Вы тут

Рэканструкцыя Брэсцкай крэпасці працягваецца


У мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» працягваецца маштабная рэканструкцыя. Ужо ў гэтым годзе тут адкрылі новую гістарычную экспазіцыю «Летапіс Брэсцкай крэпасці». Яна створана ў паўднёва-ўсходняй казарме цытадэлі мемарыяла і раскрывае факты, падзеі і апавядае пра лёсы людзей, звязаныя са 180-гадовай гісторыяй Брэсцкай крэпасці. Экспазіцыя зробленая за сродкі праекта Саюзнай дзяржавы «Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя пабудоў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой».


Экспазіцыя, якую можна назваць яшчэ адным музеем, займае звыш 700 квадратных метраў, размясцілася ў адзінай паўвежы крэпасці, якая захавалася да нашага часу. Аснова экспазіцыі — трохмерныя панарамы з шырокафарматнымі пейзажамі, кругавы агляд, аўтэнтычныя аконныя праёмы, байніцы, гістарычныя фігуры ў натуральную велічыню, сцэны з жыцця крэпасці, прадметы побыту. У спалучэнні з музыкай і падсветкай яны дазваляюць наведвальнікам адчуць эфект прысутнасці ў кожнай з сямі залаў.

Першыя тры залы прысвечаны стагадоваму перыяду гісторыі крэпасці: «Заходні фарпост», «Сусветны пажар», «Міжбурра». Абарона крэпасці 1941 года адлюстравана ў залах «Гарачы чэрвень», «Штаб абароны», «Прарыў». Сёмая зала прысвечана вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Тут паказана роля крэпасці ў наш час як месца захавання памяці пра подзвіг народа ў гады вайны. На фоне гістарычных падзей прадстаўлены вобразы людзей, якія адыгралі пэўную ролю ў мінулым Брэсцкай крэпасці.

У новай экспазіцыі знайшлося месца будаўніцтву Брэст-Літоўскай крэпасці, яе мадэрнізацыі, падзеям Першай сусветнай вайны, падпісанню Брэст-Літоўскага мірнага дагавора, адлюстравана жыццё гарнізона крэпасці перад Другой сусветнай. «Гістарычная спадчына Брэсцкай крэпасці стваралася пакаленнямі людзей, якія жылі тут у часы старажытнага Берасця, сярэднявечнага Брэст-Літоўска, сучаснага Брэста. Створаная як фартыфікацыйны аб'ект Брэсцкая крэпасць прайшла выпрабаванне войнамі і стала музеем — сімвалам памяці і міру, — сказаў дырэктар мемарыяльнага комплексу Рыгор БЫСЮК. — Захаванне матэрыяльнай спадчыны Брэсцкай крэпасці ў нашы дні з'яўляецца залогам духоўнасці для будучых пакаленняў». На новы музей пайшло больш за 14 мільёнаў расійскіх рублёў з саюзнай праграмы.

Цяпер актыўна вядуцца работы на руінах Белага палаца. Гэты палац набыў вядомасць, калі ў сакавіку 1918 года тут быў падпісаны Брэсцкі мір. Фрагмент пабудовы захаваўся яшчэ ад старога горада. Некалі будынак узводзіўся як частка манастыра базыльян, потым палац стаў афіцэрскім сходам рускай арміі, пазней — казармай Чырвонай Арміі. Белы палац быў моцна разбураны ў чэрвені 41-га. Засталіся толькі рэшткі, яны патрабавалі аднаўлення. Апошні раз іх рэстаўрацыю і кансервацыю праводзілі 15 гадоў таму... Як толькі на пляцоўку палаца прыйшлі будаўнікі, апошняя вайна нагадала пра сябе. У пачатку красавіка падчас работ на руінах палаца знойдзены дзіцячыя астанкі. Спецыялісты мяркуюць, што гэта было дзіця з сям'і аднаго з камандзіраў гарнізона крэпасці. Праводзіцца экспертыза. Работы працягваюцца, у планах — завяршыць першы этап работ па Белым палацы да верасня.

Пачынаецца рамонт паўднёвых казармаў. А ў казарме 333-га стралковага палка хутка будуць адкрыты падвалы для наведвання турыстаў. Гэта таксама адзін з цікавых аб'ектаў крэпасці. У розныя часы будынак выкарыстоўваўся як шпіталь, арсенал, жылая казарма. Некалькі гадоў таму са зводаў стала адвальвацца цэгла, і падвалы казармы з меркаванняў бяспекі закрылі. Рэстаўрацыю пачалі яшчэ ў 2012 годзе, па саюзнай праграме было выдзелена 15 мільёнаў расійскіх рублёў. Гэта дало магчымасць адрамантаваць і закансерваваць цагляную кладку падвалаў, паправіць над імі дах, памяняць электразабеспячэнне, зрабіць бяспечны праход.

Да Дня Перамогі адрамантавалі і мост цераз Мухавец па дарозе ў Цытадэль. Падчас святкаванняў па ім рухаецца калона людзей. Па сутнасці, гэта ўжо новы мост, узмоцнены яго апоры, заменена пакрыццё і камунікацыі. Усяго па названай праграме летась выдзелена больш за 96 мільёнаў рублёў, сёлета — звыш 118 мільёнаў, крыху больш за сто плануецца і на наступны год. Рэканструкцыя крэпасці працягваецца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Прайшла праз войны і стала музеем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.