны печак. Людзі туліліся хто дзе знайшоў паратунак, — апісвае ўбачанае ветэран. — Ніхто не чакаў майго прыезду. Але пакуль ішоў па вёсцы, мяне пазналі, і нехта сказаў маці: Пелагея, глядзі, твой сын ідзе. Маці кінулася мне насустрач, абняла і плача ад шчасця...

Радасць спаткання была азмрочана весткамі, што сястру Уладзіміра Марчанкі фашысты сагналі ў Нямеччыну, і які яе напаткаў там лёс, было невядома. Зрабіўшы для маці зямлянку, салдат адправіўся далей на фронт, дзе пад Багушэўскам дывізія вяла баі з праціўнікам.

Падчас аперацыі «Баграціён» камандзіру не раз прыходзілася пад кулямі ісці наперад і весці за сабою салдат. А таксама прымаць удзел у ліквідацыі Віцебскага «катла».

— Мы добра ведалі, як паводзяць сябе немцы, вырваўшыся з атачэння, і якую за гэта «цану» плаціць мірнае насельніцтва. З гэтай прычыны быў строгі наказ: ніводзін фашыст не павінен быў прасачыцца праз нашы лініі. І мы ўтрымалі пазіцыю, прымусілі фашыстаў здацца.

За паспяховае выкананне задання Уладзімір Марчанка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга з прысваеннем звання капітана. Далей былі баі ў Паўночнай Беларусі, вызваленне Літвы і нават уступленне на тэрыторыю ворага. У бітве за Кёнігсберг капітан Марчанка атрымаў трэцяе раненне.

— Каля мяне разарваўся снарад, і асколак, рассекшы ордэнскую планку, прабіў грудзі крыху вышэй за сэрца. Лежачы на зямлі, я ўжо развітваўся з гэтым светам. Але салдаты мяне выцягнулі з-пад агню і толькі дзякуючы ім я жывы, — успамінае ветэран. — Шмат крыві я тады страціў, але і тут мне пашанцавала, што знайшліся людзі, якія здалі сваю кроў для мяне. Як потым стала вядома, гэта былі жанчыны-сібірачкі. Дзякуючы іх сібірскай крыві я сустракаю 99-ю вясну.

Волей лёсу скончыў вайну Уладзімір Марчанка ў горадзе, з якога і пачынаў свой баявы шлях да Перамогі, менавіта ў Волагду на лячэнне быў накіраваны паранены. Тут жа афіцэр даведаўся і пра заканчэнне Вялікай Айчыннай вайны. 12 мая камісаваны камандзір пакінуў сцены шпіталя і паехаў у родную Ерашоўку, дзе чакала стваральная праца пад мірным небам...

Андрэй САЗОНАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.