Вы тут

Замест ФАПа — Дом сацыяльных паслуг


Вясковая грамада ўзяла ў часовае карыстанне прыватны дом.

У Чамялах гаспадыні да веснавых свят рыхтавалі не толькі ўласнае жыллё. У вясковым грамадскім доме таксама наводзілі прыгажосць перад Вялікаднем. Разам са старастам Ганнай Емельяновіч жанчыны перамылі-перапрасавалі ўсе фіранкі, вымылі падлогу, прыбралі. Сюды напярэдадні свят прыязджаў айцец Цімафей паспавядаць старых і нямоглых, асвяціць велікодныя стравы.


Ган­на Емель­я­но­віч і стар­шы­ня сель­ска­га Са­ве­та Ігар Кар­по­віч.

Гэта перад вялікімі святамі Дом сацыяльных паслуг у вёсцы становіцца месцам сустрэч і гутарак са святаром. А так ён найбольш служыць своеасаблівым філіялам медыцынскай установы. Часцей за ўсё раз на месяц, па папярэдняй дамоўленасці са старастам, які загадзя вядзе запіс пацыентаў на прыём, сюды прыязджаюць доктар з медсястрой з Даманаўскай амбулаторыі. У гэты дзень абавязкова бывае і выязная аптэка, каб людзі маглі купіць прызначаныя прэпараты.

Урач Алена Дрозд праводзіць прыём пацыентаў. Для агляду і маніпуляцый абсталявана медыцынская кушэтка. Тут жа па меры неабходнасці робіцца кардыяграма сэрца, у наведвальнікаў бяруць кроў на аналіз. Потым Алена Іванаўна наведвае інвалідаў першай і другой груп і тых, хто па стане здароўя не змог прыйсці на прыём, але папярэдне прасіў аб візіце доктара.

Медсястра агульнай практыкі Даманаўскай амбулаторыі Ала Паўловіч сказала, што стараста ў іх найлепшы рэгістратар у сваёй вёсцы:

— Ганна Мікалаеўна ўсіх абыдзе — хто на дыспансерным уліку, хто хварэе, складзе спісы пацыентаў, якія прыйдуць на прыём і якіх трэба наведаць дома. Таму да візіту ўрача ўсё дакладна і акуратна падрыхтавана. Калі прыязджаем, адразу пачынаем працаваць, час на арганізацыйныя моманты ды розныя ўдакладненні траціць не трэба. А яны, актывісткі гэтага дома, заўсёды печку напаляць, падлогу памыюць, каб было камфортна і нам, і пацыентам.

Цікавая гісторыя гэтага грамадскага дома ў Чамялах. Нават не зусім звычайная. Часцей пад Дом сацыяльных паслуг адводзяць былыя клуб, бібліятэку, нават школу альбо краму. Тут названых аб'ектаў няма. А магазін райспажыўтаварыства, на шчасце, не зачыняўся. Дык вось, у цяперашнім Доме сацыяльных паслуг некалі пражывалі гаспадары па прозвішчы Монцік. Мелі вялікую сям'ю. Дзеці даўно выраслі і раз'ехаліся, бацькі пайшлі з жыцця. Найбліжэйшая спадчынніца домаўладання жыве ў Івацэвічах. Жанчына ўжо мае даволі сталы ўзрост, даўно на пенсіі. Дом даглядаць дачцэ гаспадароў апошнім часам стала цяжкавата, але і прадаваць бацькоўскую хату яна не надта хоча, усё ж памяць. Аб гэтым неяк падчас аднаго з прыездаў пагаварыла са старастам. І Ганна Мікалаеўна ёй прапанавала такі варыянт: уласніца перадае дом у карыстанне вясковай грамады. А грамада, у сваю чаргу, падтрымлівае парадак, праводзіць неабходны бягучы рамонт як знутры, так і звонку. Фармальна ж па законе домаўладанне застаецца ва ўласнасці спадчынніцы. Так і дамовіліся.

Пасля дасягнутай дамоўленасці жанчыны сабраліся і правялі нешта накшталт суботніка. Адразу зрабілі генеральную прыборку. Па-першае, беражліва абышліся з тым, што засталося пасля гаспадароў. Па-другое, прынеслі і дабавілі свае рэчы. У доме паявіліся прыгожыя абрусы, на вокнах — новыя фіранкі. Падлогу пафарбавалі. Нехта здагадаўся са старога клуба даставіць драўляныя крэслы. Гэта на той выпадак, калі праводзіцца сход альбо святочнае мерапрыемства і збіраецца многа людзей. Гутаркі па бяспецы тут праводзяць супрацоўнікі міліцыі і пажарнага нагляду. Ёсць дзе сабрацца, пасядзець у выхадны ці святочны дзень з гарбатай. Для гэтага набылі чайнік.

У двары вакол дома таксама парадак, нядаўна паднавілі калодзеж. А на градзе з боку вуліцы павылазілі шматгадовыя кветкі. Іх даглядаюць гаспадыні з Чамялоў. Пражывае ў вёсцы цяпер 129 чалавек. З усіх сацыяльных устаноў, як было сказана, засталася крама. А цяпер ёсць і гэты дом, які замяніў і клуб, і ФАП. Машына бібліятэкі са сваім перасоўным фондам таксама не мінае гэту ўстанову. Калі праводзілі свята вёскі, то артысты выкарыстоўвалі хату як касцюмерны і грымёрны пакой.

Старшыня Вулькаўскага сельскага Савета Ігар КАРПОВІЧ расказаў, што для вёскі такая ўстанова вельмі патрэбная. Цяпер ужо і ўявіць цяжка, што не было куды зайсці прадстаўнікам любой службы, калі яны наведвалі Чамялы, хіба толькі на вуліцы стаяць. А так і на дзень вёскі, і на інфармацыйны дзень, калі прыязджаюць спецыялісты з раёна, не сорамна сабрацца і пагаварыць з вяскоўцамі. Сюды ж заходзіць і мясцовы фермер Віктар Горбач, калі трэба вырашыць якое пытанне. Вяскоўцы ўдзячныя Віктару Барысавічу за дапамогу ў апрацоўцы прысядзібных участкаў. Калі трэба бульбу пасадзіць і выкапаць, цяпер звяртаюцца да яго.

Старшыня Івацэвіцкага раённага Савета Аляксандр САРОКА падкрэсліў:

— Вельмі важна мець такога лідара ў вёсцы, як Ганна Мікалаеўна Емельяновіч. Яе людзі паважаюць, да яе прыслухоўваюцца. Яна, як бачыце, і сама ўмее вырашаць арганізацыйныя пытанні, здолела знайсці патрэбны дом і дамовіцца з гаспадарамі. Ну і жанчыны ў вёсцы жывуць дружныя, парадак у доме падтрымліваюць, ім не трэба нагадваць альбо кантраляваць. Гэта і ёсць парасткі сапраўднага самакіравання: арганізаваліся і зрабілі добрую справу для сябе, для камфорту ўсёй вёскі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Івацэвіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.