Вы тут

У «зуброў» новы галоўны


50-гадовы беларускі спецыяліст, будучы гульцом, у розныя гады выступаў за мінскі клуб і ў суме правёў у «Дынама» дзевяць сезонаў. За плячыма Андрыеўскага таксама і насычаная замежная кар'ера, ён выступаў у ЗША, Фінляндыі, Італіі, Германіі і Расіі. Аляксандр Андрыеўскі стаў першым айчынным хакеістам у НХЛ і найлепшым хакеістам Беларусі ХХ стагоддзя паводле апытання газеты «Прессбол». Доўгія гады быў лідарам і капітанам нацыянальнай зборнай Беларусі.


Трэнерскую работу Аляксандр Леанідавіч таксама пачынаў у «Дынама»: у сезоне-2006/07 ён быў асістэнтам Любаміра Покавіча і Эдуарда Занкаўца. Пасля гэтага працаваў у «маладзёжцы» і «Гомелі» (прывёў да «серабра» экстралігі). На другі год існавання КХЛ прыняў «зуброў» па ходзе «рэгуляркі», змяніўшы Глена Хэнлана. А ў далейшым Андрыеўскі на працягу пяці сезонаў уваходзіў у штаб каманды: двойчы яго ўзначальваў, а таксама дапамагаў Марэку Сікоры і Кары Хейкіля.

Па ходзе цяперашняга сезона ў КХЛ Аляксандр Андрыеўскі прыняў «Сібір», якая да таго моманту праваліла старт чэмпіянату, беларусу ўдалося выправіць сітуацыю, у далейшым каманда набрала амаль пяцьдзясят працэнтаў ачкоў і да апошняга змагалася за месца ў плэй-оф.

— Апошнім часам многія прадстаўнікі беларускай трэнерскай школы змаглі заявіць пра сябе не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі, таму ў выбары настаўніка мы арыентаваліся на айчынных спецыялістаў, — адзначыў генеральны дырэктар клуба Дзмітрый Баскаў. — У нашым спісе кандыдатаў значылася каля дзесяці чалавек. З вольных зараз беларусаў найбольшым вопытам работы ў КХЛ валодае як раз Аляксандр Леанідавіч. Ён двойчы выводзіў у плэй-оф «Адмірал». Да таго ж Андрыеўскі як некалі лідар беларускай зборнай і вопытны трэнер добра ведае спецыфіку нашага хакея. З ім клуб звязвае надзеі на якасны прагрэс у гульні і, вядома ж, выхад у плэй-оф.

У найбліжэйшы час сумесна з кіраўніцтвам Аляксандр Андрыеўскі сфарміруе свой трэнерскі штаб.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.