Заўтра, 9 мая, краіна 74-ы раз адзначыць самае галоўнае свята — Дзень Перамогі... Нягледзячы на дажджлівы пачатак тыдня, сіноптыкі абяцаюць спрыяльнае надвор'е. Але нават калі ў нябеснай канцылярыі нешта пойдзе не так, гэта не паўплывае на агульны настрой. Людзі чакаюць свята, і яно павінна адбыцца на ўзроўні. Не абыдзецца, як заўсёды, без урачыстых мітынгаў, шэсцяў і ўшанаванняў ветэранаў, парадаў з удзелам ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, канцэртных праграм, кірмашоў з пачастункамі і многага-многага іншага... Чаго менавіта? Чытайце ў паведамленнях з месцаў нашых спецыяльных карэспандэнтаў.
Канцэрты, выстаўкі, кірмашы — у Дзень Перамогі мінчанам прапануюць мноства мерапрыемстваў на любы густ.
Як паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны», традыцыйнае ўскладанне вянкоў і кветак да манумента Перамогі адбудзецца ў 11.00. Галоўным акордам свята стане канцэрт «Бессмяротныя песні» тэлепраекта «Плошча Перамогі — 2019» — сумесны праект Міністэрства культуры Беларусі, Мінскага гарвыканкама і Белтэлерадыёкампаніі.
Кожны раён сталіцы рыхтуе ўласную праграму. Заводскі 9 мая запрашае на свята да «Чыжоўка-Арэны», пачатак у 14.00. Ленінскі — да 12-й гадзіны ў Лошыцкі парк і на пляцоўку перад кінатэатрам «Салют». Маскоўскі чакае мінчан і гасцей сталіцы да 10 гадзін у парку імя М. Паўлава і скверы «Палянка» на К. Лібкнехта. Кастрычніцкі — а 13-й гадзіне ў парку «Курасоўшчына». Жыхары Партызанскага раёна могуць адзначыць свята не толькі ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага, але і на пляцоўцы па адрасе Сталетава, 1, а таксама на вуліцы Карвата на пляцоўцы каля самалёта. Старт — у 12 гадзін. Першамайскі раён збірае гасцей у парку Чалюскінцаў і Батанічным садзе ў 13 гадзін. Савецкі раён — збор а 12-й гадзіне перад «Лідо» па вуліцы Кульман. Фрунзенскі — а 12-й гадзіне пачне мерапрыемствы ў парку 60-годдзя Кастрычніка і парку імя Уга Чавеса. У Цэнтральным раёне з 12 гадзін стартуе забаўляльная праграма ў музейна-паркавым комплексе «Перамога» і Траецкім прадмесці. Яшчэ ў цэнтры сталіцы разгорнецца пляцоўка каля Палаца спорту. Там пройдзе вялікі канцэрт з удзелам прафесійных творчых калектываў і выканаўцаў, а таксама пераможцаў Мінскага гарадскога конкурсу патрыятычнай песні.
У 23.00 па традыцыі запланаваны грандыёзны салют.
9 Мая зранку пачнецца шэсце кіраўнікоў вобласці і горада, ветэранаў, ваеннаслужачых Брэсцкага гарнізона, актыву грамадскіх арганізацый, удзельнікаў акцыі «Беларусь памятае», моладзі.
Усе яны накіруюцца ў бок плошчы Цырыманіялаў. Пасля ўскладання кветак да Вечнага агню і вянкоў да пліт мемарыяла адбудзецца жалобны мітынг.
З асобнай праграмай «Памяць сэрца» выступіць духавы аркестр. А каля Паўночных варот крэпасці адбудзецца музычны марафон «Кветкі Перамогі».
Тым часам у парку культуры і адпачынку разгорнуцца народныя гулянні. Творчыя калектывы падрыхтавалі тэматычную праграму. А ўдзельнікі Міжнароднага харавога фестывалю «Берасцейскія харавыя асамблеі» правядуць у парку заключны гала-канцэрт. Акцыі памяці і канцэртныя праграмы адбудуцца ва ўсіх раёнах вобласці.
Галоўная плошча Перамогі, адна з самых вялікіх у Еўропе, стане эпіцэнтрам святочных падзей.
Менавіта тут 9 мая ў 10 гадзін раніцы адбудзецца ўскладанне кветак і вянкоў да манумента ў гонар савецкіх воінаў, партызанаў і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Потым — тэатралізаваны мітынг і святочная канцэртная праграма «Дзякуй героям за мірнае неба!».
Віцебская традыцыя ў Дзень Перамогі — ускладанне (у 10.30) кветак да бюста Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы П. М. Машэрава.
Непадалёку ад плошчы Перамогі — у скверы Б. Хмяльніцкага — адбудзецца дэманстрацыя абмундзіравання і ўніформы салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі ваенных гадоў.
Яшчэ ў Віцебску, у былым пасёлку Руба, пройдзе акцыя «Перамога. Музыка. Вясна». Там жа — шэсце, мітынг каля помніка Невядомаму салдату, акцыя памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны «Дзень белых жураўлёў».
Багатая на падзеі праграма святкавання чакаецца і ў раённых цэнтрах.
Абласныя спаборніцтвы па веласіпедным спорце, прысвечаныя Дню Перамогі, 8—9 мая праходзяць у Талачыне. А ў Наваполацку на наступны пасля святкавання дзень, 10 мая, запланавалі правесці гарадскі патрыятычны конкурс інсцэнаванай песні «Мы за мір!».
Гомельшчына пачынае адзначаць Дзень Перамогі 8 мая акцыяй «Гомель памятае». А 9 мая адбудуцца памятныя мерапрыемствы каля мемарыяла «Вечны агонь».
Тут пройдзе ўрачысты мітынг памяці і цырымонія ўскладання кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў. Ветэраны, спартсмены, творчая моладзь і ўсе, хто пажадае, пройдуць у гэты дзень шэсцем па галоўнай вуліцы горада над Сожам.
Баявы самалёт Су-24 стане яшчэ адным помнікам яго стваральніку, Паўлу Восіпавічу Сухому. Ён усталяваны ў рэканструяваным скверы перад галоўным корпусам Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, які носіць імя легендарнага авіяканструктара.
Мерапрыемствы, прысвечаныя перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, працягнуцца і ў наступныя дні. Напрыклад, 10 мая ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы пройдзе літаратурна-музычны салон «Подзвігам слаўныя нашы землякі».
Святочныя мерапрыемствы разгорнуцца на некалькіх пляцоўках абласнога цэнтра.
Свята ў Гродне распачнецца з самага ранку: на плошчы Леніна адбудзецца ўрачысты мітынг, а ў парку Жылібера ўшануюць памяць загінулых, усклаўшы кветкі да Вечнага агню.
На працягу цэлага дня будуць ісці святочныя праграмы на плошчы Леніна: «Канцэрт на перадавой», «Пад песні 40-х», «У шэсць гадзін вечара пасля вайны», гасцінна сустрэне гасцей арт-кафэ «Пад адкрытым небам», а побач — на плошчы Тызенгаўза — пачне дзейнічаць інтэрактыўная выстаўка ўзбраення сучаснага войска.
Свята не абміне і Савецкую вуліцу, дзе прагучаць песні Перамогі ў выкананні кавер-бэндаў і вулічных музыкаў. Тут жа прапануюць набыць і адмысловыя сувеніры. На Савецкай плошчы можна будзе ўбачыць выстаўку рэтра-тэхнікі.
Завершацца святочныя мерапрыемствы на Кургане Славы канцэртнай праграмай з традыцыйнай акцыяй «Спяем «Дзень Перамогі» разам» і святочным салютам.
Ва ўсіх кутках Міншчыны 9 мая адсвяткуюць Дзень Перамогі. З гэтай нагоды запланавана шмат мерапрыемстваў — урачыстыя мітынгі, ускладанні вянкоў і, вядома ж, святочны салют.
А ў горадзе Жодзіне ў гэты дзень адбудзецца абласное свята, якое традыцыйна адкрые мітынг. Да манумента ў гонар маці-патрыёткі Н. Ф. Купрыянавай будуць ускла-дзены кветкі.
Падчас свята па праспекце Міру пройдзе парад з удзелам навучэнцаў Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, механізаванай калоны ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі Узброеных Сіл Беларусі, а таксама тэхнікі, што выкарыстоўваецца ў народнагаспадарчым комплексе краіны.
Упрыгажэннем свята стане канцэртная праграма аматарскіх і прафесійных калектываў і выканаўцаў. Усе ахвотныя змогуць наведаць кірмаш з пачастункамі і сувенірамі.
Завяршыцца мерапрыемства яркім канцэртам на стадыёне «Тарпеда».
Марш воінскіх часцей Магілёўскага гарнізона, шэсце-парад «Беларусь памятае», мітынг каля Вечнага агню на плошчы Славы, святочны канцэрт — Магілёў урачыста сустракае 74-ю гадавіну Вялікай Перамогі.
Усё больш магіляўчан прымаюць удзел у акцыі «Беларусь памятае» і ідуць у святочнай калоне па вуліцы Першамайскай з партрэтамі сваіх гераічных продкаў. Для ветэранаў па традыцыі падрыхтаваныя спецыяльныя аўтамабілі. Усяго ў горадзе запланавана больш за 20 розных мерапрыемстваў, прысвечаных пераможнаму маю. Яны пачнуцца а 10-й гадзіне раніцы і закончацца а 23-й гадзіне вечара салютам над Дняпром. Пра ліхія франтавыя нагадае традыцыйная палявая кухня каля гандлёвага цэнтра «Магніт», гарадская акцыя «Вальс Перамогі» на плошчы Зорак, салдацкая паляна ў Пячэрскім лесапарку, канцэртна-забаўляльныя мерапрыемствы ў розных куточках горада.
А 8 мая ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, моладзь прымаюць удзел у перапахаванні знойдзеных пры пошукавых работах астанкаў абаронцаў Магілёва на мемарыяльным комплексе «Лагер смерці» па праспекце Шміта.
Сёння ў Магілёве засталося ўсяго 247 ветэранаў вайны, за год іх колькасць скарацілася на 73 чалавекі.
Вольга АНУФРЫЕВА, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, Аляксандр ПУКШАНСКІ, Святлана ЯСКЕВІЧ.
Фота БЕЛТА
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».