Вы тут

За карупцыю — толькі ўзмацненне жорсткасці


Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 3 «Аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй».


З якой мэтай выдадзены дакумент? Для ўзмацнення мер адказнасці за ўчыненне карупцыйных злачынстваў. У адпаведнасці з дэкрэтам асобы, асуджаныя за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў, не падлягаюць прадстаўленню да ўмоўна-датэрміновага вызвалення або замены неадбытай часткі пакарання больш мяккім.

Дарэчы, дакумент распрацаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы, ён прайшоў узгадненне з усімі дзяржаўнымі органамі. Нарматыўны прававы акт уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання. Пры гэтым ураду дадзена даручэнне ў трохмесячны тэрмін забяспечыць распрацоўку законапраекта, які адкарэктуе ў адпаведнай частцы Крымінальны кодэкс.

Каментуючы дэкрэт, начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Ігар Грэйба падкрэсліў, што гэты дакумент стане дадатковай прафілактычнай мерай у барацьбе з карупцыяй.

Адпаведныя меры даюць зразумець усім службовым асобам, што ніякай ласкі ў выпадку здзяйснення імі супрацьпраўных дзеянняў як пры ажыццяўленні крымінальнага пераследу, так і пры адбыцці пакарання не будзе, дадаў начальнік упраўлення.

«Карупцыя для любой дзяржавы з'яўляецца адной з пагроз бяспецы, у тым ліку нацыянальнай. Карупцыйныя злачынствы, безумоўна, тармозяць развіццё эканамічных, сацыяльных і іншых працэсаў у грамадстве. І калі карупцыя зашкальвае, для дзяржавы гэты працэс можа абярнуцца сумна», — адзначыў Ігар Грэйба.

Паводле яго слоў, у нашай краіне карупцыйнага разгулу не дапушчана, кіраўніцтва краіны і адпаведныя органы забяспечылі законнасць дзейнасці дзяржорганаў і розных арганізацый. Разам з тым, дадаў ён, незразумела, як пры такіх суровых умовах службовыя асобы ўсё роўна здзяйсняюць злачынствы.

На думку начальніка ўпраўлення, здзяйсненне любых злачынстваў абумоўлена суб'ектыўным фактарам. А гэтаму спрыяюць такія прычыны, як адсутнасць кантролю, безгаспадарчасць, неналежнае выкананне патрабаванняў па выкананні ўстаноўленых законам абмежаванняў службовых асоб і іншых. Гэта можна аднесці і да выкрытых выпадкаў у сістэме Міністэрства аховы здароўя і Мінлясгаса.

Ігар Грэйба паведаміў журналістам, што Генеральная пракуратура сумесна з іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі падрыхтавала прапановы ў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, яны знаходзяцца на разглядзе ў кіраўніка дзяржавы.

Прапанаваныя нормы накіраваны на аптымізацыю ўзаемадзеяння дзяржаўных і іншых органаў у сферы барацьбы з карупцыяй, павышэнне яго эфектыўнасці, узмацненне прафілактычных механізмаў, а таксама мер адказнасці за карупцыйныя правапарушэнні.

Акрамя таго, Генпракуратура завяршае падрыхтоўку комплексу мер па папярэджанні карупцыі ў мэтах выканання дадзенага кіраўніком дзяржавы даручэння ў ходзе Паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Яшчэ адна мера — увядзенне механізму праверкі з выкарыстаннем паліграфа ў дачыненні да кандыдатаў на пасады з павышаным узроўнем карупцыйных рызык. Гэта прапанова Генпракуратуры павінна быць разгледжана ў першым паўгоддзі. Улічваюцца меркаванні ўсіх дзяржорганаў, запэўніў начальнік профільнага ўпраўлення Генеральнай пракуратуры.

Таксама вывучаюць мэтазгоднасць устанаўлення забароны для пэўных катэгорый службовых асоб займаць пасады ў тых арганізацыях, якія знаходзіліся ў іх пад кантролем да моманту іх звальнення са службы. У заканадаўства могуць увесці такое паняцце, як звальненне з дзяржаўнай службы ў сувязі са стратай даверу. Гэтыя пытанні, па рашэнні рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, якая прайшла 21 снежня 2018 года пад старшынствам генпракурора Аляксандра Канюка, неабходна вывучыць у бягучым годзе.

Акрамя таго, кампетэнтным органам даручана распрацаваць і ўкараніць спецыяльныя праграмы па пытаннях процідзеяння карупцыі ва ўсіх сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Навучанне пройдуць і спецыялісты, якія ажыццяўляюць закупкі, члены антыкарупцыйных камісій, а таксама работнікі кадравых і іншых службаў.

Зараз у дапамогу дзяржаўным службовым асобам Генпракуратура распрацоўвае тыпавыя метадычныя рэкамендацыі па антыкарупцыйнай дзейнасці ў дзяржаўных і іншых органах. У найбліжэйшы час гэты дакумент будзе накіраваны ім для выкарыстання.

Савет Міністраў сумесна з Генпракуратурай падрыхтаваў змяненні ў тыпавое палажэнне аб дзейнасці антыкарупцыйнай камісіі. 30 красавіка адпаведныя змяненні былі падпісаныя кіраўніцтвам урада. Узначальваць такія камісіі будзе кіраўнік арганізацыі. У сувязі з гэтым змяніліся і іх паўнамоцтвы. «Мяркую, што ўсе кіраўнікі арганізацый, дзе створаны такія антыкарупцыйныя камісіі, павінны прыняць меры па прывядзенні ў адпаведнасць з гэтай пастановай Савета Міністраў адпаведных лакальных нарматыўных прававых актаў і забяспечыць належную дзейнасць і работу гэтага структурнага органа», — адзначыў Ігар Грэйба.

У цэлым Генпракуратура пастаянна праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на супрацьдзеянне карупцыі, у першую чаргу звязаныя з прафілактычным і папераджальным складнікам. Як сказаў начальнік упраўлення, вынікі пракурорскіх праверак сведчаць пра шматлікія парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства ў дзейнасці дзяржаўных і іншых органаў. Пракуроры адзначаюць няведанне кіраўнікамі антыкарупцыйнага заканадаўства, у выніку — нізкая патрабавальнасць да падначаленых па яго выкананні. У шэрагу выпадкаў дзейнасць антыкарупцыйных камісій фармальная, не наладжана належным чынам прафілактычная работа. Ёсць пралікі ў кадравай дзейнасці: на кіруючыя пасады прызначаюцца людзі, якія не валодаюць прафесійнымі якасцямі, маюць нізкі ўзровень правасвядомасці і маральнасці.

Для ўзмацнення прафілактычнага складніка па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў 2018 годзе прайшлі пазапланавыя пасяджэнні аблвыканкамаў, у якіх прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня КДБ і генпракурор. На пасяджэннях былі выпрацаваны рашэнні, накіраваныя на ліквідацыю прычын і ўмоў, якія спрыяюць карупцыйным злачынствам. Зараз органы пракуратуры правяраюць выкананне гэтых рашэнняў.

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, у Беларусі за 2018 год істотна вырасла колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў — плюс 31 % да ўзроўню 2017 года. Рост абумоўлены павышэннем эфектыўнасці дзейнасці праваахоўных органаў. Да адказнасці прыцягнулі 1 089 карумпаваных службовых асоб, у тым ліку 29 асоб, якія займалі адказнае становішча, больш за 30 былі работнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў выяўлена ў сферах транспарту, будаўніцтва, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і іншых.

Першы намеснік міністра юстыцыі Сяргей Задзіран упэўнены: дэкрэт «Аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй» адыграе сур'ёзную прэвентыўную ролю.

«Беларуская дзяржава шукае самыя эфектыўныя меры, каб такую з'яву, як карупцыя, звесці да мінімуму. Злачынствы карупцыйнай накіраванасці, безумоўна, вельмі негатыўна ўплываюць на ўсе сферы», — сказаў ён. Так, зніжаецца эфектыўнасць работы дзяржаўнага апарату, а гэта ўплывае на інвестыцыйную прывабнасць краіны.

На яго думку, дэкрэт — чарговы крок у барацьбе з карупцыяй. Першы намеснік міністра ўпэўнены, што з-за новаўвядзенняў у чалавека, які яшчэ не здзейсніў злачынства, але мае такія намеры, з'яўляецца вельмі сур'ёзны псіхалагічны стымул для разважання, ці варта пераступаць рысу закона.

У дакуменце пазначаны дзесяць канкрэтных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у адпаведнасці з якімі дзеянні будуць разглядацца ў якасці карупцыйных злачынстваў.

Член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Васіль Чэкан адзначыў, што згаданы дэкрэт дасць магчымасць больш эфектыўна абараніць дзяржаву ад карупцыі, бо ён узмацняе дзеючае антыкарупцыйнае заканадаўства.

«Якімі б строгімі ні былі законы, іх усё роўна парушаюць. Лічу, цяпер любы чалавек дзесяць разоў падумае, перш чым здзейсніць карупцыйнае злачынства. На гэта і накіраваны нормы дэкрэта», — сказаў парламентарый.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Наталля Гуйвік лічыць, што прадугледжаныя дэкрэтам меры суровыя, але абгрунтаваныя.

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».