Вы тут

Нямецкія аэрафотаздымкі дапамаглі знайсці астанкі байцоў Чырвонай Арміі


Нямецкія аэрафотаздымкі дапамаглі магілёўскім пошукавікам знайсці астанкі болей чым дваццаці байцоў Чырвонай Арміі.

Вышыня каля вёскі Гаі — наогул месца загадкавае. Тут на подступах да Магілёва ў ліпені 41-га амаль цалкам загінуў батальён капітана Уладзімірава. Засталося ўсяго некалькі байцоў, якія потым расказвалі пра тыя жорсткія баі. А заадно паказвалі прыблізнае месца, дзе пахаваны загінулыя курсанты. Тут устаноўлены мемарыял, зроблена алея памяці. Але знайсці астанкі тых міліцыянераў, якія абаранялі гэтую вышыню, усё ніяк не атрымліваецца. Сёлета пошукавікі працавалі па нямецкіх аэрафотаздымках. За чатыры дні былі паднятыя 23 байцы і шмат розных ваенных і бытавых рэчаў. Але інтрыга, як той казаў, засталася. Сярод знойдзеных — ніводнага міліцыянера.


Першыя знаходкі.

За сто метраў ад Шклоўскай шашы

У 90-я гады на вышыні капітана Канстанціна Уладзімірава вяліся раскопкі, у якіх прымаў удзел яго сын і адзін з відавочцаў. Капалі, лічы, наўздагад, таму, напэўна, нічога асабліва і не знайшлі. Летась упершыню пасля развалу Саюза былі арганізаваны маштабныя раскопкі з удзелам 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Былі вялікія спадзяванні, адпаведна, больш грунтоўная падрыхтоўка, але вынікі зноў аказаліся сціплымі. Знайшлі толькі аднаго чырвонаармейца. Да чарговага сезона рыхтаваліся больш сур'ёзна, старанна працавалі з архіўнымі дакументамі, у тым ліку нямецкімі. І ўжо за першыя некалькі гадзін пошукаў атрымалася знайсці чацвярых байцоў і шмат рознай амуніцыі.

Уявіце сабе бясконца роўнае поле, якое штогод засяваецца. Справа могілкі, злева — пералесак, з аднаго боку шаша, з другога — тая самая вышыня капітана Уладзімірава. І па дыяганалі гэтага поля раскопы, вакол якіх круцяцца хлопцы ў камуфляжнай форме. Гэта пошукавікі магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру», супрацоўнікі і курсанты Магілёўскага інстытута МУС і спецыялісты 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна. Падыходжу да адной групы пошукавікоў. Яма глыбінёй паўтара метра, не менш. Унізе прарысоўваюцца контуры чалавека, дакладней таго, што ад яго засталося. Наверсе на посцілцы ляжыць праржавелая каска, скрыня з акуратна скручанай кулямётнай стужкай ад «Максіма», салдацкая спражка, патроны ў пачках, шкляная пляшка, іншыя рэчы.

— На гэтым месцы акрамя курсантаў змагаліся апалчэнцы і вайскоўцы, — кажа адзін з пошукавікоў. — Тут маглі быць і курсанты міжкраявой школы НКУС. Разам з чырвонаармейцамі яны ўваходзілі ў зводны полк маёра Васіля Кацюшына. Байцы засталіся ляжаць на полі бою там, дзе іх знайшла варожая куля. Крыху, магчыма, былі прыкапаныя, і ўсё.

Пошукавік Антон Пракапнёў кліча паглядзець рэчы з другога раскопу:

— Знойдзены дзве самазарадныя вінтоўкі Токарава, боезабеспячэнне да адной з іх, магазін, два дыскі з патронамі да кулямёта Дзегцярова, — пералічвае ён знаходкі. — А ў зямлі, як паказваюць прыборы, ляжыць яшчэ адзін аб'ект.

Антон Пракапнёў дэманструе знаходкі.

На глыбіні ад паўметра і болей

Сёлета пры дапамозе Магілёўскага аблвыканкама было закуплена 36 здымкаў Люфтвафэ, на якіх адлюстраваны пазіцыі савецкіх войскаў. Гэта грунтоўна дапаможа магілёўскім пошукавікам.

— Па аэрафотаздымках мы маглі болей дакладна высветліць, што тут адбывалася, — кажа Павел Кончыкаў, пошукавік клуба «Віккру». — На полі, якое гадамі аралася, няма іншай магчымасці знайсці тыя траншэі. Па дробных дэталях мы ўстанавілі прыблізнае іх месцазнаходжанне. Тут быў супрацьтанкавы роў, які пачынаўся за вунь тымі могілкамі і даходзіў да самага Дняпра.

На калгасным полі знайшлося шмат траншэй, адзіночных акопаў, невялікіх умацаванняў. Як толькі немцы акупавалі гэтую тэрыторыю, тут ужо на наступны год пачаліся палявыя работы. Пошукавікі кажуць, што ўсё, што засталося на паверхні ад баёў, звозілася кудысьці і проста закопвалася. А пасля вайны тут ужо ніхто нікога не шукаў. Захавалася толькі тое, што ляжыць на глыбіні ад паўметра і болей. Бо ворны слой складае дзесьці каля 30 сантыметраў.

Дарэчы, нямецкія аэрафотаздымкі дазваляюць убачыць лінію абароны не толькі ў межах вёскі Гаі. На фота большая частка Магілёва, яго наваколлі, некаторыя пазіцыі на Проні і ў раёне Гомельскай шашы.

— У нас вялікія планы на гэты год, будзе шмат работы па гэтых здымках, — кажа Павел. — Месца, дзе мы зараз капаем, прапрацоўвалася на працягу двух гадоў, было шмат памылак і недакладнасцяў. Зараз мы іх выпраўляем.

Для нас гэта болей, чым проста выхаванне

Для Магілёўскага інстытута МУС вышыня капітана Уладзімірава — святое месца. Пры інстытуце існуе гістарычны клуб, які займаецца пошукам звестак пра сваіх мужных папярэднікаў. Складана тое, што ўся інфармацыя аб супрацоўніках міліцыі была засакрэчаная.

— Пасля леташніх сціплых вынікаў пошукавай экспедыцыі на гэтай вышыні нашы афіцэры, неабыякавыя да памяці абаронцаў Магілёва, добраахвотна сабралі грошы і купілі здымак Люфтвафэ, — кажа Аляксей Цюцюнкоў, старшыня гістарычнага клуба Магілёўскага інстытута МУС і баец клуба «Віккру». — Каштаваў ён нятанна, але гэта цалкам акупілася. Потым аблвыканкам купіў яшчэ колькі здымкаў. Па іх мы ўбачылі ўсю сістэму абароны савецкіх войскаў на гэтым участку фронту і звузілі месца пошукаў да канкрэтнага поля. Подзвіг батальёна апісаны вельмі схематычна, любы даследчык, які спрабуе нешта высветліць, натыкаецца болей на пытанні, чым на адказы. Апісанне зроблена ў 60-х гадах, прычым з пункту гледжання партыйных органаў. У выніку апошніх даследаванняў у нас з'явілася крыху іншая інфармацыя. Дагэтуль мы ведалі, што ў батальёне было 250 міліцыянераў. Але гэта лічба нічым не пацверджаная. Ёсць падставы меркаваць, што батальён быў нашмат большы па складзе, бо толькі з адной роты Мінскай школы міліцыі ў яго ўваходзіла як мінімум болей за сто чалавек. Нядаўна ў нас паявіліся фотаздымкі некалькіх абаронцаў з гэтага батальёна. А вынікам сёлетніх пошукаў у раёне вёскі Гаі сталі паднятыя намі астанкі 23 чырвонаармейцаў. Адзін з іх дакладна быў афіцэр, а вось па другім ёсць пытанні. Магчыма, ён і міліцыянер. Адзіны з усіх, каго мы знайшлі. Пры ім былі дакументы, якія зараз перададзены на экспертызу. Знойдзены таксама чатыры медальёны.

У пошукавых работах на месцах баёў батальёна Уладзімірава прымалі ўдзел і курсанты інстытута МУС. У першы дзень працавалі дзесяць навучэнцаў другога курса — усе добраахвотнікі.

Уладзімір Васькаўцоў, які родам з Гомеля, у пошуках удзельнічае ўпершыню.

— У мяне ваявалі два дзяды і прадзед. Усе, на жаль, загінулі, але ў нашай сям'і пра іх памятаюць, — кажа ён. — Калі пачуў, што трэба дапамагчы ў пошуках загінулых на вайне, адразу ж згадзіўся. Цікава ведаць сваю гісторыю, бачыць, з чым нашы прадзеды ваявалі. А яшчэ — дапамагчы ваенным археолагам знайсці што-небудзь.

Знойдзены яшчэ адзін абаронца.

Намеснік начальніка Магілёўскага інстытута МУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні палкоўнік міліцыі Дзмітрый Пануждаеў лічыць, што падобныя экспедыцыі выхоўваюць у курсантах пачуццё патрыятызму і любові да радзімы. І няма розніцы, каго ты знойдзеш у зямлі, — загінулага міліцыянера або звычайнага салдата. Яны рабілі адну справу — абаранялі свой край.

— Гэта сумесная работа з пошукавым клубам «Віккру» па высвятленні сапраўдных абставін абароны Магілёва вельмі важная, — кажа ён. — Знаходзяцца новыя байцы, якія па-хрысціянску будуць пахаваныя. І вельмі прыемна, што першы здымак, які мы набылі, даў штуршок для далейшых пошукаў.

Мікалай Барысенка, старшыня магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру»:

— Гэта была першая сёлета вахта памяці, або, як гэта афіцыйна называецца, — пошукавыя экспедыцыі на месцах баёў у ліпені 41-га батальёна міліцыі пад камандаваннем капітана Уладзімірава і 209-га процітанкавага дывізіёна 121-й стралковай дывізіі. Удзел у абароне Магілёва прымаў дывізіён тульскіх апалчэнцаў: ён стаяў на ўчастку ад Шклоўскай шашы да ракі Дняпро, а батальён НКУС маёра Калугіна знаходзіўся бліжэй да Мінскай шашы. На гэты раз мы працавалі за сто метраў ад Шклоўскай шашы на пазіцыях, якія займаў 209-ы процітанкавы дывізіён. Баі тут праходзілі з 12 да 21 ліпеня. Толькі 21 ліпеня вышыня Уладзімірава была ўзятая, а не 18-га, як лічылася раней. У справаздачы 7-й Мюнхенскай пяхотнай дывізіі гаворыцца, што ў гэты дзень быў «узяты ўзорна ўмацаваны пункт савецкіх войскаў каля вёскі Гаі». Гэта дакументальнае сведчанне таго, што міліцыянеры і байцы Чырвонай арміі трымаліся тут на некалькі дзён больш.

Першае пахаванне, дзе побач з чырвонаармейцамі ляжалі міліцыянеры, мы знайшлі ў 1995 годзе ў раёне пераезда. Тады мы паднялі 29 чалавек. Міліцыянераў распазналі па свістках, высокіх ботах, партупеях, спецыфічных зорках. Усе гэтыя 29 байцоў пахаваныя на вышыні капітана Уладзімірава. Сёлетнія раскопкі паказалі, што работы тут трэба працягваць. І мы яшчэ абавязкова сюды вернемся.
У апошняй траншэі, якую мы зачапілі, было знойдзена 13 байцоў. І гэтую траншэю трэба дапрацоўваць.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Па слядах батальёна Уладзімірава

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.