Вы тут

Вялікая Айчынная вайна і любоў да Кафкі


У беларускай літаратуры за савецкім часам тэма Вялікай Айчыннай вайны набыла для нашай краіны сакральнае значэнне, што, безумоўна, мела сваё адпаведнае выяўленне ў нашым мастацтве. Таму нядзіўна, што гэтая важная для нас тэма была асноўная. Фактычна не было такога айчыннага пісьменніка, які хаця б адзін твор не прысвяціў трагічным падзеям 1941—1945 гг.

Вядома, хапала твораў і кан’юнктурнаплакатных, пазбаўленых праўдзівага пачуцця болю. Асабліва такога кшталту літаратуры было створана да хрушчоўскай адлігі. Ды што казаць: нават такога класіка, як Міхась Лынькоў, дастаткова моцна крытыкаваў Якуб Колас за яго эпапею «Векапомныя дні».

Але пачынаючы з другой паловы 1950-х асобныя смелыя творцы маглі выказацца нават у гэтай тэме з дастатковай смеласцю, мастацкай выразнасцю.

Згадаем хаця б Івана Шамякіна.

Для многіх, далёкіх ад уважлівага прычытання нашай літаратуры снобаў, ён — прыклад савецкага пісьменніка, які друкаваў толькі тое, чаго патрабавала сістэма.

Але падобнае меркаванне памылковае.

Ува многіх сваіх аповесцях і раманах ён нават больш смелы і востры, чым Васіль Быкаў.

У пенталогіі «Трывожнае шчасце» менавіта Шамякін паказаў страшны ў сваёй дзюрэраўскай праўдзівасці вобраз пасляваеннай вёскі, калі людзі літаральна пухлі з голаду, калі пачуццё разгубленасці, адчаю і незадаволенасці было такім моташным, што ўвесь пафас перамогі проста губляўся, раставаў, як дым. Шамякін паказаў не горды народ-пераможцу, а падманутых ахвяр сістэмы, якія, прагнаўшы са сваіх земляў нацысцкіх акупантаў, працягваюць пакутаваць...

Легендарны твор таго ж Івана Пятровіча «Гандлярка і паэт» уражвае амаль апакаліптычнай карцінай панікі, калі ў Мінск павінны былі прыйсці першыя нямецкія войскі.

Пісьменнік (першым сярод беларускіх савецкіх літаратараў!) апісвае з праўдзівай жорсткасцю вядомыя эпізоды, калі з горада палахліва ўцякала савецкае начальства, як людзі, кінутыя і разгубленыя, пачалі рабаваць прадуктовыя крамы і склады. У пісьменніка няма ні ценю асуджальнасці. Ён спачувае бедным мінакам, выяўляючы з незвычайнай смеласцю іх страх, адчай, разгубленасць.

Згаданы ўжо Васіль Быкаў паказваў вайну з іншага боку. Для яго, расчараванага мізантропа, прыхільніка Альбера Камю і Франца Кафкі, было важным выявіць у сваіх аповесцях тую страшную праўду, што найбольшы страх уяўлялі сабой не столькі нацысцкія войскі, колькі… мы самі. У яго балючых, мінімалістычнакамерных творах маці выдае сваіх сыноў паліцыі, шчыры смелы партызан нечакана становіцца катам свайму таварышу, афіцэр асабіста прычыніў атраду большае гора і пакуту, чым нямецкія танкавыя калоны, якія іх безупынна атакуюць. Праціўнік сталіншчыны і ўсялякіх праяў таталітарызму Андрэй Макаёнак у сваім шэдэўральным «Трыбунале» паказаў, якія жахі можа тварыць са звычайнай сялянскай сям’ёй ідэалогія, што яны гатовыя роднага бацьку закінуць у мяшок і патапіць, бы тое сляпое кацяня.

Іван Чыгрынаў увогуле паказаў вайну з нейкага сюррэалістычнага гледзішча.

Чытаеш яго шэдэўральны «Плач перапёлкі» і ловіш сябе на думцы, што трапіў у нейкі кашмарны сон. Вёска, нейкія бясконцыя хвоі, балоты, туман, адзінокае ласяня, што блукае ў лесе, бязмэтнанаркатычныя вандроўкі героя па фантасмагарычным ланшафце, немцы, якія з’яўляюцца ў гэтым дзіўным сне нейкімі размытымі чорнымі плямамі, — падобны погляд на вайну, безумоўна, уражвае... Ніхто з нашых тагачасных пісьменнікаў не ператвараў яе на старонках сваіх твораў у такі кашмарны, пякельны сон, дзе пануе злавесны алагізм, хаос, падкрэсленая бессюжэтная хісткасць, якая надае яшчэ большай трывогі і роспачы.

У 1960—1970-я быў найвялікшы росквіт ваеннай літаратуры.

Найлепшыя нашыя пісьменнікі, якім было, безумоўна, цесна ў сацрэалістычных межах, марылі ствараць паеўрапеўску смелыя творы. Прыхільнікі экзістэнцыялістаў, сюррэалістаў, мадэрновай літаратуры, яны імкнуліся гэта прыўнесці і ў сваю прозу, паэзію, драматургію. Дазволеная і ўсяляк прапагандаваная ў той час сістэмай тэма Вялікай Айчыннай вайны была выдатнай нагодай для нашых літаратараў выказаць набалелае, узбагаціць беларускую літаратуру драматургічна і эстэтына, здзівіць як тагачаснага чытача, так і сённяшняга новымі ідэямі і тэмамі.

Нездарма і зараз сярод самых папулярных айчынных творцаў згадваюць Івана Шамякіна (перадусім яго «Гандлярку і паэта»), Васіля Быкава, не названага тут аднаго з самых смелых і радыкальных творцаў Алеся Адамовіча, аўтара сцэнарыя да наймацнейшага беларускага фільма на гэтую тэму «Ідзі і глядзі».

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Загаловак у газеце: Поле трывогі і роспачы

Выбар рэдакцыі

Памяць

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.

Рэгіёны

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.