Вы тут

Авіябаза ў Лідзе атрымала чатыры самалёты Як-130 (ФОТА)


Цяпер у распараджэнні 116 гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы поўная эскадрылля з 12 крылатых машын. Неўзабаве яна прыме ўдзел у парадзе ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А сёння новыя штурмавікі прымалі на баланс часці і асвячалі.


Фармуляры ад самалётаў лётнаму саставу ўручаў асабіста міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ. Ён падкрэсліў унікальныя характарыстыкі самалёта, які можа з’яўляцца і штурмавіком, і знішчальнікам як падчас вучобы пілотаў, так і пры выкананні баявой задачы:

— Сёння мы завяршаем фарміраванне авіяцыйнай эскадрыллі Як-130. За чатыры гады здзейснена закупка самалётаў, лётчыкі і тэхнікі асвоілі гэтыя машыны. Лётны і тэхнічны састаў гэтай эскадрыллі падрыхтаваны на ўсе 100. Ён здольны выконваць задачы знішчэння і пілатажу, таму што Як-130 — не проста вучэбна-трэніровачны самалёт, а і штурмавік, і знішчальнік.

Алег АЛЕЙНІК, начальнік штаба — першы намеснік камандзіра 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы, гвардыі палкоўнік, заўважыў:

— Як-130 цудоўна падыходзіць для навучання маладых лётчыкаў, многія з якіх упершыню становяцца на крыло.

Лётчык выканаў на штурмавіку фігуры вышэйшага пілатажу на малой вышыні, зрабіў пятлю, паўпятлю, бочку ды іншыя “фокусы”, гледзячы на якія міжволі хацелася заплюшчыць вочы… Нават бывалыя лётчыкі прыселі, калі самалёт пранёсся над галовамі на вышыні не больш за 25 метраў, а літаральна праз хвіліну ён быў у паднябессі і здаваўся крыху большым за бусла, што лунаў у небе непадалёк.

Протаіерэй Расціслаў ЛЕМАЧКА, настаяцель Аляксандра-Неўскага храма ў Лідзе, правёў абрад чынаасвячэння і падарыў камандаванню часці ікону святога Архангела Міхаіла. Ён заўважыў:

— З даўніх часоў зброя асвячалася не дзеля таго, каб ёй лепш было забіваць, а каб яна, па магчымасці, служыла толькі для абароны і захавання міру.

Як-130 — адзіны ў свеце вучэбны самалёт з аэрадынамічнай кампаноўкай і лётна-тэхнічнымі характарыстыкамі дагукавога палёту, якія падобныя да рэактыўнага знішчальніка. Машына здольная падымаць да трох тон узбраення і разганяцца да 960 км/г.

Ірына СІДАРОК

ФОТА Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.