Вы тут

Выратуем арла!


Балотным гаролам называюць жыхары Палесся вялікага арляца (лац. Aquila clanga, рус. большой подорлик). І нездарма. Забалочаныя лясы – асноўныя тэрыторыі, дзе на Беларусі селіцца гэта велічная птушка. Але ў апошні час колькасць вялікага арляца і месцаў яго гнездавання ў краіне скарачаецца.

Вялікі арлец з крыламеткай.

Ад Балтыкі да Ціхага акіяну

Як выбітны прадстаўнік сямейства Шуляковыя, вялікі арлец мае значныя памеры: даўжыня яго цела складае 65-72 см, размах крылаў – 155-182 см. Пры гэтым нават спецыялісты не заўсёды могуць адрозніць яго ад сабрата – малога арляца, падобны ён і да стэпавага арла. Дарослыя птушкі вызначаюцца аднатонна-бурай афарбоўкай, а маладыя – наяўнасцю мноства вялікіх светлых кроплепадобных плямаў зверху крыла.

Дарослы і малады вялікія арляцы.

Вялікі арлец – птушка, рэдкая не толькі для нашай краіны. Па ўсёй тэрыторыі яго арэалу (сярэдніх шырот Еўразіі ад Калінінградскай вобласці Расіі і Усходняй Польшчы да Манчжурыі і ўзбярэжжа Ціхага акіяну) адбываецца скарачэнне колькасці, а ў некаторых краінах ён зусім перастаў сустракацца. У другой палове ХХ– пачатку ХХІ ст. від знік у Славакіі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі, былой Югаславіі, Малдове, Ізраілі, Латвіі. Сёння ён гняздуецца ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Эстоніі. Усяго еўрапейская папуляцыя вялікага арляца налічвае 810-1100 пар, і каля 15% гэтых птушак маюць беларускую “прапіску”.

Бліжэйшая гнездавая групоўка вялікага арляца, па маштабах падобная да беларускай, пражывае сёння на захадзе Уральскага рэгіёна. Там гняздуецца 145-165 пар гэтага віду.

Вялікі арлец уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусі з 1993 года і мае I катэгорыю нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці. Гэты глабальна пагражальны від таксама ўнесены ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды (VU), Дадатак І да Дырэктывы Еўрапейскага саюза па ахове рэдкіх птушак, Дадатак ІІ да Бернскай канвенцыі, Дадатак І/ІІ да Бонскай канвенцыі, Чырвоныя кнігі Расійскай Федэрацыі, Латвіі, Польшчы, Украіны.

– Тыповыя месцапражыванні вялікага арляца ў Беларусі – нізінныя і пераходныя балоты з невялікімі ляснымі астравамі, – расказвае старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі малекулярнай заалогіі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Валерый Дамброўскі. – Такіх прыродных комплексаў у нашай краіне засталося няшмат – у асноўным яны размешчаны на Палессі, напрыклад у заказніках “Альманскія балоты”, “Стары Жадзен”, нацыянальным парку “Прыпяцкі” і ў іншых асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях (ААПТ).

Для пабудовы гнязда вялікі арлец звычайна выбірае забалочаныя дробналісцевыя лясы. Пры гэтым вучоны сцвярджае, што памеры ляснога масіву не маюць вялікага значэння для птушкі пры адсутнасці фактару неспакою. Калі людзі не заходзяць у лес, побач не гудуць трактары ці лесагаспадарчая тэхніка, арлец можа размясціць сваё гняздо і на любым, нават адзіночным і невысокім дрэве. Галоўнае, каб недалёка знаходзіліся забалочаныя паляўнічыя ўгоддзі. Часта ён шукае здабычу і на тэрыторыях, трансфармаваных гаспадарчай дзейнасцю чалавека, – сельскагаспадарчых угоддзях на месцы меліяраваных балотаў, торфараспрацоўках, рыбгасах і інш.

Гняздо вялікага арляца можа размяшчацца і вельмі блізка ад зямлі.

Чым жа любіць ласавацца вялікі арлец? Па папулярнасці на першым месцы ў драпежніка млекакормячыя (галоўным чынам вадзяная і звычайная палёўкі), на другім – птушкі (пастушкі, драчы), затым – беспазваночныя, рэптыліі, амфібіі і рыбы.

– Падчас даследаванняў мы знаходзілі ў гнёздах звычайную палёўку, хвост шчупака, андатру, чайку, маладую лысуху, – кажа Валерый Дамброўскі. – Вялікі арлец адаптаваны да здабычы вагой каля 200 г і больш. Таму калі з-за кліматычных фактараў, асушальнай меліярацыі знікае яго асноўны кармавы аб’ект – вадзяная палёўка, птушцы даводзіцца пераходзіць на больш дробны корм.

Справы сямейныя

Вялікія арляцы – манагамныя птушкі. Палавой сталасці яны дасягаюць ва ўзросце 3-4 гадоў.

На поўдні Беларусі прадстаўнікі гэтага віду з’яўляюцца ў месцах гнездавання звычайна ў І-ІІ дэкадах сакавіка, на поўначы – трошкі пазней. Гнёзды на дрэвах будуюць самі ці займаюць старыя іншых відаў. На адным і тым жа гнездавым участку сямейная пара можа сяліцца на працягу некалькіх гадоў.

У сярэдзіне красавіка-пачатку мая самка адкладвае, як правіла, два яйкі і наседжвае іх 39-44 дні. Але часцей за ўсё з нованароджаных выжывае толькі адзін – з-за выпадкаў канібалізму ў птушанят.

Падлёткі пакідаюць гнёзды ў канцы ліпеня – сярэдзіне жніўня, але яшчэ да паловы верасня трымаюцца на гнездавым участку. Масавы адлёт праходзіць у ІІІ дэкадзе верасня – І дэкадзе кастрычніка.

У вырай!

Яшчэ некалькі гадоў таму вучоныя дакладна не ведалі, як мігрыравалі і дзе праводзілі зіму гэтыя драпежныя птушкі.

– У 2007 годзе Беларусь далучылася да праграмы каляровага мечання арляцоў, – расказвае Валерый Дамброўскі. – Усяго за 11 гадоў каляровымі кольцамі памечаны 116 маладых вялікіх арляцоў і 15 гібрыдаў з малым арляцом, адзначана 11 вяртанняў. У 2010-2011 гадах 19 птушак памецілі крыламеткамі (было два вяртанні). Аказалася, што беларускія драпежнікі звычайна мігрыруюць на паўднёвы ўсход (асноўная колькасць вяртанняў – з Ізраілю), а таксама крыху размяркоўваюцца па Заходняй Еўропе.

У 2017 годзе распачаўся міжнародны праект “Навукова абгрунтаваная ахова глабальна пагражальнага вялікага арляца ў Беларусі”, які фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Эстоніі і рэалізуецца Эстонскім універсітэтам навук аб жыцці пры ўдзеле “Аховы птушак Бацькаўшчыны”, EagleClub (Эстонія) і НАН Беларусі.

Беларускія вялікія арляцы падчас асенняй міграцыі раздзяляюцца: адны зімуюць на Балканах, другія – у Афрыцы.

У ліпені-жніўні 2017 года спадарожнікавымі перадатчыкамі былі памечаны восем дарослых вялікіх арляцоў (5 самцоў і 3 самкі) у розных рэгіёнах Беларускага Палесся. Кожная з птушак атрымала імя: Паляшук, Блонд, Дзяніса, Пярун, Ціхан, Тур, Юзэфіна, Альжуся. Сёння за іх міграцыяй і перамяшчэннямі на зімоўцы можна сачыць на карце ptushki.org/eagle.

Свой шлях у вырай птушкі пачыналі аднолькава, але потым раздзяліліся: частка беларускіх арляцоў накіравалася на Балканы, астатнія ж праз Турцыю і Блізкі Усход паляцелі ў Афрыку. Пры гэтым Міжземнамор’е выбралі для зімовага адпачынку ўсе памечаныя самкі, а большасць самцоў мігрыравала на афрыканскі кантынент.

Вяртацца дадому ў 2018 годзе птушкі пачалі амаль адначасова ў першай палове сакавіка.

Арлец знікае?

Яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў вялікі арлец у Беларусі лічыўся вельмі рэдкім на гнездаванні відам з агульнай колькасцю ў 20-25 пар. Паводле ўлікаў, якія прайшлі ў 2000-2003 гадах, колькасць птушак ацэньвалася ў 150-200 пар, уключаючы змяшаных з малым арляцом. Пры гэтым асноўная частка папуляцыі была сканцэнтравана на захадзе Прыпяцкага Палесся, невялікія ізаляваныя групоўкі захаваліся ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і нацпарку “Белавежская пушча”. Каля паловы беларускай папуляцыі рассялілася па трансфармаваных тэрыторыях (асушаных нізінных балотах, торфараспрацоўках, рыбгасах і г.д.).

– Улікі, праведзеныя ў 2009-2013 гадах, паказалі, што за 10 гадоў колькасць пар, якія гняздуюцца, знізілася на 33% на трансфармаваных гаспадарчай дзейнасцю тэрыторыях, – кажа Валерый Часлававіч. – У натуральных і слабапарушаных месцапражываннях гэты паказчык застаўся на ранейшым узроўні.

Асабліва згубна на папуляцыі вялікага арляца адбіваецца поўнае высяканне астраўных лясоў, размешчаных сярод буйных нізінных балотаў з невысокай лясістасцю.

Сучасная колькасць віду ў Беларусі складае 120-160 пар, уключаючы змяшаныя з малымі арляцамі. Штогод у нашай краіне на свет з’яўляецца не больш за 100 арлянят (поспех гнездавання віду – 60-70%). Вучоныя назіраюць тэндэнцыю зніжэння поспеху размнажэння на натуральных балотах. У некаторыя гады ён складае ўсяго 20-30%. У далейшым без дадатковых мер аховы колькасць вялікіх арляцоў можа зменшыцца.

Маніторынг вялікага арляца ў Беларусі.

Сярод асноўных фактараў пагрозы для віду вучоныя называюць зарастанне кустовай расліннасцю нізінных балотаў; заворванне асушаных балотаў пад прапашныя культуры; асваенне поймаў і закінутых меліярацыйных тэрыторый для рэкрэацыйных мэтаў; амаладжэнне лясоў; тэндэнцыю да перавагі монадамінантных саснякоў у структуры лясоў у выніку штучнага лесааднаўлення; гібель птушак пры суцэльных высечках, а таксама драпежніцтва лясной куніцы.

Сярод прычын, якія негатыўна ўплываюць на папуляцыю вялікага арляца, Валерый Дамброўскі адзначае і фактар неспакою ў гнездавы перыяд. Даследаванні паказалі, што нават аднаразовае наведванне гнездавога ўчастка чалавекам можа прывесці да таго, што пара арляцоў пакіне гняздо і знікне. А гэта значыць, будучае ці ўжо народжанае птушаня ў адсутнасць бацькоў загіне.

Птушаня вялікага арляца.

– Пацвердзілі негатыўны ўплыў фактару неспакою і ўстаноўленыя на некаторых гнёздах фотапасткі, – расказвае вучоны. – Супастаўляючы час адсутнасці дарослых птушак на гняздзе са сваім візітам да іх, мы заўважылі, што пасля нашага наведвання самка вярнулася да птушаняці больш чым праз суткі. На шчасце, усё абышлося. Але калі б той ноччу ў гняздо завітала куніца, лёс маладога арляца быў бы вырашаны.

Каб такога не адбылося, неабходна пазбягаць знаходжання паблізу ад гнязда вялікага арляца. І гэта тычыцца не толькі такой інтэнсіўнай дзейнасці, як лесагаспадарка. Нашкодзіць можа нават экатурыст ці зборшчык ягад і грыбоў. Менавіта таму важна як мага дакладней ведаць, дзе гняздуюцца вялікія арляцы, і ахоўваць гэтыя тэрыторыі ад любога чалавечага ўмяшальніцтва.

Нягледзячы на тое, што значная частка папуляцыі вялікага арляца сёння насяляе заказнікі і іншыя ААПТ, якія ўжо маюць ахоўны статус, гэта, на думку вучоных, аўтаматычна не прыводзіць да забеспячэння аховы пар, якія гняздуюцца. У большасці выпадкаў стварэнне ААПТ не забараняе поўнасцю вядзенне гаспадарчай дзейнасці, што і не дазваляе гаварыць пра знікненне фактару неспакою. Што ж рабіць з той часткай папуляцыі, якая пражывае на тэрыторыях з актыўнай чалавечай дзейнасцю?

“Чыстыя” знікаюць, гібрыды выжываюць

На папуляцыю вялікага арляца негатыўна ўплывае і яго гібрыдызацыя з малым арляцом.

– Інтэнсіўнасць гэтага працэсу рэзка ўзмацнілася ў другой палове ХХ ст. з-за шырокамаштабнай трансфармацыі натуральных месцаў пражывання вялікага арляца, – тлумачыць Валерый Дамброўскі. – Змяшаныя пары часцей сустракаюцца ў трансфармаваных біятопах, чым на буйных натуральных балотах, а значыць, маюць большы шанец на выжыванне.

Асушэнне нізінных балотаў, выраўноўванне і дамбіраванне рачных рэчышчаў, якое праводзілася ў 1960-я-1970-я гады ў еўрапейскай частцы СССР, адкрыла для іншых драпежных відаў, у тым ліку і для малога арляца, тэрыторыі, якія раней займаў толькі вялікі арлец. Гэта таксама паўплывала на працэс гібрыдызацыі відаў.

Навуковец лічыць, што колькасць вялікага арляца і далей будзе скарачацца аж да поўнага знікнення на трансфармаваных тэрыторыях праз замяшчэнне яго гібрыдамі і малым арляцом, што ўжо адбывалася ў Эстоніі, Польшчы і Беларусі.

Меры аховы

– У нашай краіне робіцца ўсё магчымае, каб не парушыць баланс паміж прыродакарыстаннем і захаваннем рэдкіх відаў і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, – адзначае кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь Каранчук.

Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Бернскай канвенцыі аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных асяроддзяў пражывання, а таксама Канвенцыі па захаванні мігрыруючых відаў дзікіх жывёл (Бонскай канвенцыі).

Па словах спецыяліста, у рэспубліцы створана неабходная нарматыўна-прававая база для захавання “чырванакніжных” відаў дзікіх жывёл. Так, напрыклад, Закон “Аб жывёльным свеце” ўстанаўлівае прававыя асновы аховы і ўстойлівага выкарыстання аб’ектаў жывёльнага свету і асяроддзя іх пражывання, у тым ліку і “чырванакніжнікаў”. Пытанні абыходжання з апошнімі рэгулююцца пастановай Савета Міністраў №638 ад 18.05.2009 г., якая вызначае парадак перадачы месцаў пражывання гэтых жывёл пад ахову карыстальнікам зямельных участкаў ці водных аб’ектаў, а таксама парадак і ўмовы выдачы дазволу на іх вынятак з асяроддзя пражывання.

У месцах гнездавання вялікага арляца з 15 сакавіка па 15 верасня нельга ажыццяўляць гаспадарчую дзейнасць, якая прыводзіць да неспакою птушак, разбурэння іх гнёздаў і кладак: паляванне, высечкі і пабочнае карыстанне, прымяненне сродкаў абароны раслін, наведванне людзьмі ў мэтах рэкрэацыі.

У адпаведнасці з Тэхнічным кодэксам устаноўленай практыкі ТКП 17.07-01-2014 (02120) “Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Жывёльны свет. Правілы аховы дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і да месцаў іх пасялення” вызначаецца спецыяльны рэжым аховы і выкарыстання месцаў пражывання “чырванакніжнікаў”.

У 2011 годзе ў Беларусі распрацаваны і рэалізуецца План дзеянняў па захаванні вялікага арляца. Ён прадугледжвае:

● правядзенне праверак месцапражыванняў і кантроль за выкананнем устаноўленых рэжымаў вядзення гаспадаркі ў месцах гнездавання;

● аптымізацыю лесакарыстання і вядзення сельскагаспадарчых работ на ключавых месцах гнездавання віду;

● правядзенне работ па паўторным забалочванні парушаных балотаў;

● распрацоўку і рэалізацыю планаў кіравання для ключавых месцаў гнездавання віду і інш.

– У адпаведнасці з Планам у краіне працягваецца праца па выяўленні і перадачы месцаў пражывання арляца пад ахову землекарыстальнікам, – адзначае Віталь Каранчук. – На сёння выяўлены і перададзены пад ахову 19 такіх аб’ектаў у Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях.

У 2015 годзе “Ахова птушак Бацькаўшчыны” запусціла праект “Выратуй арляня”, мэта якога – спыніць зніжэнне колькасці вялікага арляца ў Беларусі. У межах акцыі, сродкі на якую збіраюцца краўдфандынгам, ладзяцца экспедыцыі па пошуку гнёздаў гэтых птушак, каб потым аддаць гэтыя ўчасткі пад ахову; інспектуюцца вядомыя гнёзды, каб папярэдзіць шкоду для арляцоў ці пакараць парушальніка; збіраецца матэрыял па поспеху размнажэння, а таксама праводзіцца кальцаванне птушанят.

Акрамя месцаў пражывання арляца, узятых пад ахову асобнымі землекарыстальнікамі, яго месцапражыванні знаходзяцца пад аховай ААПТ у адпаведнасці з устаноўленымі асаблівымі рэжымамі аховы і выкарыстання гэтых тэрыторый. Да іх адносяцца Бярэзінскі біясферны запаведнік, нацыянальны парк “Прыпяцкі”, заказнікі “Дзікое”, “Званец”, “Выдрыца” і інш. На ААПТ абмяжоўваецца гаспадарчая дзейнасць ці поўнасцю забараняецца толькі на асобных участках, якія маюць важнае значэнне для захавання біяразнастайнасці.

– Мы павінны разумець, што на ўсёй тэрыторыі Беларусі не можам забараніць гаспадарчую дзейнасць, – гаворыць Віталь Каранчук. – Неабходна праводзіць працу па захаванні месцаў пражывання “чырванакніжных” відаў з улікам эканамічных інтарэсаў дзяржавы. Ад гэтага залежыць, ці будуць у нашай краіны фінансавыя магчымасці для правядзення прыродаахоўных мерапрыемстваў.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Валерыя ДАМБРОЎСКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».