Вы тут

Хто атрымае перавагу пры выдзяленні ўчасткаў?


Пры выдзяленні ўчасткаў перавага — арганізацыям, якія маюць уласныя вытворчыя магутнасці і займаюцца комплекснай забудовай

Як вядома, у сакавіку Прэзідэнт нашай краіны падпісаў Дырэктыву № 8 «Аб прыярытэтных кірунках развіцця будаўнічай галіны». Пастановай Савета Міністраў ад 14 мая гэтага года зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі дырэктывы. Усяго ў яго ўключана больш за 60 мерапрыемстваў. Спецыялісты расказалі пра некаторыя з іх.


Жыллё і сацыялку будуе адзін заказчык

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Адным з асноўных напрамкаў, прапісаных у прынятых зменах, будзе тое, што зямельныя ўчасткі для жыллёвага будаўніцтва зараз будуць выдзяляцца з умовай іх комплекснага развіцця, паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Вольга Верамей.

Акрамя таго, прыярытэт будзе аддавацца тым забудоўшчыкам, якія маюць свае будаўнічыя прадпрыемствы і арганізацыі. У дырэктыве № 8 прадугледжана выдзяленне зямлі для ўзвядзення індывідуальных жылых дамоў з улікам першачарговага будаўніцтва інжынерных сетак і камунікацый да іх.

У развіцці тэрыторый будуць прымяняцца комплексныя рашэнні, а не асваенне ўчасткамі, як было раней. Ужо распрацаваны і знаходзіцца на ўзгадненні праект указа «Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання ў будаўніцтве». Падрыхтаваны і ўзгоднены з зацікаўленымі праект пастановы ўрада аб карэкціроўцы пастановы ад 21 сакавіка 2014 года № 252 «Аб некаторых пытаннях атэстацыі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, кіраўнікоў, спецыялістаў арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне будаўніцтва». Акрамя таго, фарміруюцца базы даных для лічбавай трансфармацыі кіравання жыццёвым цыклам аб'ектаў будаўніцтва.

Усе будаўнічыя матэрыялы — у спецыяльнай базе

У хуткім часе ў нас у краіне сфарміруюць адзіную электронную базу даных будаўнічых матэрыялаў і паўторна ўжываных праектных рашэнняў. Зараз дадзена даручэнне галіновым прадпрыемствам і арганізацыям аб фарміраванні адзінай базы будаўнічых матэрыялаў і вырабаў, дзе як забудоўшчыкі, так і іншыя карыстальнікі змогуць атрымаць патрэбную інфармацыю.

«Мяркуецца, што да канца года яна будзе створана», — адзначыла Вольга Верамей. У ліку мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы № 8 значацца таксама скарачэнне колькасці і тэрмінаў адміністрацыйных працэдур, павышэнне якасці аказання паслуг на ўсіх этапах будаўнічай дзейнасці. Павінна істотна ўзрасці доля айчынных матэрыялаў на рынку і пры рэалізацыі праектаў у краіне. Так, пры будаўніцтве сацыяльных аб'ектаў за бюджэтныя сродкі доля айчынных матэрыялаў павінна быць большай за 80 %. А пры магчымасці даводзіць гэтую долю трэба амаль да 100 %. Ніхто не кажа пра эмбарга замежных тавараў, але міністэрства будзе настойліва рэкамендаваць выкарыстоўваць якасныя і бяспечныя матэрыялы з айчыннай прапіскай нават пры ўмове, што яны будуць абыходзіцца крыху даражэй.

Кіраўнікам будаўнічай галіны трэба будзе скараціць фінансавыя і працоўныя выдаткі пры распрацоўцы праектнай дакументацыі і рэалізацыі прадукцыі, укараняць рэсурсазберагальныя тэхналогіі. Акрамя таго, плануецца ўзмацніць адказнасць будаўнічых арганізацый і ролю тэхнічнага нагляду. «Дырэктыва і меры па яе рэалізацыі забяспечаць неабходную трансфармацыю ўсіх відаў дзейнасці ў будаўнічай галіне», — адзначыла Вольга Верамей.

Усяго год у чарзе

Вольга Верамей расказала аб тым, што ўжо цяпер экспертамі распрацаваны адпаведныя механізмы, паводле якіх шматдзетныя сем'і, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з 2021 года будуць накіроўвацца на будаўніцтва жылля на працягу 12 месяцаў з моманту пастаноўкі на ўлік.

«Мясцовыя органы ўлады выдзелілі дастатковую колькасць зямельных участкаў, якія могуць прапаноўвацца шматдзетным сем'ям. Да 2021 года чарга будзе фарміравацца так, каб на працягу года з моманту пастаноўкі на ўлік шматдзетныя сем'і маглі накіроўвацца на будаўніцтва жылля», — адзначыла спікер. Планы-графікі ўзвядзення жылых дамоў для гэтай катэгорыі чаргавікоў будуць распрацоўвацца і зацвярджацца штогод. Пры фарміраванні жыллёвай праграмы таксама неабходна будзе штогод уводзіць у эксплуатацыю не менш за 135 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля, у тым ліку за кошт бюджэтных сродкаў — не менш за 90 тысяч «квадратаў». Вызначана таксама ўвядзенне ў практыку страхавання прафесійнай адказнасці праектнай арганізацыі за распрацаваную праектную дакументацыю.

Мінску дазволяць больш

Падыходы да накіравання бюджэтных сродкаў на развіццё інфраструктуры гарадоў-спадарожнікаў зменяцца. Па словах Вольгі Верамей, падрыхтаваны праект указа, у якім будзе вызначаны механізм фінансавання інжынерных сетак і камунікацый, аб'ектаў гарантаванага сацыяльнага абслугоўвання гарадоў-спадарожнікаў. Праектам указа Прэзідэнта прадугледжана, што Мінгарвыканкам зможа выдзяляць грошы не толькі на фінансаванне развіцця Смалявіч, але і на развіццё іншых гарадоў-спадарожнікаў.

Першапачаткова асноўная роля ў развіцці такіх населеных пунктаў адводзілася мясцовым уладам, але практыка паказала, што многія моманты ў гэтым пытанні не ўрэгуляваныя. Заканадаўства не дазваляе выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі адных гарадоў на развіццё іншых. Пасля ўнясення змяненняў ва Указ № 214 ад 7 мая 2014 года Мінск зможа ўдзельнічаць у фінансаванні аб'ектаў інжынернай і сацыяльнай інфраструктуры гарадоў-спадарожнікаў. Як паведамлялася, тэма развіцця гарадоў-спадарожнікаў ва ўмовах скарачэння жыллёвага будаўніцтва ў Мінску становіцца ўсё больш актуальнай.

Са слоў Вольгі Верамей вынікае, што пакуль у праект указа закладзены не абавязак, а магчымасць фінансавання будаўніцтва жылля і аб'ектаў сацыяльна гарантаванай і інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Бо такім чынам сталіца зможа, напрыклад, загрузіць свае будаўнічыя прадпрыемствы працай на тэрыторыі спадарожнікаў.

Згодна з генпланам колькасць жыхароў сталіцы не павінна перавышаць 2 мільёны чалавек. Жыллё прапануецца будаваць у першую чаргу ў Рудзенску і Смалявічах, а таксама ў Заслаўі, Фаніпалі, Дзяржынску і Лагойску.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Узводзіць дамы з айчынных матэрыялаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».