Вы тут

Традыцыйная сям'я як каштоўнасць. Як зберагчы базавыя асновы?


У Мінску прайшоў круглы стол, прысвечаны Міжнароднаму дню сям'і. Тэмай для абмеркавання сталі шляхі ўмацавання сямейных каштоўнасцяў з мэтай паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі. Арганізатарамі выступілі Мінская духоўная акадэмія, Сінадальная камісія Беларускай праваслаўнай царквы па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства, а таксама дабрачыннае грамадскае аб'яднанне «Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля».


— Сёння пытанні захавання сямейных каштоўнасцяў паўстаюць як ніколі востра, — лічыць намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Валянціна КУРСЕВІЧ. — У большасці развітых краін свету адзначаецца парушэнне базавых сямейных асноў. Павялічваецца колькасць разводаў і сямейных канфліктаў, падае нараджальнасць, стабільна расце колькасць дзяцей, якія выхоўваюцца адным з бацькоў ці ўвогуле застаюцца без апекі блізкіх.

Усё часцей сустракаюцца факты гвалту ў сям'і. Гэтыя негатыўныя сацыяльныя з'явы накладваюць свой адбітак на сям'ю і руйнуюць адносіны ў ёй. Адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі нашай краіны ў галіне нараджальнасці і рэпрадуктыўных паводзін павінна стаць пашырэнне магчымасцяў сем'яў для нараджэння і выхавання дзяцей, рэалізацыя прынцыпаў адказнага бацькоўства, захаванне і ўмацаванне каштоўнасцяў сям'і і шлюбу.

Пытанні дэмаграфічнай бяспекі знаходзяцца на пастаянным кантролі ў кіраўніка дзяржавы. Сёння ўжо можна адзначыць пэўныя пазітыўныя зрухі ў дэмаграфічным развіцці. За апошнія 20 гадоў знізілася дзіцячая смяротнасць, адзначаецца павелічэнне чаканай працягласці жыцця.

— Калі збіраюцца неабыякавыя людзі — гэта і ёсць базіс умацавання сямейных каштоўнасцяў. Кожны па абавязку сваёй службы стараецца данесці нашаму насельніцтву пра важнасць сям'і, — кажа начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб Міністэрства аховы здароўя Беларусі Людміла ЛЁГКАЯ. — Але праблем, якія немагчыма вырашыць у рамках аказання медыцынскай дапамогі, на сённяшні момант няма. Ёсць аб'ектыўныя прычыны, якія залежаць не толькі ад сістэмы аховы здароўя. Мне здаецца, трэба больш аддаваць увагі дзецям, больш гаварыць аб тых каштоўнасцях, якія былі ў сем'ях нашых дзядоў. Але, на жаль, зносіны паміж дзецьмі і бацькамі нярэдка замяняюць гаджэты.

Сёння мы нікуды не падзенемся ад агульнасусветных тэндэнцый: людзі сталі значна пазней уступаць у шлюб, жанчыны пазней нараджаюць. У будучых бацькоў ва ўзросце з гадамі з'яўляецца «груз» хранічных захворванняў. Гэта прымушае нас хутчэй укараняць новыя тэхналогіі і актыўна іх выкарыстоўваць, каб дапамагчы рэалізаваць рэпрадуктыўныя правы кожнай сям'і. Калі абмяркоўваць праблемныя пытанні — а гэта аборты, дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі, выходжванне глыбока неданошаных дзяцей, выкарыстанне перынатальных тэхналогій, рост дзіцячай інваліднасці, то без глыбокага аналізу гэтых праблем нам не вырашыць. Улічваючы, што я педыятр, хачу падкрэсліць: першае, на што павінны звяртаць увагу бацькі, — гэта здароўе. Сёння ў структуры дзіцячай смяротнасці чвэрць — гібель ад знешніх прычын. Гэта сапраўдная сацыяльная праблема. Гінуць па сутнасці здаровыя дзеці. Вельмі важна аддаваць увагу навучанню бацькоў, урачы павіны казаць ім пра тыя рызыкі і небяспекі, якія падпільноўваюць дзяцей на розных этапах развіцця. Працуе ўжо дзесяць Цэнтраў па навучанні бацькоў стварэнню бяспечных умоў для дзяцей у быце. Сёлета адчыняць дзверы яшчэ чатыры такія Цэнтры ў рэгіёнах краіны.

— Камітэт па ахове здароўя актыўна працуе з рознымі дабрачыннымі і грамадскімі арганізацыямі па пытаннях умацавання інстытута сям'і, прафілактыкі захворванняў у дзяўчынак і жанчын, — адзначае галоўны акушэр-гінеколаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ірына ІКАНАСТАСАВА. Гэтыя мерапрыемствы носяць масавы характар, і мы ўжо можам пахваліцца станоўчымі водгукамі. Ужо ў жніўні гэтага года павінна стартаваць серыя мерапрыемстваў, накіраваных на адукацыю жаночага насельніцтва. Мерапрыемствы будуць праходзіць на базе нашых медыцынскіх устаноў і ў буйных гандлёвых цэнтрах.

— Што можа зрабіць дзяржава, каб падтрымаць і ўмацаваць сям'ю? — задаецца пытаннем дырэктар Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Ганна ЯШЧУК. — Мы разумеем, што сям'я — гэта каштоўнасць і аснова, што здароўе першаснае. Але ў ХХІ стагоддзі беларускія сем'і сутыкаюцца з шэрагам праблем. І таму эканамічныя стымулы і падтрымка дзяржавы займаюць не апошняе месца. Маладая сям'я, прымаючы рашэнне аб тым, колькі дзетак нарадзіць, будзе разлічваць свае сілы і ў матэрыяльным плане. Задача дзяржавы — не ўтрыманскае асяроддзе стварыць, а аказаць падтрымку «на старце», калі сям'я найбольш уразлівая, падчас дэкрэтнага водпуску мамы ці таты.

Да 2013 года назіралася вельмі сумная сітуацыя, бо 70 працэнтаў сем'яў на той час былі аднадзетныя. З 2014 года сталі дапамагаць не толькі шматдзетным сем'ям, але і сем'ям з двума дзецьмі. У падтрымцы больш за ўсё маюць патрэбу якраз маладыя сем'і. Магчыма, варта звярнуць увагу на ўскосныя меры іх падтрымкі. Напрыклад, на сямейныя абанементы ў басейн, фітнес-цэнтры, забаўляльныя цэнтры і іншае.

— У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі фарміраванне сістэмы сямейных каштоўнасцяў з'яўляецца адной з найважнейшых задач, а гэтак жа важным складальнікам выхавання, — упэўнена намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Беларусі Людміла РАМАНОЎСКАЯ. — Дзяржаўная праграма «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2016—2020 гады абавязвае нас распрацоўваць эфектыўныя метады павышэння педагагічнай культуры бацькоў, падтрымліваць дзейнасць бацькоўскіх асацыяцый, а для нас гэта ў першую чаргу папячыцельскія саветы і бацькоўскія камітэты. Вельмі важны дакумент быў прыняты адносна нядаўна: «Канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі да 2020 года і на перспектыву да 2030 года». Гэты дакумент вызначае, што выхаваўчы патэнцыял усёй сістэмы адукацыі мае мэтай сфарміраваць навучэнца як грамадзяніна-патрыёта, професіянала-працаўніка і адказнага сем'яніна. Існуе мноства механізмаў па рэалізацыі гэтых установак і мноства відаў дзейнасці, якія выкарыстоўваюцца ўжо сёння. Нельга сказаць, што фарміраванне сямейных каштоўнасцяў адарванае або існуе адасоблена. Яно пранізвае ўвесь адукацыйны працэс, які ўключае як навучанне, так і выхаванне. Вельмі важныя механізмы, якія дазваляюць удасканальваць нашу дзейнасць, існуюць дзякуючы падпісанай праграме супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой.

Кіраўнік Сінадальнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства протаіерэй Павел СЯРДЗЮК паведаміў, што камісія ўзаемадзейнічае з епархіяльнымі падраздзяленнямі, якія курыруюць пытанні абароны сямейных каштоўнасцяў, органамі дзяржаўнай улады, грамадскімі арганізацыямі.

— Мы аказваем духоўную, інфармацыйную, псіхалагічную, прававую падтрымку сем'ям у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Прадстаўнікі Камісіі прымаюць удзел, у тым ліку арганізацыйны, у міжнародных форумах, рэспубліканскіх, рэгіянальных і епархіяльных канферэнцыях і семінарах, прысвечаных актуальным пытанням абароны традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. За мінулы год правялі 43 такія мерапрыемствы.

Мы рэгулярна праводзім аналіз змяненняў дзеючага заканадаўства па праблемах, якія ўваходзяць у кампетэнцыю камісіі. Так, напрыклад, прымалі ўдзел у дыскусіі па праекце канцэпцыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту». Працуем ва ўстановах адукацыі, тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, нядзельных школах. Ажыццяўляем юрыдычнае і псіхалагічнае кансультаванне сем'яў у крызісных сітуацыях і аказваем матэрыяльную дапамогу. У 2018 годзе бясплатна аказалі прававую дапамогу 80 сем'ям. У цэлым за год супрацоўнікі камісіі апрацоўваюць каля 950 запытаў. Для нас вельмі важна, каб традыцыйная сям'я па-ранейшаму заставалася для людзей сапраўднай каштоўнасцю.

Падрыхтавала Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.