Вы тут

Велікодныя падарункі


Перад Вялікаднем бабуля падарыла мне свой гадзіннік. Дакладней, спачатку папрасіла занесці яго ў майстэрню, наладзіць. А пасля таго, як ён запрацуе, прапанавала забраць сабе. Я напачатку вагалася, ці патрэбна мне старая рэч? Але пасля палюбіла падарунак усёй душой.


Гас­па­дар­ка Ні­ны Кар­пук — гэ­та ку­ры, пеў­нік і кот.

«Вельмі добры ў вас гадзіннічак», — сказала майстрыха ў рамонтнай крамцы з прыязнай усмешкай, — было зразумела, што рэч ёй насамрэч падабаецца. Яна зірнула, колькі часу, перавяла стрэлкі, накруціла механізм — і, вуаля, усё запрацавала. Высветлілася, што паломкі не было — проста спыніўся выдатна наладжаны механізм. «Можа быць, ён пазалочаны», — дадала жанчына за шклом. Праўда, пробу адшукаць нам так і не ўдалося. Канчатковую выснову можа зрабіць толькі ювелір.

Бабуля набыла сабе прыгожы «пазлачаны» гадзіннік шмат гадоў таму. Берагла, захоўвала ў спецыяльным футлярчыку. Думала, будзе насіць пры асаблівых нагодах. Колькі іх было за няпростае жыццё? Мяркую, яна змагла б пералічыць іх па пальцах рук. Складаны быў лёс: увесь час праца — на сябе і на калгас, — а адпачываць проста было не прынята. Хіба што да замужжа вяскоўцы хадзілі на вячоркі. А пасля ўсё — «хамут на шыю адзела» — час ад часу менавіта такі выраз ужывае бабуля.

Гадзіннік сапраўды прыгожы і сёння, ззяе і пераліваецца. Дзівосным чынам ён гарманіруе з іншымі маімі ўпрыгожваннямі. І цяпер ужо не такая істотная яго каштоўнасць. Я адчуваю, што гэта падарунак, зроблены з любоўю. Рэч, купленая калісьці як вельмі жаданая. Бабуля даставала яго, каб паглядзець, ці ў парадку, каб палюбавацца. Верыцца, што часы змяніліся. І адчуваю на сабе нябачнае пасланне-абавязак: знаходзіць час на асаблівыя дні і вечары, быць шчаслівай у кожным моманце, не дазволіць руціне заглынуць яскравасць адчуванняў і ўзнёслыя перажыванні — здаецца, пакуль атрымліваецца. А цяпер яшчэ і гадзіннік дапамагае.

Кожны дзень я атрымліваю асалоду, калі накручваю яго. Ад усведамлення, што гадзіннічак якасны, што падораны менавіта мне, і ад спадзявання, што прапрацуе яшчэ вельмі доўга. А сваімі простымі рухамі я быццам сілкую яго нябачнай энергіяй, ажыўляю на цэлы новы дзень. То чаму б крыху не парадавацца з гэтай нагоды?

Майму стрыечнаму брату Сяргею бабуля падарыла... баян «Эцюд». Таксама стары, савецкі, крыху запылены. Папярэдне клапатліва прасушыла яго на сонцы. Баян насамрэч належаў маёй маме, але яна справу музіцыравання ніколі не любіла (таму ўласных дзяцей у музычныя школы не аддавала). А вось стрыечны брат мае абсалютны музычны слых — ён і ў дзяцінстве свабодна мог і на гітары любую мелодыю падабраць, і клас баяна ў гімназіі-каледжы скончыў. Ужо шмат гадоў не трымаўшы ў руках гэты музычны інструмент, ён літаральна хвілінку пасядзеў, дакранаючыся да клавішаў, нібы зноў знаёмячыся і кажучы ім «прывітанне», а пасля свабодна і лёгка зайграў мелодыю!

Сяргей кажа, што «Эцюды» рабілі надзвычай якаснымі. А яшчэ — што цяпер баяны зноў уваходзяць у моду, апераджаюць гітару, якая ёсць у многіх. Яны лічацца ўжо чымсьці амаль экзатычным, а таму моцна прывабліваюць увагу ў кампаніі. З'явіся з такім на сяброўскай бяседзе — адразу зробішся папулярным.

Добра прыгадваецца кульмінацыя гэтага падарункавага Вялікадня. Што ж уручылі самой бабулі? У яе вачах заблішчэлі слёзы, яна выглядала такой шчасліва-ўзрушанай у той момант, калі ў сені ўвайшоў апошні ўнук і, акрамя жоўтых кветак і пакунка цукерак, уручыў, а дакладней, паставіў на падлогу, скрынку з... трыма жывымі курачкамі! Думаю, не трэба больш падрабязна апісваць эмоцыі прысутных, у тым ліку маленькіх праўнукаў. Такое вось папаўненне гаспадаркі!

Думаю, што ўсе пералічаныя падарункі па праве можна назваць кранальнымі, арыгінальнымі, важнымі. І прыгадваюцца словы: «Ніводзін падарунак не можа быць настолькі маленькім, каб яго не падарыць, калі ён упакаваны ў любоў і клопат».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».